.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Зьміцер Падбярэзскі: Мэтады і мэтодыка Рок-Каранацыі
| 25.01.2008 |

Колькі існуе цырымонія «Рок-Каранацыя», столькі і спрэчак вакол яе. Дакладней, адносна прынцыпаў адбору кандыдатаў на перамогу ў тых ці іншых намінацыях. Асабліва абвастрылася сытуацыя пасьля адраджэньня цырымоніі пару гадоў таму. Дайшло да таго, што некаторыя сталыя ўдзельнікі журы сёлета адмовіліся вызначаць лепшых. Паспрабую прааналізаваць, чаму гэтак здарылася.

Рок-каранацыя 2005Першыя «Каранацыі» адбываліся ва ўмовах, калі выданьне новага альбома само па сабе было ўжо падзеяй. Рэальнай канкурэнцыі на музычным рынку Беларусі амаль не назіралася, а таму і праблемаў вызначэньня, хто лепшы, — таксама. У такой сытуацыі самі арганізатары імпрэзы і выступалі ў якасьці «журы» — вельмі ўмоўнага і, безумоўна, суб'ектыўнага, пакідаючы прэсе і гледачам адзіную магчымасьць, а менавіта: камэнтаваць тое, што яны вырашылі.

Цяпер час іншы. І прынцып адбору прэтэндэнтаў выглядае цалкам слушным: маеш выдадзены цягам году альбом — можаш прэтэндаваць на перамогу. Цягам мінулага году ў краіне было выдадзена (разам са зборнікамі) па меншай меры звыш 60 альбомаў. Зразумела, што ў такіх умовах ускладаць заданьне на «плечы» 2-3 чалавек было б неразумна: іх суб'ектыўныя густы аніяк ня здольныя ахапіць усю палітру сучаснай музычнай сцэны. З гэтай мэтай і было складзена журы, якое цяпер налічвае звыш 15 чалавек. Можна было падумаць, што такі склад журы здольны апанаваць заданьне, і сярод прэтэндэнтаў насамрэч знойдуцца самыя вартыя на перамогу. Аднак…

Крыху адхілюся ад тэмы. Сама назва цырымоніі «Рок-Каранацыя» даўно ўжо зрабілася дастаткова сымбалічнай. Гэта хутчэй ужо гандлёвая марка, дзякуючы якой практычна ўсе адразу разумеюць, што гэта такое і як мусіць адбывацца. Таму ня згодны з тымі, хто раіць зьмяніць назву цырымоніі. Гэта ж не праспэкты пераймяноўваць. Да таго ж, назва вымагае і зьмены зьместу, сутнасьці. А якія могуць быць зьмены? Хто скажа? Думаю, ніхто. Бо ўрэшце рэшт мы так ці інакш прыйдзем да таго ж самага зьместу. Ці ў Беларусі маецца (апрача папсы, зразумела) нейкая іншая музыка?

Таму калі ўжо нешта і мяняць, дык мэтодыку адбору прэтэндэнтаў. Спашлюся на вопыт правядзеньня цырымоніі «Оскар» (за дакладнасьць не ручаюся, бо гэта — толькі пераказ пачутага ад аднаго абазнанага чалавека). Дык вось. Цяжка ўявіць, каб чалавек 7-10 зь ліку арганізатараў той імпрэзы спачатку вызначалі магчымы склад прэтэндэнтаў, якія яны потым прапаноўвалі б сябрам журы (а іх у дачыненьні да «Оскара», калі не памыляюся, болей за 500 асобаў). Там адбываецца па-іншаму. Кожны сябра журы, маючы сьпіс намінацыяў, зыходзячы з уласнай інфармаванасьці, выстаўляе свае кандыдатуры. Гэтыя зьвесткі зводзяцца разам, і па атрыманьні першых вынікаў аргкамітэт у кожнай намінацыі вызначае 5-7 кандыдатаў, якія набралі большасьць галасоў. Па гэтым сябры журы зноў атрымліваюць анкеты, у якія гэтым разам упісаны лідэры. Вось цяпер яны і галасуюць паўторна, але ўжо зыходзячы са сьпісу пэўных кандыдатаў, тым самым вызначаючы пераможцу ў кожнай намінацыі.

Самае цікавае, што такое ў гісторыі «Рок-Каранацыі», здаецца, ужо было! Застаецца толькі здагадвацца, чаму ад гэтага прынцыпу адступіліся… Атрымаўшы сьпіс намінацыяў і прэтэндэнтаў гэтым разам, я адчуў, што трапіў у сытуацыю, зь якой насамрэч варыянтаў выхаду было няшмат. Калі больш дакладна, іх было два: сапраўды выйсьці са складу журы ці сьлепа пайсьці ўсьлед за арганізатарамі, выбіраючы лепшых з таго «мэню», якое яны прапанавалі.

