|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Новая песьня ад «Джамбібум»: «Хутчэй бы вясна!» | 22.01.2008 | У новым туры гіт-параду «Тузіна» стартуе новая кампазыцыя гурта «Джамбібум» «Жавароначкі». «Жавароначкі» – песьня з старажытнага паганскага абраду загуканьня вясны. Але і зараз нас раптам ахінае тое самае жаданьне: «Хутчэй бы вясна!». Гурт ужо рыхтуе і аднайменны альбом, і цікавую імпрэзу з гэтае нагоды. Песьня «Жавароначкі, прыляціце» – гэта «хрэстаматыйны» твор, які ведаюць усе, хто хоць трошкі мае дачыненьне да фальклёрнай музыкі. Яе праходзяць у курсе народнай творчасьці ў музычных вучэльнях, рэдка які дзіцячы фальклёрны калектыў ня мае яе ў сваім рэпэртуары… Менавіта таму мы таксама абралі яе для сябе, бо астатнім часам мы захапляемся remake'амі розных фальклёрных «гітоў», асабліва тых, што ўсталяваліся ў сьвядомасьці як «калхозныя», кшталту «Шэрай лашадачкі» – да якой мы, дарэчы, яшчэ не дабраліся. Але ўжо маем досьвед, як зь беспантовага «умца-умца» робіцца файны рэгі, ска і нават фанк.«Жавароначкі» – песьня з старажытнага паганскага абраду загуканьня вясны. Абрад гэты і песьні, звязаныя зь ім, вельмі фасцынуюць мяне асабіста: я адчуваю проста шалёную энэргетыку ад гэтых заклікаў на ўвесь голас (вясьнянкі традыцыйна выконваюцца на сьвежым паветры і сьпяваюць іх як мага грамчэй, каб вясна пачула і хутчэй прыйшла), ад усепаглынаючага жаданьня цяпла і сонца (бо раней толькі наступленьне вясны ратавала ад голаду, калi заканчваліся зімовыя запасы). Але і зараз, калі мы ў самую лютую зіму знойдзем сабе цёплы куток і з голаду не памрэм, нас раптам ахінае тое самае жаданьне: «Хутчэй бы вясна!» Нашыя продкі верылі, што птушкі, якія вяртаюцца з выраю, нясуць на крылах вясну. Таму клікалі жавароначкаў, рабілі рытуальнае печыва ў форме трохкутніка, якое падчас сьпеву раскідвалі ў розныя бакі, каб прывабіць птушак, гралі на гліняных сьвістульках, імітуючы птушыны клёкат – карацей, не сядзелі на месцы, а вельмі актыўна займаліся ўсёй гэтай земляробчай магіяй. Мы таксама напрыканцы зімы, калі ўжо пачынаюць мроіцца дзьмухаўцы ды маладое лісьцейка, чацьверты год запар знаходзім сабе які-небудзь маляўнічы ўзгорак, каб пагукаць вясну. Дык вось менавіта для гэтай падзеі нам спатрэбіліся «Жавароначкі», якіх разам зь іншымі вясьнянкамі акрамя джамбібумаўскіх удзельнікаў, навучыліся спяваць і нашыя сябры, каб гуканьне не пераўтваралася ў канцэрт «Джамбібума» на прыродзе, бо ў такой справе голас ды імпэт кожнага вельмі важныя. І зараз аддаем гэтую песеньку на «Тузін», каб усе мелі час падрыхтавацца і вывучыць словы, бо гэтую вясну «Джамбібум» будзе гукаць зусім ужо бяз жартачак - акрамя печыва, сьвістулек ды папяровых птушак мы рыхтуем наш новы альбом і вялікую імпрэзу. Джамбібум - Жавароначкі (музыка - Джамбібум, словы народныя). Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы. Настасься Хмель, для ТГ угару - up |
|
|