|
| |||||
|
![]() | ||||
|
Пра праект Мэдыйны праект «Тузін Гітоў» распачаў сваю працу ў сеціве 12-га кастрычніка 2003 году. Праект прысьвечаны айчыннай музыцы і перадусім мае на мэце прапагандаваць музыку, створаную тут, заахвочваць да праслухоўваньня беларускіх твораў як мага большую колькасьць людзей. «Слушны музычны партал „Тузін Гітоў“», зьяўляецца прыватным некамэрцыйным беларускамоўным сеткавым выданьнем, самастойна вызначае сваю інфармацыйную палітыку, характар і зьмест інфармацыі, рэклямы, аўдыё і відэа-матэрыялаў. на гэтай старонцы: Прынцыпы і правілы гіт-параду Рэдакцыя праекту Рэкляма і прамоцыя на сайце Прэс-кіт (рэлізная інфармацыя, файлы з узорамі лягатыпу) Прынцыпы і правілы гіт-параду У гіт-парад трапляюць творы беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні час. Разьмяшчэньне песьні ўзгадняецца з выканаўцамі (праваўладальнікамі). Музычны кірунак ролі ня грае, мова твору - беларуская, даўжыня ня больш за пяць хвілін. Агулам зьбіраецца 12 песень удзельнікаў туру - г.зв. тузін. На працягу двух тыдняў кожны, хто неабыякава ставіцца да беларускай музыкі, можа засьведчыць сваю цікаўнасьць да адной ці некалькіх песень і прагаласаваць адзін раз на дзень (за адну, дзьве або тры песьні) з аднаго кампутара, а таксама праслухаць любую кампазыцыю з тузіна (мы прапанем па два трэкі да кожнае песьні - «mp3_low» (дэма-вэрсія малога памеру) ці найбольш якасную hi-вэрсію (звычайна 112 Kbs). Па выніках галасаваньня, што доўжыцца два тыдні, вызначаюцца тры пераможцы і тры аўтсайдэры. Апошнія тры песьні пакідаюць тузін (але іх «якасныя» МР3-вэрсіі застаюцца ў архіве). На наступны тур усе галасы абнуляюцца, і ўсё пачынаецца спачатку. 5 простых правілаў, якія мусіць ведаць кожны (умовы ўдзелу ў гіт-парадзе «Тузін Гітоў»): 1. Песьня-ўдзельніца гіт-параду мусіць быць сьпетая па-беларуску. Музычны кірунак ролі ня грае. 2. Песьня трапляе ў гіт-парад толькі са згоды яе аўтара (выканаўцы, выдаўца, праваўладальніка). 3. Песьня мусіць быць прадастаўлена ў добрай якасьці на CD-носьбіце ў фармаце «CD-audio». 4. Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні песьні ў гіт-парад «Тузін Гітоў» арганізатары пакідаюць за сабой. 5. Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў — весьці шчырую барацьбу. Арганізатары гіт-параду пакідаюць за сабой права без папярэдняга ўзгадненьня з кім тое б ні было здымаць «накручаныя» галасы, а таксама папярэджваюць, што акрамя непасрэдна тэхнічнай абароны «залішніх» галасоў у скрыпт-праграме гіт-параду, вядзецца трывалы маніторынг хады галасаваньняў. Рэдакцыя праекту «Тузін Гітоў. Слушны музычны партал»:
Wiecier Mechaniczny.wm (znaczka) fromby (kropka) net Выдавец. Тэх-пляцоўка, зьнешні выгляд, агульная рэдакцыя, прамоцыя, камэрцыйныя пытаньні. Чым займаецца па-за сецівам гэты дзядзька высьветліць атрымоўваецца ня ў кожнага. Вядома, што цікавіцца фатаграфіяй, кліпмэйкерствам, рэжысурай, літаратурай. Сваім найвялікшым зьдзяйсьненьнем лічыць сваю дачку. Дэкляруе, што пасьля выхаду гіт-параду ў якасьці праграмы на радыё, неўзабаве вывядзе «Тузін Гітоў» на тэлевізію, адкрые сваю fm-станцыю і свой рэкардз :) Паліць добры тытунь, ня любіць айчыннага піва, слухае музыку. Плянуе зьняць свой мастацкі фільм.