Тут я згодны з Алегам Клімавым, якому рамкі такіх вось умоваў падаліся занадта цеснымі. Добра, магчыма, у мяне ёсьць права ў той ці іншай намінацыі дадаць сваіх кандыдатаў. Але нават калі так, дык што атрымаецца, калі кожны зь сябраў журы пачне дадаваць нешта ад сябе? Мы вернемся, умоўна кажучы, да першага этапу «оскараўскага» адбору. То бок, «гэта песьня добрая, пачынай спачатку».

Што да канкрэтных прыкладаў, дык яны такія. Намінацыя «Праект году». Альбом «Песьня пра зубра» ня можа разглядацца хоць бы па той прычыне, што ён яшчэ ня выдадзены (дэма-вэрсія альбому з радыйным міксам у разьлік аніяк не трапляе). «Калыханкі» ня могуць разглядацца як праект З. Вайцюшкевіча, бо гэта — праект UNICEF (як слушна адзначыў ненамінаваны А. Памідораў). «Ледоколы» — аніяк не праект, а проста канцэртны альбом.

Ужо гэтага дастаткова для таго, каб паставіць пад сумнеў крытэрыі адбору вачыма арганізатараў. Але пойдзем далей. У намінацыі «Альбом году» лічу лішнімі альбомы N.R.M. і «Лірыку» З. Вайцюшкевіча. Па вельмі простай, як на мой погляд, прычыне: яны ня годныя таго, каб разглядаць іх сярод лепшых. Інакш кажучы, слабыя і малацікавыя. У мяне ёсьць уласныя прапановы, аднак не хацеў бы тут імі разьдзімаць непатрэбную дыскусію. Да таго ж, у мяне ніхто і не спытаўся…

Тое ж — «Песьня году». Чаму ў сьпісе адсутнічае «Безь цябе» ад «Крамбамбулі» — твор калібру славутага «Абсэнту», застаецца толькі здагадвацца.

«Традыцыі і сучаснасьць». У сьпісе — альбом паважанага мною С. Сокалава-Воюша. Але ж сярод стыляў, вызначаных арганізатарамі, бардаўская песьня, здаецца, адсутнічае. Ці яна хаваецца пад словам «і інш.»? Пры гэтым, як здалося, назва намінацыі зноў трактуецца амаль літаральна, бо, як памятаецца, перамагалі ў ёй некалі і блюзавыя музыкі…

«Адкрыцьцё году». Нягуста прэтэндэнтаў. І пераможца — загадзя вядомы. Амаль тое ж самае — у намінацыі «Прарыў году». «Hear» ведае што! Выпраўце памылку, а то і ў дыплёме гэтак жа будзе напісана! Вам не здаецца, што апошнія дзьве намінацыі дублююць адна адну? Ці задача стаяла ў тым, каб разьвесьці двух пераможцаў з тым, каб «Каронай» былі адзначаныя абодва?

«Кліп году». І тут пераможца вядомы загадзя. Аднак: хто бачыў кліп ND, зьняты для «БелСату»? Шмат тых, хто той «БелСат» наогул бачыць? І дзе тады выдатнейшы кліп «Тры янгалы» ад «Тройцы», зьняты для таго ж «БелСату»?

«Выканаўца году». Тут можна зацята спрачацца, як асобы прынцыпова розных калібраў могуць стаяць побач, але я пра іншае. Відаць, трэба скарыстаць лішні (і ці патрэбны?) шанец дзеля таго, каб прарэклямаваць «Тузін Гітоў». Прабачце, у агульны розум народу НЯ ВЕРУ! І таму ідэю абраць выканаўцу году праз галасаваньне на сайце «Тузіну» лічу АБСУРДАМ! Бо, па-першае, мала хто з прыхільнікаў таго ж А. Шадзько ведае пра гэты сайт, арыентаваны на прапаганду выключна беларускамоўнай песьні; па-другое, прыцягненьне да вызначэньня лепшага фанаў нават у адной намінацыі — гэта дуля пад нос усім сябрам журы: маўляў, вы нам былі патрэбныя, а цяпер ідзіце пагуляйце. Уявіце, што ў намінацыі «Фільм году» для таго ж «Оскара» лепшага вызначаюць гледачы, галасуючы на сайце тыпу «Тузін фільмоў»!

Ёсьць яшчэ шэраг заўваг адносна крытэрыяў «актыўная канцэртная дзейнасьць», «наяўнасьць тэле- і радыё-ратацыяў», што цягам году было магчыма далёка не для ўсіх, але пакіну гэта без камэнтароў.

Выснова з усяго сказанага такая: у сёлетнім прынцыпе адбору прэтэндэнтаў мне бачыцца заганны мэтад, калі журы пастаўлена ў поўную залежнасьць ад арганізатараў, а таму мэтодыка вызначэньня лепшых нагадвае мне запілены дашчэнту вініл, на якім голка ўткнулася ў глыбокую драпіну. У выніку, колькі ні круціцца дыск, гучыць адна і тая ж няўцямная фраза любімай песьні.

І выкінуць той дыск шкада, і зьмяніць пласьцінку — лянота…

Зьміцер Падбярэзскі, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net