|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
beZ bileta. Пра самае нясумнае на сьвеце | 09.01.2008 | Мацей Дымка пра DVD гурта beZ bileta, пасталеўшых прыхільнікаў альбома «На неба» і новых заўзятараў творчасьці зоркі (?) беларускіх экранаў, а таксама пра вобраз музыкаў, які ствараюць кліпмэйкеры: «Ці можна назваць адпаведным рэчаіснасьці той візуальны вобраз Вольскага і Кульлінковіча, што зрабіў сваімі кліпамі Вечар? Мяркуючы зь нядаўніх выказваньнях наконт гэтых музыкаў, шмат для каго іх сапраўдны ўнутраны сьвет заставаўся поўнай таямніцай». Трымаць DVD гурта beZ bileta з усімі кліпамі ды канцэртам «Кіназдымкі» ўдвая дзіўна, бо найперш варта зьдзіўленьню, што далёка ня самы знакаміты беларускі гурт без асаблівага напружаньня «напрацаваў» матэрыялу на цэлы DVD, а па-другое, што гаворка ідзе пра тое самае beZ bileta, якім яно было калісь…Пачаць усё ж варта з канца? Не скажу «мы зьявіліся разам з гэтым гуртом», але пашчасьціла бачыць і адны зь першых выступленьняў у бэмэашных тусоўках (у парку Чалюскінцаў, дзе пасьля канцэрту нас чакалі п'яныя, злобныя гопнікі), і першы сольны канцэрт у Тэатры беларускай драматургіі. Мы спрачаліся на парах, як трэба пісаць «без білета» ці «безь білета», а першы альбом мо і не перавярнуў сьвядомасьць, але дагэтуль грабіцца на комп, пасьля сьмерці кожнага чарговага веніка, дый паветраны зьмей таксама зрабіўся пэўным культам. Першыя кліпы beZ bileta глядзеліся яшчэ на відэамагнітафонах (у тыя блаславёныя часы яшчэ не існавала «Першага музычнага», а лягатып МTV можна было пабачыць толькі на зборках кліпаў на тых жа касэтах), і я добра памятаю, як пасьля прагляду вось гэтага кружэньня на машыне па круглай плошчы, што называецца кліпам на песьню «Намалёвана», я і мае сябры па сайце «Сузорац» раптам спынілі спрэчкі пра тое, чаму беларускія кліпы поўнае лайно, і пачалі спрачацца, чаму нам гэты кліп поўным лайном не здаецца. Адметнасьць кліпаў beZ bileta ад усяго астатняга, што было візуальным складнікам нашай музычнай культуры, была зразумелай, але і сёньня цяжка назваць у чым яе сутнасьць. Наяўнасьць беларускай музыкі на тэлеку доўгі час была ўсьвядомленай неабходнасьцю, але гэтыя відэа рэдка станавіліся сапраўднымі праявамі нашага музычнага падсьвядомага. Добры прыклад - кліп на песьню «Паляўнічы і сайгак», які прызнаваўся «лепшым музычным відэа» на адной з «Рок-каранацыяў». Я не хачу сказаць, што гэта кліп кепскі, ён такі ж, як і астатнія відэа спадара Вечара (таму ён і абраны ў прыклады). Гэнае відэа не зрабілася нічым больш, апроч калькай з «Шалёных cабакаў», нічога не зьмяніла, ні на што не паўплывала, бо ад пачатку тое не ўкладывалася ў ягоную функцыю (Якую? Напэўна «засьвяціць» перад большай аўдыторыяй візуальны вобраз альтэрнатыўнай музыкі…). І вось гэтага кліпа сёньня нібыта й няма, а ёсьць «Госьці», «З Новым годам, родны край!» і яшчэ тузін падобных адзін на аднаго паўмульцяшных, праз каторы час нават сумных музычных ролікаў… У нейкі момант beZ bileta не пачалі рабіць кліпаў, каб рэклямаваць сябе. Таму візуальны вобраз гурта, за які прынялася рэжысэр Таня Кушнер, стаў такім жа самабытным, як і пастаянна зьменлівы саўнд. Галоўным унутраным трэндам і тут зрабіўся творчы пошук саміх сябе. Гэта гучыць даволі банальна, але зрэшты ці можна назваць адпаведным рэчаіснасьці той візуальны вобраз Вольскага і Кульлінковіча, што зрабіў сваімі кліпамі Вечар? Мяркуючы зь нядаўніх