|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Зьміцер Сасноўскі: «Дзякуючы спрэчкам - рок-н-рол жыве!» | 26.01.2008 | Лідэр гурта «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі наважыўся ўлезьці ў «віртуальны мардабой», як ён сам назваў дыскусію на старонках ТГ: «А-а-а-а!!! Крута! Пакуль беларускія 60-гадовыя рокеры пішуць такія лісты і з такім жаргонам, душа мая радуецца – клясычны рок-н-рол на Беларусі жыве! Я б гэтыя два ліста (Будкіна і Плясанава) неадкладна ўключыў бы ў энцыкляпэдыі і хрэстаматыі па гісторыі сучаснай музыкі!» Патлумачу свой радасны загон. Ёсьць у мяне адзін добры знаёмы, стары патлаты рокер з адмарожаным стаўленьнем да жыцьця і паважным стаўленьнем да алькаголю, пры гэтым здольны і глыбокадумны мастак і музыка. Ён любіць асаблівым чынам зьдзеквацца са знаёмых – ён даўно выставіў прад'яву, што ніхто ня здолее паказаць яму сучаснага рок-гіта, які б ня быў ужо напісаны і выкананы ў 60-80-х. Што яму толькі не прыносілі і не ўключалі – на ўсё знаходзіцца стары прататып! Празь яго я зноў пасьля юнацтва падсеў на Deep Purple і адкрыў, што многія альбомы гэтага гурта гучаць зараз надзвычай актуальна і сучасна – і ў лірычным, і ў тэмбравым, і ў аранжыровачным складніку. Але гэты мой знаёмы, да мазгоў прапітаны драйвам рокер, на пытаньне, ці магла б зараз пасьпяхова стварыцца і выступаць такая каманда, як Deep Purple, адназначна і сумна адказаў: «Няма сэнсу. Гэтая музыка – легенда і зараз яе можна ці то слухаць, ці то імітаваць у кавэрах».Мы на мяжы. З аднаго боку, музычна адукаваны чалавек з задавальненьнем носіць у галаве ўсё ад сымфанічнай музыкі да экспэрымэнтальнага джаз-фольку і экстрэмальнага року, а з другога – мы ўжо жывем у інфармацыйным грамадзтве, у якім папулярнасьць і даступнасьць выканаўцаў у многім вызначаецца іх актыўнай інфармацыйнай прысутнасьцю. І ў гэтым сьвятле супэрцікава выглядае віртуальны мардабой Будкіна і Плясанава. Стары заслужаны рокер, загартаваны ў бітвах з чалавечымі парокамі і нечалавечымі абставінамі, спрабуе размаўляць з цынічным у сваёй густоўнасьці віртуальна-крытычным мозгам. Я вельмі шчыра паважаю Плясанава, ня менш шчыра Мартыненку, сябрую зь Мяльгуем, а Кораню шмат гадоў быў гатовы ў ногі кланяцца за вініл «Чужаніца». Аднак прапаную быць аб'ектыўнымі цынікамі. Плясанаў піша, што стаў прызэрам Біг-біт фэсту 1968 году. У тым годзе ансамбль «Лявоны» (будучы ансамбль «Песьняры») на чале з Мулявіным працаваў пры менскай філярмоніі. За час, які прайшоў з 1968 году Мулявін стаў гіпэр-папулярным у СССР, даў пасьпяховыя гастролі ў ЗША, выступіў у Лас-Вэгасе з Полам Макартні, атрымаў захопленыя водгукі ад Джона Ленана, заснаваў новы жанр (эстрадны фольк), напісаў безьліч гітоў і альбомаў, пражыў аторванае і насычанае жыцьцё, стаў легендай, як сапраўдны рок-музыка разьбіўся ў аўтакатастрофе і атрымаў бясконцае шанаваньне ў будучым. А якія творы шаноўнага сп. Плясанава актыўна ўдзельнічаюць у сучаснай музычнай культуры? Блін, я ўжо больш не