.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Максім Жбанкоў: Шалкевіч-бугі
| 30.01.2008 |

Культуроляг Максім Жбанкоў з нагоды перавыданьня першых альбомаў Віктара Шалкевіча – «Смутны беларускі блюз» і «Баляды і рамансы»: «Ён не ліхі масавік-выдумшчык, зорка на вясельлях і прэстыжных аўкцыёнах, а цьвярозы назіральнік з рэдкай здольнасьцю сказаць рэзкасьць так, каб рука не ўзьнялася даць дыхту у адказ. Мала прасьпяваць „Добрай раніцы, жлобская нацыя!“. Трэба яшчэ мець мужнасьць адказаць за базар. У тым ліку – і на папрокі тых, хто аддаў перавагу гераічным крычалкам кшталту „Фронт-фронт-фронт!“ або „Гадзючніка“».

Віктар ШалкевічЗ год таму мы з партызанскім рэжысэрам Кудзіненкам трапілі на чарговую канфэрэнцыю за кардонам. Вырашылі зрабіць асабісты кафэ-брэйк між сумным дакладам і заблукалі на вулках Варашавы. Крывы маршрут культур-турыстаў ішоў праз статуі мёртвых герояў і вулічных інсталяцыяў, праз кавярні з добрай здобай і паўцёмныя бары з чорным «Гінэсам», пакуль не завёў на цьмяна знаёмае скрыжаваньне. Цяпер да канфэрэнц-залі было крок ступіць. Памылка выключалася: спасярод глухога туману на рагу дзьвюх вуліцаў – нашай і няправільнай – стаяў гарбаносы прыгажун у караценькай скуранцы і чорнай барэце, з арліным паглядам сканаваў замежжа. Гэта быў наш сабрат – бард Віктар Шалкевіч.

Шалкевіч – электрычны санграйтэр і мэлянхалічны лірык, бліскучы імітатар нэпманскіх танцаў-шманцаў, зьедлівы камэнтарар нашых дзён, гулец у рулетку зь беларускай доляй – зараз запісвае надта мала. Ці тое надвор'е цяпер ня сьпеўнае, ці тое аўтар ловіць іншую хвалю. Хаця ў мяне ёсьць свая крамольная вэрсія: галоўнае пра мілы сонны край ён ужо сказаў у магнітальбомах сярэдзіны 90-х (цяпер – выдатная ідэя! – перавыдадзеных БМА на CD). А сёньня няма сэнсу паўтарацца. На гадзіньніку застыгнуў час ППРБ. І сьвежыя словы ня могуць узяццца зь ніадкуль.

Аўтар, актор і шоўмэн Шалкевіч – ня проста факт роднай культуры, а яе крыж і дыягназ. Блазьнюк, перасьмешнік, тварароб, што абраў маску «гумарыста» як ідэальны прытулак для разумніка смутнага часу, калі ён з сваімі беспартыйнымі песенькамі існуе як бы між радкоў уладных дэкрэтаў і партыйных праграмаў. Але па-за зьнешняй лёгкасьцю гульлівых гімнаў «Ганцы - нявернай каханцы» ды завадных перасьпеваў бясьсьмяротнай «Кукарачы» стаіць вельмі асабістая гісторыя злой любові да безладнай Радзімы. Мала прасьпяваць «Добрай раніцы, жлобская нацыя!». Трэба яшчэ мець мужнасьць адказаць за базар. У тым ліку – і на папрокі тых, хто аддаў перавагу гераічным крычалкам кшталту «Фронт-фронт-фронт!» або «Гадзючніка». Шалкевіч не мабілізаваны – ён ангажаваны (адчуйце розьніцу). І яго асобны раман без адказу з Айчынай, дзе жыве «мой малы ненадзейны народ» – не поза, а выбар лёсу. Ён жыве на краю, ён грае на мяжы. І сьмяецца. Да сьлёзаў.

Галоўнае, што мае артыст Шалкевіч – ён не ліхі масавік-выдумшчык, зорка на вясельлях і прэстыжных аўкцыёнах, а цьвярозы назіральнік з рэдкай здольнасьцю сказаць рэзкасьць так, каб рука не ўзьнялася даць дыхту у адказ. Пры гэтым, да шчасьця, яму абсалютна не пагражае ўсенародная любоў: правінцыйны дэндзі з добрым літаратурным густам, што лёгка пераходзіць з року на вальсік, з вальсіка на мяшчанскі раманс, а пасьля – на мэлядэклямацыю з хард-рокавымі гітарнымі запіламі, занадта складанае выпрабаваньне для простадушнай масавай душы. Слухаць гэта запар вельмі няпроста: Шалкевіч – ласкутны аўтар, віртуоз эклектыкі. І ў гэтым абсалютна адэкватны той стылістычнай блытаніне ў айчыннай культуры, што трывала завісла на паўшляху ад калгасу да «Дыснэйлэнду».

У іншым жыцьці гэты «забаўнік» меў бы шанцы стаць голасам краіны. Зараз гучыць для такіх жа, як ён, аўтсайдэраў – актыўнай нацыянальнаарыентаванай меншасьці, транзытных грамадзянаў Каралеўства Беларусь. І дакладна гэтак жа, як мы, абірае ў наяўнай сытуацыі тактыку гнуткага аўтарскага манэўру і лёгкага партызанскага супраціву.

Артыст люструе час. У Штатах 60-х аналягам нястрыманага Шалкевіча мог бы стаць Боб Дылан. У Нямеччыне 70-х – цынічны кіналірык Фасбіндэр. У Беларусі нулявых ён роўны самому сабе. І амаль што незаўважны. Самотны рыцар радыкальнага шансону не прыдатны для працяглай пазыцыйнай вайны палітычных міталёгіяў і безнадзейна прайграе ў дурной жарабячай жвавасьці малайцам з «Comedy Club». Яму няўтульна ў краіне пераможнай «Эўравізіі». І ён актыўна зьязджае, каб абавязкова вярнуцца, «выпіць шклянку і уласным шчасьцем закусіць».

Шалкевіч – згублены герой беларускай культуры. Таму што яго аўтарскі праект самадастатковы і ня мае пасьлядоўнікаў. Ды і нашыя лякальныя высілкі аніяк не складаюцца ў агульны бел-чырвона-белы пазл. Але ўсё невыпадкова. І не марна. У падманліва простых п'есках пад чорна-белай вокладкай жыве малая праўда ціхіх мясьцінаў, голас правінцыі, што зрываецца ад хваляваньня, шолах харугваў Грунвальда і няўцямнае лапатаньне роднай калектыўнай душы, што марыць ці то пра квітнеючую акацыю Наваградку, ці то пра моцную ўладу на горных лыжах. А напраўду – пра тое, каб сказаць палка: «Заплаціце аркестры, каб болей ня грала!». І жыць далей. Без паганятых ды паважатых. Зь вясковым богам у сваім шалапутным сэрцы.

Максім Жбанкоў, для naviny.by
Беларускі пераклад – «Тузін Гітоў»

Фота: Анатоль Мяльгуй


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net