выказваньнях наконт гэтых музыкаў, шмат для каго іх сапраўдны ўнутраны сьвет заставаўся поўнай таямніцай. Што тычыцца beZ bileta, тэлевізійнаму фармату з усіх першых шасьці іх кліпаў больш-менш адпавядалі толькі два («Лодачкі» ды «Ішла далей»), а ўсё астатняе што? Шчырыя спробы самаідэнтыфікацыі… Спробамі знайсьці сябе ў відарысе тэлекамеры ў выніку і адрозьніваліся кліпы беZбілетнікаў ад усёй астатняй відэапрадукцыі беларускай музыкі. Невыпадкова менавіта тады і адбылася першая спроба рэлізу відэазборкі гурта, які, здаецца, называўся «відэа-максі-сінглам-лодачкі». Пасьля прагляду DVD «Пра самае нясумнае на сьвеце» варта канстатаваць, што ўжо нават з тых часоў візуальная канцэпцыя гурта зьмянілася. Зрэшты, як бы тое мне ні было непрыемна, але гурт beZ bileta ўвогуле нельга ўспрымаць як нейкую канстанту. Я раз-пораз сачу за зьменамі аранжыровак сваёй некалі самай любімай «задуменнай» песьні «Намалёвана», і ня веру, што пад той жа назвай тая самая песьня гучыць… Яна, засталася такой жа задуменнай па зьмесьце, па сваёй форме, як і ўвесь музычна-візуальны шэраг гурта, але зрабілася больш агрэсіўна-вясёлай. Як аранжыроўкі зрабіліся больш плястычнымі (калі не сказаць «плястыкавымі»), так і электронная графіка раптам стала нейкай зробленай (кліп «Ніколі не памірай»), ня толькі тэкстаў у гурта стала больш (раней хапала проста папрыгаць пад зажыгальны радок «Мая краіна Беларусь!», зараз «Good.bye» ці «Песенька Артыста» гэта перш за ўсё масівы прадуманых, «зробленых» тэкстаў), але і ў кліпах большы націск не на кампазыцыю сюжэта, не на мантаж, не на «прыёмчыкі», а на характарнасьць пэрсанажаў, будзь то шматлікія прыхільнікі гурта, якіх мы разглядаем буйным плянам у «Месцы для цябе», ці то самі ўдзельнікі гурта (у мяне заўсёды былі прэтэнзіі да арганікі існаваньня Віталіка Артыста ў кадры і на сцэне, але кліп «Песенка Артыста» сьведчыць, што ён разьвіваецца ў гэтым кірунку). Нават гэтая ўскользь дадзеная характарыстыка творчасьці beZ bileta на гэты момант - умоўная. Гурт перажывае росквіт, ён нажыў сабе дужа шмат прыхільнікаў, якім можа нічога не сказаць словаспалучэньне «Песьні палярных лётчыкаў», але якія зь лёгкасьцю разьбіраюць, што ж там пяецца ў прыпеве «Good.bye»… Мне падаецца, што ў гэтай музыцы пры жаданьні можна знайсьці больш характэрных рысаў нашай сёньняшняй моладзі, чым у шматлікіх сацыялягічных дасьледаваньнях, бо роўна як мы ёсьць тое, што мы ямо, мы таксама ёсьць тое, што мы любім слухаць і глядзець. Канцэртная частка DVD (канцэрт «Кіназдымкі» ў «Рэактары») апроч таго, што зьяўляецца найлепшым палявым дасьледаваньнем для падобных вывучэньняў падрослага пакаленьня «бZб», хіба пацьвярджае думку, што нашы рок-канцэрты эвалюцыянавалі з кватэрнікаў, што ім можа яшчэ толькі наканавана калісьці пераўтварыцца ў неверагодныя па сваім візуальным рашэньні шоў. Сцэнічная энэргетыка «Бітлз» паўстала ня ў студыі, а ў клюбах Гамбурга і Лівэрпуля. Таму цёплая сяброўская атмасфэра беZбілетнага канцэрту хутчэй наводзіць на думкі пра сямейны фотаальбом, чым прымушае асабіста мяне кусаць кулакі, маўляў, як я такое мог прапусьціць. Можа, гэта таму, што, мушу прызнацца, што мне ня вельмі да спадобы чарговая стылёвая рэінкарнацыя гурта. Аднак з гэнай прычыны я ня буду выдаляць mp3 beZ bileta з свайго веніка, а проста пачакаю наступнага альбома, зь якім, як мае быць, усё ізноў зьменіцца. Мацей Дымка, для ТГ угару - up |
|
|