магу слухаць песьню «Шынкарачка», якая «на высокім мастацкім узроўні» распавядае пра «кончанага» вясковага алькаша, які прапіў, відаць, і свой трактар, і свой плуг, і спадзяецца, што ягоныя шматлікія сваякі ў гэты дзень прапілі менш, таму змогуць яго выкупіць зь няволі ў мясцовай вычварэнкі («шынкарачкі»), якая невядома зь якімі мэтамі імкнецца пакінуць непрытомнае цела алькаша ў сваім рабстве. Аднак алькаш памыліўся – у гэты дзень уся ягоная радня прапіла ня менш і прынесьці выкуп ня ў стане. Якія высокія вобразы створаны гэтым фальклёрна-паэтычным шэдэўрам, якая высокая мараль і пранікнёны балядны сюжэт! Можа недарэмна гэты «гімн бамжа» круцяць па FM уперамешку з расейскім шансонам?! Адзін раз я слухаў гэтую песьню ў аўтобусе з аэрапорта (яна пэўна выклікала шчырую павагу да беларускай народнай музыкі з боку замежнікаў)! Пры гэтым нават назіраецца стылістычнае адзінства – прызямляесься сярод ёлак (Менск-2), вакол ніякай цывілізацыі, уздоўж трапа ланцугом стаяць злыя памежнікі, заходзіш у змрочны будынак і пачынаецца шмон мытнікаў (у адной дзяўчыны малады інтэлектуальнага выгляду салдат нават спытаў: «Ну як табе там работалася на буржаяў?»). Потым сядаеш у замызганы аўтобус і чуеш высокамастацкі твор «Шынкарачка»! Нашая краіна ва ўсёй старой саўкова-БССРаўскай красе! Што датычыць нашых паважаных музычных крытыкаў, будзем таксама цынічнымі – вы сустракалі хоць адзін аналіз (не апісаньне!), напісаны Мартыненкам ці Мяльгуем, дзе музычны матэрыял разьбіраўся хаця б па асноўных крытэрах – адпаведнасьць лірыкі і абранай аранжыроўкі, выбар сольных інструмэнтаў для падкрэсліваньня вядучага музычна-паэтычнага вобраза, спалучальнасьць сольных партый і абранай гармоніі, густоўнасьць ці перанапружанасьць аранжыровак, баланс між тэхнічнымі здольнасьцямі і «характарнасьцю» выкананьня, разьвітасьць імправізацыяў (дзе яны патрэбны), наяўнасьць яркага запамінальнага «хука», абраная танальнасьці віды мадуляцыі, тэмбр і інтанацыйныя манэры вакала ў спалучэньні з тэмбравай карцінай інструмэнтальнага акампанэмэнта і шмат іншага? Я асабіста такіх рэцэнзіяў не сустракаў – толькі апісаньне асабістых эмоцыяў ад праслухоўваньня, без абгрунтаваных музыказнаўчых аргумэнтаў. Я займаюся старадаўняй музыкай і за апошнія 3 гады меў 4 насычаныя замежныя стажыроўкі. У старой музыцы таксама ёсьць шматлікія крытэры – адпаведнасьць інструмэнтальнага складу і мэлёдыі пэўнага стагодзьдзя, абраньне гукараду для музыкі той ці іншай часткі Эўропы, спалучальнасьць інструмэнтаў і жанра (народная, камэрная, духоўная, гарадзкая, ваярская музыка), характар імправізацыйнага кампанэнта ў музыцы пэўнай эпохі, бурдоннасьць і фунцыянальнасьць баса дабарочнай і барочнай музыкі, заніжэньне ці завышэньне сольных партыяў у адпаведнасьці ад сытуацыі, спалучальнасьць інструмэнтаў у сярэднявечнай, позьнесярэднявечнай, рэнэсанснай, манерычнай і барочнай музыцы і шмат іншага. Рэцэнзіяў Мартыненкі і Мяльгуя з такім аналізам я таксама не сустракаў. Адносна Кораня – за апошнія 15 гадоў я ня чуў ад яго яшчэ хаця б адной такой песьні як «Пляц Францыска» – ня хоча ён пісаць яркія гіты, маўчыць, а калі і выступае, то выконвае доўгія інструмэнтальныя варыяцыі. (Ой, малю Бога, каб яны ўсе не пакрыўдзіліся, бо шчыра іх паважаю!) Жывое камэрцыйнае прадусаваньне (з усімі заганамі псаваньня высокай творчасьці) у нас зараз замяняе дзяржаўна-справаздачная эстрада. У такой сытуацыі вельмі вырастае каштоўнасьць такога сайта як «Тузін Гітоў», як непадначаленае Мінкульту прастора вольнага выяўленьня сымпатыяў. А сымпатыі ці антыпатыі кіраўніцтва «Тузіна» – гэта ўжо аб'ектыўная рэчаіснасьць. Іх думкі аб'ектыўна адпавядаюць густам часткі музычнай грамадзкасьці і маюць права быць выказанымі. Калісьці я ўпершыню паразмаўляў з прафэсійным прадусарам – і атрымаў прыемны шок. Вельмі ўразіў крайні цынізм, бо ў адказ на мой грузёж пра арыгінальны музычны матэрыял, ён мяне спыніў і сказаў, што спрабуе ацаніць назву гурта, назву будучага альбома, наяўнасьць у ім фарматнага гіта, якасьць іміджа гурта на будучых канцэртах і магчымасьць «зрубіць» з гэтага ўсяго паболей зялёных. Будкін пры першай нашай зь ім размове выклікаў падобныя пачуцьці – тая ж канкрэтная цынічнасьць. І гэта крута – нарэшце зьяўляюцца людзі, якія будуць вырываць нас, музыкаў, зь летуценьняў і суваць мордамі ў бруд, каб не гублялі адчуваньня рэальнасьці і сачылі, як разьвіваецца сучасная музычная культура. Сайт Будкіна ўжо стаў зьявай, на яго даводзіцца зьвяртаць увагу і часам лічыцца зь яго «грубым памолам». Адлегласьць між напісаньнем музыкі і яе інфармацыйнай прысутнасьцю будзе надалей усё больш павялічвацца, сучасная цывілізацыя патрабуе не толькі стварэньня, але і якаснай інфармацыйнай падачы сваёй творчасьці. Мы прысутнічаем у час нараджэньня і развіцьця віртуальнага інфармацыйнага прадусаваньня. І дзякуй Богу, што ў Беларусі гэтым заняўся сьвядомы патрыятычны хлопец, інакш бы мы зараз мелі інтэрнэт-партал з гіт-парадам Дарафеевай, Алесі, Калдуна, а рэцэнзіі былі б прысьвечаны арытмічным стогнам Алехны. А здольнасьці чалавека вымяраліся заўжды не ягоным узростам, а сьпеласьцю ягоных думак і твораў. Мне асабіста ўсё роўна, колькі гадоў Будкіну (хаця цікава). Хай Бог дае яму імпэт, а чорная дэпрэсуха хай абыходзіць бокам. Хіба істотна, хто стварыў такі сайт – 15-гадовы хлопец ці 65-гадовы мужык? Мне асабіста проста падабаецца падабаецца гэты сайт – абнаўленьне навінаў, крытычныя нататкі, беларускамоўнасьць і нягоршы дызайн. А зрабіў гэта школьнік ці пэнсыянэр – па барабану! Ведаеце, з пэўнага часу я перастаў раздражнёна рэагаваць на шум і дэбошы маіх суседзяў – калі зразумеў, што гэта сапраўднае віруючае жыцьцё ў ягонай рэальнай форме! Такім жа чынам усе мы без выключэньня і ўвагі на ўзрост – і музыкі, і крытыкі, і асабліва старыя пабітыя жыцьцём рокеры – мусім прыстасавацца да жывога і злога інфармацыйнага цынізму сучаснай культуры. Зьміцер Сасноўскі, для ТГ Фота: С.Тапчэўскі (www.staryolsa.com) угару - up |
|
|