.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Андрэй Плясанаў: «Мне падаецца, што ТГ хоча зьнішчыць беларускую музыку»
| 23.01.2008 |

Музыка Андрэй Плясанаў адказвае на рэдакцыйны артыкул «Слова пра P.L.A.N.», прысьвечаны гэтай камандзе. ТГ друкуе гэты ліст без скаротаў зь невялікімі стылістычнымі праўкамі, хоць напісаны ён на мяжы фолу. Пазыцыя рэдакцыі што да некаторых выказваньняў знанага музыкі пры гэтым застаецца ранейшай: ніхто ня мае права без увагі на ўзрост дазваляць сабе абразы ў адрас іншых. Але пра грунтоўнасьць ды выхаванасьць нашага шаноўнага апанэнта – меркаваць чытачам.

Андрэй ПлясанаўТак склалася, што ў Беларусі апынулася надта мала крыніцаў існаваньня рэальна беларускага шоў-бізнэсу. Такога, каб не спатрэбілася «сличать паспорта» пры выпадку: у газэтах існуюць нейкія галосныя і негалосныя «чорныя сьпісы», на радыё нейкія своеасаблівыя «нефарматы», куды трапляе акурат беларуская мова, а тэлебачаньне ўвогуле апынулася для многіх завоблачнай марай. У такім кантэксьце зусім пэўна вызначаецца роля праекту «Тузін Гітоў», зь якім я нібыта апынуўся ў рангу канфрантацыі. Але ці я насамрэч вораг менавіта «Тузіну»? Наўрад. Хіба што я ніколі не змагу прыняць нармальным жаданьне некаторых маладых ягоных супрацоўнікаў, груба кажучы, «навучыць мамку сікаць у ямку». Ёсьць усё ж пэўная субардынацыя ў адносінах пакаленьняў.

Думаю кожны пагодзіцца, што ня надта цікава на экране ТВ глядзець на імпатэнта альбо нявопытнае хлапчаня, якія спрабуюць навучыць сапраўдных мужыкоў, што рабіць з жанчынай. Бо з-за сваёй асаблівасьці нехта зь іх проста ненавідзіць жанчын, але па доўгу «службы» вымушаны глядзець на іх і «изливать тоску на весь народ», а ў другога не стае досьведу.

Вось і я нярэдка дзіўлюся, колькі «тоски» пра ўсю беларускую музыку на вашым музычным сайце. Ці не замнога? Ці не замала радасьці? Вы часам ненавідзіце нават за тое, што нехта здольны любіць. Вось цытата: «Андрэя Плясанава можна паважаць хоць бы за ягоны гарт ды імпэт, які з набліжэньнем да адзнакі ў 60 год ня толькі не згасае, але ўзмацняецца…» (С. Будкін)

Нібыта, нешта станоўчае адшукалі ўва мне, а чаму ж далей няма радасьці? Але Бог нам наканаваў любіць. І МАЦІ. І ЖАНЧЫНУ. І РАДЗІМУ. А я б дадаў і музыку, якою вы вырашылі займацца. Дзіўна, што ў вас, маладых гэтага менш за мяне 60-гадовага.

Вы спачатку зрабілі ўсё, каб ад вас сыйшоў са скандалам паважаны ўсімі, легендарны музыка В. Корань. Вы ўсяляк «выхолащивали» ня менш па-сапраўднаму знакамітага і легендарнага музычнага журналіста В. Мартыненку і зрабілі ўсё каб ён не прысутнічаў усюды на музычнай прасторы Беларусі, дзе здолелі акупаваць вы (ваш Тузін, Рок-каранацыя, Рок-Кола, Басовішча, Радыё «Рацыя»). Вы зрабілі ўсё гэтак, што ад вас сыйшоў нават цалкам не ваяўнічы, але мудры філёзаф ды ініцыятыўны музычны аналітык А. Мяльгуй. Вы, прабачце, самі прыпадабняеце сябе Мосьцы, якая аббрэхвае аж статак сланоў.

Я нярэдка задумваўся, адкуль вы ўзяліся такія, і ня мог знайсьці простага адказу, але з абранай вамі тактыкай павучэньня і зьнявагі старэйшых вядома, куды вы трапіце (чытай БІБЛІЮ).

Цяжка да таго ж не заўважыць, што вы зьневажаеце менавіта самых таленавітых, якім найбольш будзе ўдзячнай наша Радзіма, і таму мне нават у пэўны момант, дзякуючы такой «аналітыцы», асабліва прыемна апынуцца, нарэшце, сярод іх - вашых апанэнтаў.

Я жыву ў сваёй краіне, я тут нарадзіўся, і я буду жыць тут, але як кожны нармальны ЧАЛАВЕК я буду не маўчаць, а менавіта выступаць. Дзе? І на БНФе, і на БТ, бо я насамрэч беспартыйны, хоць і маю пэўныя погляды на жыцьцё. Але вам чамусьці здаецца, што гэта немагчыма. Нібыта трэба выбраць нешта адно? Дык мо таксама сустрэчныя «чорныя сьпісы» будзеце ствараць? Але ж вы пішаце: «Падаецца, што P.L.A.N. сьвядома пнецца ў лік забароненых (ня будзем тут згадваць імкненьні Андрэя трапіць на складанку „Бумэранг“ - ?!! – заўвага А.П.), але пры гэтым марыць (і часта дасягае таго) пра этэры на дзяржаўных тэле- і радыёканалах».

Так! Так! І яшчэ раз так! Бо, паўтаруся, я жыву ў краіне Беларусь, а не ў БНФ ці БТ. А наконт складанак, дык P.L.A.N. на сёньня зафіксаваны ў 12 складанках. Вы ж ня будзеце высьвятляць партыйную прыналежнасьць кожнай зь іх, як рэдактары пэўных газэт. Лепш запытайце ў Мартыненкі, які табе раскажа, што тая ж самая «редакторша» зьняла па той жа прычыне раней рэцэнзыю на дыск да 125-годзьдзя Янкі Купалы. Але ж ці стане горшым Купала, калі яго выдае БНФ?