Сяргей Будкін.sb1 (znaczka) fromby (kropka) net Каардынатар. Аўтар ідэі, каардынатар і рэдактар "ТГ". Нарадзіўся 23.02.1982. Скончыў СШ№145 з музычна-харавым ухілам:). У 2005 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, абараніўшы на «выдатна» дыплёмную працу «Праблемы беларускага шоў-бізнэсу ды іх асьвятленьне ў пэрыёдыцы». У 2005 годзе скончыў Беларусі калегіюм па спэцыяльнасьці «журналістыка». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Друкаваўся з 1999 году ў газэтах «Беларуская маладзёжная», «Згода», «Белорусская деловая газета», «Салідарнасьць», часопісе «Мастацтва» ды іншых. Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу». Дырэктар групы Siver. Суарганізатар акцыі «Рок-рэвалюцыя» з удзелам N.R.M. (Вільня, 16.03.2006). Сябра журы фэстывалю «Рок-Кола», Полацак (2003-2006). Прадусар цырымоніі «Рок-Каранацыя» (2005, 2006). Працуе ў газэце «Наша Ніва» і на «Радыё Рацыя» (Беласток).
RWD.rwd (znaczka) fromby (kropka) net Тэхнічны рэдактар. Разьвіцьцё парталу, праграмінг, адміністраваньне, адмысловыя саб-праекты. Біяграфічныя зьвесткі засакрэчаныя. На ТГ ад пачатку 2005 году. Добра разьбіраецца ў цяжкой айчыннай музыцы, што і засьведчыў будучы запрошаным прадстаўляць ТГ у журы адборачных тураў да «Басовішча» ў 2005, 2006 і 2007 гадах, а таксама ў журы фэста маладой беларускай музыкі «Басовішча 2005» і «Басовішча 2007» (Польшча, Гарадок). Апроч ТГ адмініструе шэраг сайтаў беларускіх музыкаў.
Аляксей Мінчонак.amin (znaczka) fromby (kropka) net PR-мэнэджэр. Музычныя навіны, прамоцыя, сувязі са СМІ. Нарадзіўся ў недалекія 80-я гады ў савецкай Беларусі. За свае кароткія 20 год пасьпеў зьмяніць 3 школкі, скончыць дзіцячую бізнэс-школу, заваліць іспыты ў Вышэйшы каледж сувязі, але потым паступіць у БДУ на філязофскі факультэт, дзе цяпер вучыцца зь вялікім задавальненьнем, плянуючы ў быдучыні стаць стромкім адмыслоўцам у сфэры піяру і рэклямы. Займаецца мэнэджмэнтам «Тузіну Гітоў», працуе на «Радыё Рацыя» і па сумяшчальніцтве - піяр-каардынатар адной прагрэсіўнай менскай рок-каманды. П'е, паліць ды яшчэ і нежанаты. Улюбёная музыка - гучная.
Алена Скарабагатава.prazerpinka (znaczka) tut (kropka) by Аглядальніца. Музычныя навіны, агляды. Цяпер навучаецца на журфаку БДУ з адзіным жаданьнем – як мага хутчэй яго скончыць. Трэці год наведвае заняткі Беларускага Калегіюму. Спрабавала атрымаць музычную адукацыю па клясе скрыпкі, пасьля фано, але спынілася на рашэньні, што лепей стаць уважлівым слухачом, чым лянівым выканаўцам. Перажыла «цяжкае» дзяцінства (Burzum, Pantera, Lacrimosa, Tiamat, Amorphis); юнацтва прайшло ў кампаніі Кабэйна, Янкі, Цоя; цяпер згубілася недзе ў нетрах «low rock», брытанскага рэтра-року, пост-року, нэаклясыкі, інды, псыхадэлу, этна… Улюбёны беларускі гурт – Drum Ecstasy. За сабой заўважае слабасьць да панкаў і глямурных музыкальных часопісаў. Любіць Даўлатава, Вэлера, Чэхава, Булгакава, Пруткова, Кастанэду, Сартра, Караткевіча, Чорнага… Лёгка паддаецца дрэнным уплывам.
