.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«NETradio» пачынае «жывое» вяшчаньне і запускае праграмы беларускіх музыкаў
| 04.02.2008 |

Сваё «жывое» вяшчаньне ад 5 лютага пачынае першае ў Беларусі прафэсійнае інтэрнэт-радыё «NETradio». Тэставае вяшчаньне «NETradio» распачало яшчэ 20 лістапада. Ад 5 лютага на «NETradio» пачнуць выходзіць і аўтарскія праграмы многіх вядомых у музыцы і культуры людзей – Аляксандра Кульлінковіча, Атмараві, Сяргея Пукста, Андрэя Дзяркова, Пятра Елфімава, Ніка Маторына, Сяргея Будкіна, гурта «Нестандартный вариант» і шмат каго іншага. Падрабязьней пра тое, чым кожны з гэтых людзей будзе займацца на «NETradio» распавяла яго праграмны дырэктар Тамара Лісіцкая.

Тамара Лісіцкая«Увогуле, „NETradio“ – гэта шматканальная сыстэма, - распавядае Тамара Лісіцкая. - Радыё ўжо зараз працуе дзьвюма самастойнымі плынямі з уласным фарматам, праграмамі і музыкай. Але абедзьве плыні прысьвечаныя толькі пытаньням культуры, музыкі і спорту». Першая плыня - «NETradio ADULT» - трансьлюе музыку для «дарослай» катэгорыі слухачоў. Гэта перш за ўсё сусьветныя гіты, блюз, рок-н-рол, павольная і клясычная музыка. Другая - «NETradio HOT» – гэта «бадзёрае» радыё, на якім можна чуць сучасную музыку, r-n-b, рэп, фанк, а галоўным чынам – апошнія гітовыя кампазыцыі. На гэтай жа хвалі будуць трансьлявацца і адмысловыя праграмы, агляды і навіны сьвецкага жыцьця.

«Далей мы плянуем пускаць „парасткі“ ад гэтых каналаў, - кажа Тамара. – Гэта будуць самастойныя музычныя станцыі – джазавыя, блюзавыя, рэпавыя і гэтак далей. Але гэта будуць выключна музычныя каналы, без праграмаў, але ж 24-гадзінныя». Асобныя каналы заплянавана вывесьці толькі пасьля таго, як будуць цалкам запушчаныя два ўжо існуючыя і будзе выпрацаваная сталая праграмная сетка. «Мы даём сабе на гэта паўтара-два гады», - кажа праграмны дырэктар «NETradio».

Ужо ад 5 лютага на «NETradio» кожная ў свой час пачнуць зьяўляцца праграмы вядомых беларускіх музыкаў і журналістаў. Плянуецца, што гурт «Нестандартный вариант» будзе забясьпечваць новае радыё рэп-музыкай і праз час цалкам стане адказным за зьмест рэпавага каналу. «Гэта доўгатэрміновыя пляны. А пакуль, - кажа Тамара Лісіцкая, - у нас ёсьць дамоўленасьць на гадзінную праграму, якую будзе напаўняць гурт „Нестандартный варианту“».

Музыкі Андрэй Дзяркоў, Атмараві і Сяргей Пукст зоймуцца на «NETradiо» праграмай-мэдытацыяй: «Гэтыя людзі – вялікія мысьліцелі і майстры слова, - лічыць Тамара. - У дадзеным выпадку яны будуць гэтае сваё ўменьне зрэалізоўваць – у кожнага кожны дзень будзе паўтары хвіліны вольнага часу і магчымасьць проста размаўляць». Праграму так і назвалі – «Мэдытацыя» – настрой на новы дзень.

Лідэр гурта Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч на новым радыё зоймеца аглядам кінанавінак. «У яго востры язык, ён саркастычны і вельмі разумны, - распавядае Тамара Лісіцкая. – Тым болей, у яго вялікая цяга да кіно: калі пачытаць інчэрвію Кульлінковіча, можна заўважыць частыя апэляваньні да фільмаў. Таму мы вырашылі, што Аляксандар Кульлінковіч як ніхто іншы зможа цікава і трапна для кантэксту музычнага каналу расказаць пра кіно».

Да Ніка Маторына праграмнае кіраўніцтва «NETradio» зьвярнулася па дапамогу сфармаваць 24-гадзінны канал клюбнай музыкі. «Самы цікавы, на мой погляд, - кажа Тамара, - музычны журналіст Сяргей Будкін будзе аўтарам праграмы „Беларуская раскладка“. Мне падабаецца яго адданасьць беларускай музыцы. Першапачаткова нават не было зразумела, што за праграму будзе рабіць Сяргей, але нам дакладна хацелася, каб ён быў адным з аўтараў нашага радыё». У дыяпазон цікавасьці Сяргея на «NETradio» трапіць ня толькі беларускі рок-н-рол, але і пап-музыка.

Гэта далёка ня поўны сьпіс выбітных людзей, якія сядуць за мікрафон у студыі «NETradio». Кіраўніцтва інтэрнэт-радыё прыклала нямала высілкаў, каб сфармаваць такую моцную каманду. Але Тамара Лісіцкая кажа: «Я не зьвярталася да людзей, якія мне непрыемныя. А кантактаваць зь людзьмі, каторыя мне падабаюцца – гэта асалода. Таму ўсе складанасьці былі прыемнымі». Будзем чакаць, што і праслухоўваньне першага беларускага інтэрнэт-радыё акажацца такой жа асалодай.

Афіцыйны сайт NETradio.by

Алена Скарабагатава, «Тузін Гітоў»


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net