.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Каранацыя, якая нікому не патрэбная
| 01.03.2008 |

Нам была патрэбная гэтая цырымонія, бо яна колісь вызначала рок-герояў і ўплывала на музычныя густы. Гэта было даўно і наўрад ці цяпер можна лічыць дадзенае сьцьвярджэньнем праўдзівым і лягічным. Каранацыі не было два гады, яе пахавалі і можна сказаць, што на яе забыліся. Але ТГ спрычыніўся да яе адраджэньня. Тады, тры гады таму, ўсё выглядала на цыклічнасьць – заміж крызысу, як правіла, надыходзіць уздым. Усё было ў нашых руках і выслоўе пра тое, што запаленыя зоркі камусьці патрэбныя нас заахвочвала. Першая адроджаная Каранацыя была прысьвечана няменскім музыкантам, каб падкрэсьліць тую простую думку, што музычнае жыцьцё віруе ня толькі ў Менску, але і ў Магілёве, Берасьці ды іншых беларускіх гарадах. Другая Наша Каранацыя была скіраваная на тое, каб паказаць усё багацьце айчыннай музычнай культуры, тым і тлумачылася падзяленьне намінацыяў паводле жанравых прызнакаў, увядзеньне ў кантэкст музыкантаў, якія дагэтуль трымаліся асобна. Што да трэцяй Нашай Каранацыі, то яе пасланьне было цалкам лягічным – толькі лепшыя. Урэшце разам і на адной сцэне. Цыкль завершаны.

Бывай, Каранацыя!Цяпер да акалічнасьцяў: сам умоўна-ганаровы прыз ад шклозавода «Нёман» («кавалак крышталя», - як назваў яго адзін з удзельнікаў РК) канчаткова знэвіляваўся, калі неяк па галоўную карону так ніхто і не выйшаў. Каранацыя сталася абавязалаўкай і сумным відовішчам, бо заяўлены фармат – «беларускі аналяг Грэмі» – тут, у нашых умовах, ня можа існаваць. Прызнаньня ўжо прызнаным ня трэба, як і маральныя дывідэнды. Адзін зь сёлетніх выступоўцаў доўга марудзіў з адказам, ці бярэ ўдзел, выставіў нерэальны цэньнік, але ўрэшце пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы, бо «ўсё калісьці пачыналася з Каранацыі», хоць тыя «кароны няма куды ўжо ставіць». Другія, якія маюць ганарар сумерны зь бюджэтам вялікага опэн-эйра ў межах Беларусі, нават пагадзіліся, але потым зрабілі выбар на карысьць нейкага карпаратыўніка. Трэція вырасьлі ўжо па-за кантэкстам «Каранацыі» і гэтая суб'ектыўная прэмія для іх анічога не азначае – карона продажаў іх альбома аніяк не падвысіць.

І адных, і другіх, і трэціх можна зразумець. Сваёй справай хочацца зарабляць грошы, а з Каранацыі нават яе арганізатары ня маюць прыбытку. Рэй вядуць карпаратывы з аднаго боку і грантавыя канцэрты з другога. Беларускі мікрасьвет падзелены да рэшты і зьяднаць усіх хоць бы на адзін дзень раз на год – справа цяжкая, няўдзячная ды яшчэ і нікому непатрэбная, як высьветлілася. «Рок-імітацыя», «Рок-імпатэнцыя», «Недакаранацыя», - чуецца з усіх бакоў. Рацыя – амаль сьвятая: дэклямаванага прэстыжу няма, сабачкі ды парсючкі на сцэне гэтую праблему толькі паглыбляюць. Выснова таксама простая: правядзеньне агульнанацыянальнай музычнай цырымоніі ў нашых варунках пакуль нямагчыма. Па наступных прычынах:
- Няма ўмоваў для рэалізацыі творчай асобы ў нашай краіне і банальнай Свабоды, як у абстрактным, так і ў практычным сэнсе гэтага слова.
- Няма адпаведнага стаўленьня і ўзаемаагульнай павагі: музыкаў да гледачоў, арганізатараў да музыкаў, музыкаў да арганізатараў, арганізатараў да журналістаў, урэшце.
- Няма агульнай зацікаўленасьці і ўзаемавыгады.

Шмат чаго залежыць ад нібы драбніцаў. Калі афіша такога статуснага мерапрыемства робіцца па прынцыпе «як патаньней», калі не знаходзіцца грошай на лепшы апарат, калі тэле- і радыё-ролікі беларускай цырымоніі зроблены на мове суседняй краіны, калі няма ані сайта цырымоніі, ані прэс-цэнтра, калі няма месцаў для намінантаў і запрошаных гасьцей, то пра якую імпрэзу з прэтэнзіяй на агульнанацыянальнасьць можа весьціся?!

Шкада, што скрайнім застаецца ў гэтых разборках Глядач, якога зусім не цікавяць разборкі па-за сцэнаю. Які хоча проста ўбачыць Лепшых разам. Але тыя лепшыя разьбягаюцца хто куды ў пошуках лепшай долі. Арганізатары ім нават гарбаты зь печывам прадаставіць ня могуць, што казаць пра большае.

Адчуваньне, што ТГ зрабіў добрую справу, правёўшы гэтыя тры Рок-Каранацыі, застанецца назаўжды. І хацелася бы падзякаваць тым людзям, безь якіх не было бы і гэтага – Юрыю Цыбіну, Вітаўтасу Грыгалюнасу, Сьвеце Гур'евай, Генадзю Шульману і ўсяму «Кляс-Клюбу».

А таксама – асобная падзяка – гуртам N.R.M., «Детидетей», «Фляўс і Кляйн», «Крамбамбуля», OSIMIRA, «Палац», Tarpach, «Краме», Neuro Dubel; Аляксандру Памідораву, Аляксею Церахаву, Віктару Сямашку, Юліі Ляшкевіч, Адаму Глёбусу, Яўгеніі Паўлінай, Машы Лагодзіч, Максіму Жбанкову, Алесю Марачкіну, Юрыю Будзьку, Ігару Зныку, Алегу Скарабагатаму, Сяргею Анішчанку, Аляксандру Кульлінковічу і Ўладзімеру Арлову – за хэпі-энд.

ТГ заяўляе пры выхад зь ліку арганізатараў і абвяшчае пра стварэньне сваёй музычнай прэміі. Якой яна будзе і што з гэтага атрымаецца – пакажа час. Не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць.

Бывай, Каранацыя!

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу «Тузін Гітоў», прадусар «Рок-Каранацыі» (2005-2007)

Фота: Андрэй Лянкевіч


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net