Зьміцер Падбярэзскі.padbiarez_rs (znaczka) tut (kropka) by Журналіст, сябра рэдакцыі ТГ. Мае 53 гады. Музыкай пачаў цікавіцца яшчэ за школьным часам. Скончыў бел. аддз. філфаку БДУ. Працаваў на к/студыі «Беларусьфільм», у канцы 1978 году прыйшоў у літдрамрэдакцыю БТ. Быў вядучым музычных праграм на БТ «Сустрэнемся пасьля 11-ці», «Тэледыскатэка» - правёў звыш 200 тэлеэтэраў. Зь першай паловы 70-х друкуецца ў беларускай пэрыёдыцы. Рэдактар аддзела музыкі часопіса «Мастацтва Беларусі» (1982), намесьнік рэдактара часопіса «Мастацтва» (1991-2002). У 80-я гады ачольваў менскі клюб аматараў джазу. Вядучы аўтарскай радыёпраграмы «Музыка тоўстых» на «Беларускай маладзёжнай», затым на радыё 101,2. Адзін з аўтараў «Тлумачальнага слоўніка тэрмінаў папулярнай музыкі». Сябра Саюзу пісьменьнікаў, аўтар дзьвюх кніг прозы. З 2001 году - журналіст беларускай службы радыё «Свабода». Не падабаецца, калі музыкі надта сябе прыўзносяць, калі папса робіць нават фанаграмы фальшывыя, а піва працягвае даражэць і псавацца. Уладальнік хіба другой па велічыні калекцыі піўных коркаў у Беларусі. Падабаюцца піяністы Тэлоніюс Монк і Кіт Джарэт, трубач Чэт Бэйкер і саксафаніст Чарлі Паркер, гурты Led Zeppelin, Moody Blues, Svet Boogie Band, Шадзько зь «Сястрой», «Крама», «Палац», Indiga. Любіць маладых прывабных дзяўчат, якія зьвяртаюцца да яго «дзядзя».
Кася Сарокіна.kasia (znaczka) fromby (kropka) net Карэспандэнтка. Навучэнка аддзяленьня клясычных моваў БДУ і журналістыкі – у Беларускім Калегіюме. Сябра БАЖ. Упрыгожвае сабой склад рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу generation.by. Вакацыі марыла б праводзіць у Старажытнай Грэцыі ці Рыме, каб мець магчымасьць размаўляць з тамтэйшымі на іхняе гаворцы. Любіць якаснае кіно, крэатыўных асоб, Vana Tallinn, філязофскія развагі, Паўночнае мора і ўтульныя кавярні з абжыгаючым глінтвэйнам і любімым чалавекам побач. Часта разважае над сваёй будучыняй – і кожнага разу забывае на тое, што надумала ў мінулым. Падабаюцца творчыя і брутальныя мужчыны. Музыку слухае якасную. Для душы – джаз, рэгі, шансон – у ягоным самым несапсаваным разуменьні, world music ды этна.
Алег Хаменка.palac (znaczka) tut (kropka) by Вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў» на хвалях «Радыё Рацыя» (і радыё «Мінск» да закрыцьця там праграмы). Кампазытар, аранжыроўшчык, паэт, культуроляг. Стваральнік стылю «фольк-мадэрн», у якім цяпер працуюць дзясяткі беларускіх гуртоў. Мастацкі кіраўнік і саліст групы «Палац». Былы тэлевядучы (праграма «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад»). Кажа, што цікавіцца ўсім прыгожым і станоўчым, а таксама надта любіць пагультаіць:)
Марыя Грудзько.hrudzko (znaczka) fromby (kropka) net Аглядальніца. Музычныя навіны, агляды, рэпартажы. Сярод улюбёнасьцяў вылучае (скарочаная вэрсыя): 60-я, 70-я, 80-я, 90-я, 10 гадзін уранку, паэзыя бітнікаў, паэзыя Морысана, сучасная проза, Элюар, Сартр, Картасар, Хармс, белае віно, тэма мастака і мастацтва, Гадар, Таркоўскі, Іасэліяні, Doves, Love, The Tiger Lillies; The Who; The Beatles; Talking Heads, Joy Division, The Stone Roses, The Smiths; The Bravery; Iggy Pop; Tom Waits; The Cure; Can; Nick Cave, David Bowie; Tori Amos; Porcupine Tree, Kent, Beck, The Beta Band, Elbow, Four Tet, Opeth, The Music; нараталёгія, фаталізм, гарбата, вочы!, сьвята жыцьця. А таксама: Гародня, Прага, Менск і галубы на маім бальконе; нечакана дзеля ўсіх губляць прытомнасьць, зьнікаць і сьмяяцца, сьнег і сьвет, алітэрацыя па мяккасьці, вынатужваць зь небыцьця, Каліноўскі, Багдановіч, Караткевіч, Разанаў, ULIS, Крама, Indiga, beZ bileta, Хлебнікаў, Букоўскі, Мільлер, яднаньне, Джойс, Ядвігін Ш.; Кар Вай, Вэндэрз, сямейка Копалаў, Азон, Берталучы; «Джыўз і Вустэр», кацяня Агатка, паветра, расчыненыя акенцы.
