.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Ёсьць «НезалежныЯ»
| 25.03.2008 |

Яшчэ адным супольным музычным праектам у Беларусі паболела. 25 сакавіка пабачыла сьвет складанка «НезалежныЯ», прымеркаваная да 90-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтары праекту і музыкі распавялі пра яго асаблівасьці, зьмест ды ідэйнае напаўненьне.

НезалежныЯПра падрыхтоўку да выданьня праекту, прысьвечанага 90-годзьдзю БНР яго прадусар Франак Вячорка заявіў яшчэ два месяцы таму. Усё пасьпелі зрабіць у тэрмін, хоць тыпаграфіі і адмовілся друкаваць вокладкі дыскаў да 25 сакавіка, пабаяліся, што яны стануць агітацыйным матэрыялам.

На дыск увайшло 22 песьні, дзесяць зь якіх былі запісаныя адмыслова для складанкі «НезалежныЯ». Свае кампазыцыі для яе прадаставілі як маладыя, так і ўжо знаныя калектывы.

«Усе гэтыя песьні аб'яднаныя беларускай мовай, нагодай для іх публікацыі – 25 сакавіка, ну і, натуральна, пазытыўным настроем і характарам», - кажа Франак Вячорка.

На вокладцы дыска пазначана, што «НезалежныЯ» – гэта супольны музычны праект. Раней пад такой шыльдай сьвет пабачылі славутыя «Народны альбом», праекты «Сьвяты вечар» і «Я нарадзіўся тут». Франак Вячорка спадзяецца, што «НезалежныЯ» станецца працягам гэтай добрай традыцыі:

«У ім ёсьць доля ад „Я нарадзіўся тут“ - гэта шчырасьць і беларускасьць. Нешта ёсьць ад „Песень Свабоды“ - зацятасьць, вулічнасьць, масавасьць. Ну і нешта ёсьць, што яшчэ не разьведана і не разгадана – гэта ўласны характар, характар незалежных».

Адно з адкрыцьцяў праекту «НезалежныЯ» – песьня «Загінулым паэтам прысьвячаецца» ў выканні гурта :B:N: сумесна зь Лявонам Вольскім. Цяпер яна ўдзельнічае ў нашым чарце. Гітарыст гурта :B:N: Максім Літвінец тлумачыць, што назву песьні трэба разумець у шырокім яе сэнсе:

«Гэтая песьня прысьвячаецца ня толькі загінулым паэтам, а яшчэ і тым, якія праз свае погляды ня могуць публічна выказаць свае думкі».

На дыск «НезалежныЯ» трапілі ня ўсе песьні, якія арганізатары плянавалі на яго зьмясьціць. У фінальнай вэрсіі – 22 трэкі, а павінна было быць 25. Некаторыя песьні прыйшлося падкараціць, некаторыя адкласьці ў шуфляду. Укладальнік праекту Адам Птушка кажа, што музыкі да гэтага паставіліся з разуменьнем і ніхто не крыўдаваў.

«Я адбіраў гурты, якія найперш падабаюцца мне. Таксама нашыя кансультанты адбіралі. Мы калегіяльна ўвесь матэрыял праслухалі і вызначылі 22 кампазыцыі».

Праект «НезалежныЯ» выдадзены накладам у 2000 асобнікаў. Першая тысяча будзе распаўсюджаная бясплатна сярод тых людзей, якія падпісаліся на атрыманьне дыску праз інтэрнэт. Яшчэ тысяча асобнікаў паступіць у дыскарні і музычныя крамы. Усе песьні са складанкі «НезалежныЯ» можна абсалютна легальна спампаваць з афіцыйнага сайту праекту.

Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў» для Радыё «Рацыя»


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net