|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Вольскі будзе абараняць Лукашэнку ў Варшаве | 19.03.2008 | На канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю – 3» Лявон Вольскі будзе абараняць Лукашэнку, усе астанія музыкі – сьпяваць песьні пра свабоду, а арганізатары абяцаюць, што праблемаў зь фінансамі ня будзе. «Тузін Гітоў» дазнаўся пра будучы канцэрт і нагадвае пра праблемы мінулага. У 2007 годзе канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю - 2» прайшоў 25 сакавіка. Гэта выклікала незадавальненьне некаторых музыкаў, якія ў Дзень Волі палічылі за лепшае застацца ў Беларусі. Сёлета арганізатары вырашылі не паўтараць сваіх памылак і прызначылі канцэрт на 30 сакавіка. Каардынатар «Салідарных зь Беларусьсю» Ян Мэнцвэль распавёў пра тое, што гледачы ўбачаць сёлета:«У гэтым годзе будуць і беларускія, і польскія песьні пра свабоду. Гэта слоган нашага канцэрту. Сёлета мы не прывязвалі песьні да нейкага пэўнага музычнага стылю». З поўным сьпісам выступоўцаў, якія будуць сьпяваць песьні пра свабоду, можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце канцэрта - www.solidarnizbialorusia.pl. ТГ сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці будучага шоў. Канфэранс даверылі весьці Лявону Вольскаму. Ён выступіць у вобразе прыхільніка Лукашэнкі, які будзе абараняць беларускі лад жыцьця ў размовах з гасьцямі канцэрту. «Гэта будзе падобнае на тое, як я зь Пітам Паўлавым у фільме „Музычная партызанка“ нясем пургу ідыёцкую. Адрозьненьне ў тым, што цяпер пургу я буду несьці адзін», - кажа Вольскі. Застаецца спадзявацца, што жарты Лявона Вольскага будуць успрынятыя адэкватна і канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю» не атрымае з гэтае нагоды хвалю крытыкі. А вось летась гэты канцэрт крытыкавалі ня толькі за яго тэматыку – ухіл на стыль рэгі, - але і за некаторыя праблемы зь фінансаваньнем. Сёлета галоўны рэдактар польскага часопіса «Pro_Rock» Марцін Полэць мае намер узяць гэтую справу пад свой журналісцкі кантроль: «Пакуль мы зьбіраем інфармацыю пра гэты канцэрт. Мне вельмі цікава, колькі гурты атрымаюць грошай у якасьці ганарараў», - сказаў Марцін у размове з ТГ. Марцін Полэць таксама кажа, што па яго інфармацыі беларускія гурты летась не атымалі тых грошай, якія ім павінныя былі сплаціць. Але каардынатар канцэрту Ян Мэнцвэль заўпэўніў нас, што ніякіх фінансавых праблемаў сёлета ня будзе. Паводле яго словаў, польскія музыкі нават адмовіліся ад сваіх ганарараў ад выступу: «Усе польскія артысты будуць выступаць бясплатна. Ніхто зь іх не атрымае ганарар за выступ. На гэта польскія музыкі пагаджаюцца ня першы раз. Што тычыцца беларусаў, то я не хачу разгалошваць інфармацыю пра іх узнагароджаньне, бо гэта прыватныя справы». Пра адсутнасьць крыўды на арганізатараў празь фінансавыя недарэчнасьці кажа і Лявон Вольскі. Але ў яго ёсьць іншыя прэтэнзіі. У 2007 годзе да беларускіх музыкаў паставіліся, мякка кажучы, не зусім з павагай: «Напрыклад, Зьміцер Вайцюшкевіч мусіў выканаць у дуэце з Kayah песьню „No Woman No Cry“. Ён вывучыў тэкст, усю дарогу расьпяваў, рэпэтаваў. А калі прыехаў туды, то Kayah сказала, што ні з кім у дуэце спяваць ня будзе і ўсё выканала сама». Паводле Лявона Вольскага, такія ж самыя праблемы год таму напаткалі Русю і Аляксандра Памідорава. У самаго ж Лявона атрымалася прасьпяваць толькі адзін куплет зь песьні «Я нарадзіўся тут». Пасьля таго інцыдэнту беларускія музыкі выказалі арганізатарам сваё незадаволеньне і тыя паабяцалі, што больш такога не паўторыцца. Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў» для Радыё «Рацыя» угару - up |
|
|