|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Музычная партызанка»: пра Беларусь, якую зразумець няпроста | 08.01.2008 | Па сканчэньні стужкі «Музычная партызанка» ня ведаеш, што рабіць. Пляскаць у далоні? Ці тое асьвістаць? Уражаньне фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага пакідае дваістае. З аднаго боку героі стужкі кідаюць у вочы праўду, а зь іншага… зноў нас адсылаюць да спрэчкі, узьнятай колісь Ластоўскім. Рэцэнзія Сяргея Будкіна на новы фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага. Гаротны наш край, усё тут ня як у людзей і добра тут жыць толькі неталенавітым і безініцыятыўным. Сытуацыя такая вельмі цікавіць замежных дакумэнталістаў.Дэмбіньскі ўжо зьняў адну стужку пра Беларусь – «Урок беларускай мовы» яна звалася і была прысьвечаная самаахвярнай моладзі. Там было больш-менш усё ясна. Чаму і каму прысьвечаная «Партызанка» і дзеля чаго зьнятая, зразумела менш. Калі гэта фільм пра музычны супраціў ды пра сытуацыю на беларускай рок-сцэне, то зусім незразумела, чаму Лукашэнка ў спартовых нагавіцах і бязь іх (у пагонах) зьяўляецца ў кадры часьцей за Вольскага. Куды цікавей было бы зазірнуць у адну зь менскіх камуналак, дзе жыве адзін з удзельнікаў культавай беларускай рок-каманды. Або пацікавіцца незайздросным лёсам тых, хто стаяў ля вытокаў нашага незалежнага року. Або з схаванай камэрай схадзіць ва ўпраўленьне культуры з арганізатарам рок-канцэрту. Калі гэта фільм пра супраціў маладых беларусаў, то чаму ў кадры ані маладафронтаўца, а толькі чуюцца жарцікі і кпіны Лявона і Піта пра мора, пальмы і электрычнае сонца. Няўжо маладыя беларусы толькі і робяць, што бегаюць уначы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па праезжай частцы ды расьпяваюць «Я нарадзіўся тут» у грамадзкіх месцах? Пры ўсёй павазе да Сьветы Сугакі, былой вакалісткі «Тарпача» – аніяк яна ня цягне на лідэра маладога пакаленьня. А нараканьні на злачынны рэжым падаюцца тут (тут!) ня больш, чым звычайным узроставым максымалізмам. Можа падацца, што маладому рок-сьпеваку так хочацца адчуць сябе забароненым, што пры канцы ён сам пачынае даваць веры ў тое, што ўладам не да спадобы яго творчасьць. Вядома ж, што беларускамоўныя рок-музыкі ніколі не атрымаюць лукашэнкаўскі грант на падтрымку, але на тое яны і РОК-музыкі, каб знаходзіцца ў андэграўндзе. А таму прэтэнзіі, што даводзіцца будаваць з падручных сродкаў сцэну ў дыска-клюбе аніяк ня вяжуцца са зьбіцьцём мірных дэманстрантаў. Калі ж гэтая стужка пра сучасную Беларусь, то чаму наша краіна падаецца тут такой убогай і прыгнечанай – адно толькі калгасьнікі ў нас, што цягнуць дамоў з працы шыфэр, пашарпаныя бочкі з квасам, спэцназаўцы, што галавой разьбіваюць цэглы ды саўковыя клюбы, дзе танчаць пад «Руки вверх». Дык а чым тады ганарыцца? Хіба толькі імпэтам маладых? А чаму так сталася? І дзе выйсьце? Стужка не дае адказаў на гэтыя пытаньні. І ўрэшце, калі гэта фільм-замалёўка, фільм-нарыс, фільм-рэпартаж, то чаго ён такі даўгі (амаль на гадзіну). Чыста рэжысэрская прыдумка – гурты «Тарпач» і «Сьцяна» спачатку без праблемаў граюць у Варшаве, а потым едуць у тур па Беларусі і сутыкаюцца з рознымі цяжкасьцямі – яна даволі прыцягальная. Але рэжысэр намагаецца ахапіць як мага болей, а тое ў яго выходзіць куды горш, чым у Хашчавацкага. Таму фільм пераўтвараецца ў чарговую баявую тэлеўлётку. Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў», для nn.by Фота: Lubomir Kotek угару - up |
|
|