А яшчэ, Сяржук, кажу табе як дасьведчаны чалавек: журналіст, які перакручвае факты, ніколі не набудзе аўтарытэту. Вось, напрыклад, ты пішаш: «Андрэю паведаміў нам прыкрасьць пра „Пераходны ўзрост“ якраз у дзень, калі звольнілі Праляскоўскага. Даведаўшыся гэта ад нас, музыка на наступны дзень дае інтэрвію радыё Свабода».

Дык вось рэальна было так: я тэлефанаваў табе ў чацьвер раніцою. Ты сказаў, што будзем гэта абмяркоўваць у суботу. Я ня стаў чакаць, таму адразу зьвязаўся з Свабодай і даў інтэрвію. У той час ні яны, ні я ня ведалі, што празь некалькі гадзінаў здымуць Праляскоўскага. Калі гэта ведаў тады толькі ты, дык магу пагадзіцца, што «твоя служба и опасна и трудна».

Разумееш, дарагі мой Сяргею, ты яшчэ не нарадзіўся, а я ўжо быў шматкротным чэмпіёнам Беларусі ды прызэрам СССР па аўтамадэлізму. Ты яшчэ не нарадзіўся, а мой гурт стаў прызэрам першага Біг-Біт-фэсту ў 1968 годзе. Ты яшчэ не нарадзіўся, а я ўжо быў дыплямантам конкурсаў студэнцкай песьні, сьпяваючы па-беларуску ўжо тады. Ты яшчэ рабіў сюсю ў штаны (а мо яшчэ і не нарадзіўся), а я мог падчас выступу «Бонды» ў Акадэміі Мастацтваў выйсьці на сцэну, узяць бас-гітару ў Краўчанкі ды граць рок-н-рол дваццаць хвілінаў, пасьля чаго ў залі (даруйце за хуліганства) ламалі практычна палову крэслаў, бо ўскоквалі на іх, прыгаючы ў экстазе. Ты яшчэ выводзіў каракулі ў сшытку, а я аб'езьдзіў шмат краінаў са сваімі выставамі як мастак, а на Радзіме рабіў самыя лепшыя і скандальныя выставы суполкі «Форма», у якой быў адным зь лідэраў. Гэта можна б было працягваць яшчэ доўга, але ці ёсьць сэнс.

Вось ты пішаш: «…асноўная частка вашых песень сапраўды аніяк ня можа прагучаць у радыёэтэры чыста з тэхнічных прычынаў; …ваш альбом зусім не трапляе ў лік лепшых зноў жа з прычынаў не належнага ўзроўню матэрыялу і малога попыту на яго…» І вось табе лепшы доказ тваёй журналісцкай хлусьні: апошнія гады я жыву акурат на сродкі, пералічаныя РУПІСам за мае песьні, якія гучаць па радыё, на канцэртах і прадаюцца ў крамах.

Так што не, Сяржук! Толькі па прычыне тваёй і тваіх сяброў няздольнасьці асэнсаваць вартасьці той музыкі, якая не падабаецца асабіста вам з пэўных прычынаў.

Робячы такую патрэбную беларускай музыцы справу, мне здаецца часам, што вы прыйшлі туды не зь любові да яе, а толькі дзеля таго, каб зьнішчыць у ёй саму музыку, знаходзячы для гэтага любыя падставы. А наконт не належнага ўзроўню матэрыялу – я акурат ганаруся тым, что вы так і не дацанілі. Сваімі песьнямі на вершы майго сябра В. Мартыненкі, якога вы ненавідзіце мо і боль за мяне: «Цені гісторыі», «Даміно», «Новыя словы», «Успамін пра будучыню», «Вялікае калі ласка», «Шэра-ружовыя сны», «Калядны рок-н-рол», «Купальскі рок-н-рол» і іншыя. А ягоныя пераклады, на мой погляд, часам бываюць лепшымі за арыгіналы. У тым ліку і мае.

Яшчэ адна твая «аналітычная» цытата: «…Ягоны праект, па шчырасьці, аніяк не трапляе ў катэгорыю легендаў беларускага року (?!! – заўвага А.П.), але і ў адборачным туры на „Басовішча“ гэтыя сталыя дзядзькі зусім не глядзяцца». Дык чаму ты, аналітык, ня робіш цьвярозых высноваў з такіх адкрыцьцяў. Мы не трапляем у прыдуманыя вамі катэгорыі - дык гэта праблема няслушна выдуманых катэгорыяў. Мы ня глядзімся ў адборачным туры «Басовішча», дык мо добра глядзеліся б у якасьці ганаровых гасьцей? Бо P.L.A.N., маючы за сьпіной 5 беларускіх альбомаў, - гэта прафэсійныя музыкі, большасьць зь якіх мае вышэйшую музычную адукацыю і больш за 30 гадоў працавалі ў выдатных калектывах, захаваўшы пры тым вернасьць рок-н-ролу і блюзу.

Такім чынам вернемся да нашых баранаў. Мяне ў гэтай сітуацыі радуе адно тое, што ў свой час праз такое ваяўнічае непрыяцьце самазваных адмыслоўцаў–ацэншчыкаў прыйшоў нават такі волат беларускага духу як, Максім Багдановіч. Дык што ўжо мне крыўдзіцца. Будзем жыць і змагацца!

Андрэй Плясанаў,
рэжысэр, музыка, мастак, калекцыянэр,
адмыслова для ТГ.

Фота: Андрэй Плясанаў


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net