Лукаш «Step» Сьцепанюк.zona_by (znaczka) o2 (kropka) pl Карэспандэнт «Тузіна Гітоў» у Польшчы. Музычныя навіны, агляды. Жыве ў Беластоку. Стваральнік і гітарыст групы Viadro (прыз «Басовішча-96»), у 1997-1999 гадах клявішы ў групе «Prajekt 2001», мае сольны праект STEP (удзельнічаў у складанках «Сэрца Эўропы» і «Пасадзіў Dead Рэпку»). Журналіст, працаваў на «Радыё Палёнія», вёў перадачу «Рок-гіт-парад» (www.rokhitparad.staronki.com), музычным аглядальнікам газэты «Ніва». Цяпер працуе на радыё Eska (Беласток). Стваральнік польскамоўнага сайту пра беларускі рок ZONA@ (www.zona.by.prv.pl). Па ўласным прызнаньні яго асабліва цікавяць дзьве рэчы: дзяўчыны (прыгожыя) і музыка (беларускамоўная). Улюбёны гурт - польcкая Republika. Пацыфіст.
Андрэй «Zap» Лазук.zap4ick (znaczka) gmail (kropka) com Агляды, інтэрвію, рэпартажы з канцэртаў. Сплянаваны і выраблены ў часы «Мроі». Вучыўся ў розных вумных школах і адным каледжы, апошні скончыць ня хутка. Сярод улюбёных заняткаў заўважаныя пошукі заняткаў ці шляхоў ад заняткаў ухіліцца. Любіць канцэрты, кнігі, фільмы, асю, усяго паболей, адразу і бяз хлеба. З музыкі слухае амаль усё, што можна слухаць, з асабліва моцных прыхільнасьцяў можна адзначыць японскі рок ды рок іншых добрых краінаў.
SLAP.by_slap (znaczka) me (kropka) by Музычныя навіны. Справаздачы. Рэцэнзіі. Міталягізацыя музыкаў. Нарадзіўся напрыканцы 70-х, з тых часоў перакананы гультаяваты абібок, але апантаны ідэяй сусьветнага панаваньня. Сваёй музычнай дзейнасьцю ў юнацтве разваліў некалькі гуртоў. У музычныя навучальныя ўстановы не патрапіў, таму адзінае што засталося - вывучаць застылую музыку ў БДПА. Вывучыў, адначасова скончыў экспэрымэнтаваць са сьвядомасьцю і асяродзьдзем. Ізноў акунуўся ў жывую музыку, але, гэтым разам вырашыў ня браць удзелу ў гуртах, а падтрымліваць іх дзейнасьць. Ад чаго атрымлівае нерэальную асалоду.
