.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Кася Камоцкая: «Рок-імітацыя»
| 29.02.2008 |

Мне ніколі не тэлефанавала столькі людзей, як падчас мінулай «Рок-каранацыі». «Кася, чаму ты ня тут? Мы вось сядзім у барчыку, каньячок п'ем…» — «А я сяджу дома і таксама каньячок п'ю!» — «Нам сумна безь цябе!» — «Дык чаго вы туды прыперліся?!»

Кася КамоцкаяЯ ня памятаю, колькі год я не была на «Рок-каранацыі». Даўно. Як і на «Басовішчы». У адрозьненьні ад іншых, хто пасьля чарговай імпрэзы кажа «ўсё, больш ніколі не прыйду!», а потым зьмяняе сваё меркаваньне, я заўсёды стаўлю тлустую кропку, каб потым не было спакусы: выступаю ў прэсе зь вінавачаньнямі. Пасьля дарогі назад няма. Так я зрабіла з «Басовішчам», калі назвала яго падвойнай правінцыяй — польскай і беларускай. Тое самае і з «Рок-каранацыяй»: я не разумею прынцыпа, па якім усё адбываецца. Калі мне ў трэці раз запар вырашылі даць рок-карону, я сказала, што не вазьму, бо гэта ўжо фарс. Арганізатары падумалі і вырашылі: «О, Вэраніцы [Кругловай. — Рэд.] трэба даць!»

Да «Рок-каранацыі» ў мяне дзьве асноўныя прэтэнзіі.

Першае — незразумелы фармат. Калі гэта рок, хацелася б, каб гэта быў рок. Паглядзіце на ўдзельнікаў — палова людзей ня мае да рок-н-ролу ніякага дачыненьня. Назавіце проста — «Каранацыя». Клясная ідэя — прыз Юрыя Цыбіна [адзін з арганізатараў «Рок-каранацыі» — Рэд.], напрыклад. (Я б сама заснавала прыз для таго, хто мне падабаецца).

І другое: а судзьдзі хто? Арганізатары ня могуць быць судзьдзямі. Гэта называецца карупцыя. І лабіяваньне. Цыбін малайчына, што трымае праект. Але я не лічу, што сёлетняя імпрэза будзе значнай падзеяй у музычным жыцьці Беларусі.

«Рок-каранацыя» пачыналася ў пэўнай ступені як сяброўская тусоўка. Было вельмі непрыемна, калі потым яна пачала пераўтварацца ў камэрцыйны праект. Красамоўны момант. На адной зь першых «Рок-каранацыяў» я прасьпявала песьню «Прэзыдэнт, ідзі дамоў!», якая тады яшчэ не была забароненая. Цыбін ужо тады мне сказаў: «Як ты магла такое сьпяваць?!» — «А што такое?» — «У залі ж быў прэзыдэнт „Дайновы“. Ён падумае, што гэта пра яго!»

Зараз «Каранацыя» ня мае сэнсу, бо камэрцыйныя праекты ў гэтай краіне пакуль немагчымыя. Каб рабіць тут бізнэс, нельга высоўвацца. А калі ня можаш высоўвацца, навошта рабіць рок-н-рольную тусоўку? Бо яна будзе ўжо ня рок-н-рольная, а прычасаная ды прыгладжаная. Нельга быць крыху легальным, крыху нелегальным: мы, маўляў, легальныя, толькі ня трэба прамаўляць пэўных словаў ды сьпяваць пэўных песень. Гэта прывучае да паўпраўды. А паўпраўды не бывае.

Рок для мяне — гэта музыка сацыяльнага пратэсту. Гэта не мэйнстрым. Гэта з сэрыі «не магу маўчаць». Калі ня можаш, атрымліваецца музыка. Калі можаш — пачынаецца «сёньня запоўнім гэтую нішу, заўтра — тую». Гэта называецца артысты. А я ніколі не хацела быць артыстам. Артыст пачынаецца тады, калі ты ўступаеш у адносіны не з сабой. Артыст — гэта той, хто грае ролю.

Арганізатары «Каранацыі» ўвесь час намагаюцца патрапіць у афіцыёз. З сабакамі ды парсюкамі на сцэне. Але ім гэта не ўдаецца. Ладзіць афіцыйныя мерапрыемствы пры дыктатуры — гэта, па меншай меры, жаданьне прыўкрасіць сытуацыю. Паказаць, што ня ўсё так кепска: вось «Рок-каранацыя» ў нас праводзіцца…

Я ўвогуле вельмі скептычна стаўлюся да памкненьняў альтэрнатыўных музыкаў лезьці ў дзяржаўныя СМІ, дзе ты існуеш ня сам па сабе — ты існуеш «са шпрыцамі, што знайшлі на плошчы», з амонаўцамі, якія бароняць народ ад «неданоскаў і выблюдкаў». Каб гэта рабілася дзеля грошай, я б зразумела. Але ж на гэтай сцэне грошай нікому не даюць. Нават «За Беларусь!». Гэта ў большай ступені ўласныя амбіцыі музыкаў, чым прадуманыя крокі.

Кожны чалавек сам вырашае — удзельнічаць ці не. Хтосьці ня можа чыста фізыялягічна — «гігіена не дазваляе». У іншых, можа, гэта такая асьветніцкая дзейнасьць і яны згодныя паступіцца сваім іміджам, каб данесьці беларускае слова і думку да народу. Такое было падчас дыктатураў і ў іншых краінах. Але, я ня думаю, што такім чынам нешта наладзіцца. Наадварот — камуфлюецца рэальная сытуацыя.

…Відавочна: народу няма куды хадзіць. Відавочна: яны пойдуць на «Рок-каранацыю», але потым будуць плявацца. Адвечная песьня.

Тут паўстае галоўная беларуская праблема: у нас так мала ўсяго, што няхай будзе хоць гэта. Хай будзе. Проста гэта ўжо не маё.

Кася Камоцкая, naviny.by

Фота: Андрэй Лянкевіч


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net