А таксама! Над запускам праекту ў 2003 годзе працавалі: Андрэй Лянкевіч - фота, Дзяніс Якавенка - праграмінг, CodeSweeper - аптымізацыя эскізнай вэб-вэрсіі. Прамоцыя і рэкляма на сайце 1. Агульнае. «Слушны музычны партал „Тузін Гітоў“» (надалей ТГ), зьяўляецца прыватным сеткавым выданьнем, можа аказываць інфармацыйную і рэклямную падтрымку музычным падзеям, праектам, гуртам і асобным выканаўцам. 2. Банэрная рэкляма. 2.1. ТГ гатовы разьмяшчаць на сваіх старонках рэклямныя модулі (банэры) стандартных памераў (120х60, 468х60, 120х300, 120х600 і 250х200), а таксама адмысловых памераў (абумаўліваюцца асобна) у фарматах gif, jpeg, bmp, png, swf і flv (flash video). Рашэньне аб разьмяшчэньні (неразьмяшчэньні) рэклямных модуляў, працягласьці і насычанасьці праграмаў разьмяшчэньня рэклямных модуляў прымаецца Рэдакцыяй парталу. 2.2. Перавагі разьмяшчэнья на ТГ маюць банэры, што датычныя: 2.2.1. Партнэрскіх праграмаў па інфармацыйнай падтрымцы (гл п.4). 2.2.2. Саб-праектаў Fromby.net. 2.2.3. Падзеяў, ініцыяваных ды датычных удзельнікаў гіт-параду на ТГ. 2.2.4. Падзеяў, ініцыяваных ды датычных беларускамоўных выканаўцаў. 2.2.5. Іншых падзеяў беларускага шоў-бізнэсу й культурніцкага жыцьця краіны. 2.3. Вырабам банэраў Рэдакцыя не займаецца. Выраб банэраў магчымы ў асаблівых выпадках асобнымі чальцамі Рэдакцыі. 2.4. У межах праграмаў разьмяшчэньня рэклямных модуляў Рэдакцыя мае магчымасьць па дамоўленасьці прадастаўляць статыстыку па колькасьці й якасьці паказаў модуляў. 2.5. Разьмяшчэньню банэраў на ТГ можа зашкодзіць: 2.5.1. Вялікая «вага» файла банэра. 2.5.2. Выкананьне банэра не на беларускай мове. 2.5.3. Нізкі мастацкі ўзровень. 2.5.4. Наяўнасьць памылак. 2.5.5. Здольнасьць банэра ўвесьці чытача ў зман. 3. Публікацыя прэс-рэлізаў і артыкулаў «няаўтараў» на ТГ. 3.1. Да разьмяшчэньня на ТГ могуць прыймацца матэрыялы, аўтарамі якіх не зьяўляюцца карэспандэнты й аглядальнікі ТГ. 3.2. Прэс-рэлізы й артыкулы «няаўтараў» мусяць адпавядаць наступным патрабаваньням: 3.2.1. Адпавядаць літаратурным і стылёвым нормам належнага ўзроўню журналістыкі. 3.2.2. Быць датычнымі падзеяў беларускага шоў-бізнэсу і культурніцкага жыцьця краіны. 3.2.3. Напісанымі на беларускай мове (перавага надаецца «клясычнаму правапісу»). 4. Партнэрскія праграмы. 4.1. Сеціўнае крос-партнэрства. 4.1.1. ТГ гатовы разглядаць і ажыцьцяўляць узаемакарысныя праекты сеціўнага крос-партнэрства зь іншымі сеціўнымі праектамі і выданьнямі. У пляне рэклямнай палітыкі рэалізацыя такіх праектаў зьяўляецца прыярытэтнай над іншымі рэклямнымі праграмамі. 4.1.2. Умовы крос-партэрства абумаўліваюцца асобна з улікам аўдыторыяў праектаў, колькасьці наведвальнікаў і, уласна, мэтамі крос-партнэрскіх праграмаў. 4.2. Інфармацыйная падтрымка іншых музычных сеціўных праектаў. 4.2.1. ТГ гатовы аказваць падтрымку іншым музычным сеціўным праектам шляхам іх прамоцыі, разьмяшчэньня рэклямных модуляў (гл. п. 2) і спасылак. 4.2.2. Рашэньне аб зьмесьце, памерах і працягласьці «інфармацыйнай падтрымкі» прымаецца Рэдакцыяй парталу. 4.3. Інфармацыйная падтрымка музычных імпрэзаў. 4.3.1. ТГ гатовы аказваць інфармацыную падтрымку музычным імпрэзам празь іх прамоцыю на партале, разьмяшчэньне рэклямных модуляў, тэкставае анансаваньне і постынг у разьдзеле «Афіша». 4.3.2. Інфармацыйная падтрымка аказваецца на ўмовах узаемнага разьмяшчэньня рэклямы ТГ на носьбітах рэклямнай кампаніі імпрэзы, рэклямы ТГ і акрэдытацыі чальцоў рэдакцыі на самой імпрэзе. Дапускаецца разьмяшчэньне рэклямы ТГ толькі зацьверджанага ўзору (зьместу, памераў, колераў, масштабаў). 4.3.3. Рашэньне аб зьмесьце, памерах і працягласьці «інфармацыйнай падтрымкі» прымаецца сумесна бакамі. 4.4. Інфармацыйная падтрымка выданьня аўдыё-відэа-прадуктаў (альбомаў, складанак, самотнікаў, кліпаў, фільмаў). 4.4.1. ТГ гатовы аказваць інфармацыную падтрымку выданьням (уключна і выдаўцам) аўдыё-відэа-прадуктаў празь іх прамоцыю на партале, разьмяшчэньне рэклямных модуляў, тэкставае анансаваньне. 4.4.2. Інфармацыйная падтрымка аказваецца на ўмовах узаемнага разьмяшчэньня рэклямы ТГ на носьбітах рэклямнай кампаніі выданьня, рэклямы ТГ на аздабленьні выданьня й у кантэнце выданьня. Дапускаецца разьмяшчэньне рэклямы ТГ толькі зацьверджанага ўзору (зьместу, памераў, колераў, масштабаў). 4.4.3. Рашэньне аб зьмесьце, памерах і працягласьці «інфармацыйнай падтрымкі» прымаецца сумесна бакамі. Прэс-кіт Апошні прэс-рэліз. «Прэм'ер Тузін-2007» - першы рэліз году! За чатыры гады працы музычнага парталу «Тузін Гітоў» (www.music.fromby.net) на ягоных старонках было прадстаўлена болей за 300 новых беларускіх песень. А калі дадаць сюды блізу 100 рэцэнзіяў на новыя айчынныя плыты, дык атрымаецца ці ня поўны жыцьцяпіс сучаснай айчыннай альтэрнатыўнай музыкі. Сваеасаблівай песеннай справаздачай мінулага 2007 году стала чародная складанка музычнага партала «Прэм'ер Тузін-2007», зьяўленьне якой у продажу чакаецца ўжо пры канцы студзеня. Працягваючы традыцыі папярэдніх «тузіноўскіх» выданьняў, новы «Прэм'ер» мае выйсьці ў падвойным мультымэдыйным фармаце – агулам 42 песьні, што падзеленыя на дзьве сэкцыі ... - спампаваць файл "premjer2007_press.doc" (47 Kb) Нашыя банэры. Мы вітаем усталяваньне на старонках прыватных рэсурсаў нашых банэраў. Прапануем swf-банэр 100*100 (дзякуй, rohach) : Спампаваць банэр (swf-файл - 11.719 б): tuzin_new_100x100.swf Прапануем swf-банэр 468*60 (дзякуй, rohach) : Спампаваць банэр (swf-файл - 12.705 б): tuzin_new_468x60.swf Гузік 88*31: Код: <a href="http://music.fromby.net/" target="_blank" title="music.fromby.net">
<img src="http://music.fromby.net/banners/music_88x31.gif" alt="Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!" width="88" height="31" border="0"></a> Калі Вы ўжо ўсталявалі наш банэр або гузік, калі ласка, не забудзьце паведаміць пра гэта нам. Лёга (толькі !) для карыстаньня ў інтэрнэце. для разьмяшчэньня на старонках з дызайнам сьветлага фону: ![]() - спампаваць файл "tuzin_forlight_250x67.gif" (5 Kb) для разьмяшчэньня на старонках з дызайнам цёмнага фону: ![]() - спампаваць файл "tuzin_fordark_250x67.gif" (5 Kb) Лёга для паліграфіі. - спампаваць файл "tuzin_all_log.cdr" (27 Kb), які ўтрымлівае вектарныя выявы варыянтаў лёга для розных фонаў дызайну - спампаваць праверачны файл перапрагляду "tuzin_all_log_prw.jpg" (65 Kb) - не для выкарыстаньня ў паліграфіі угару - up |
|
|