.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Назад у БССР
| 08.04.2008 |

Сёлета спаўняецца роўна 40 год з таго часу, як у Менску прайшоў першы рок-фэстываль. З нагоды такога юбілею ўдзельнікі тых падзеяў вырашылі сабрацца ў гэты ж час і ў гэтым жа месцы. Акцыя «Менскі біт-фэстываль. Праз 40 год» мае прайсьці ў залі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (у тыя часы – РТІ) і ў ёй возьмуць удзел музыкі, якія стаялі ля вытокаў беларускага рок-н-ролу.

Менскі Біт-фэст 1968Якраз на гэтых выходных адбылася першая рэпэтыцыя пасьля доўгага перапынку гурта «Альгарытмы» – аднаго з хэдлайнэраў біт-фэсту-1968. «Мы вельмі хутка згадалі свой рэпэртуар, - апавядае ўдзельнік гурта Генадзь Старыкаў. – Мяркую, што мы добра запалім на сцэне БДУІР».

Генадзь якраз і зьяўляецца ініцыятарам правядзеньня сёлетняй акцыі. «Гісторыя беларускага року – зьява малавывучаная, хацелася бы, каб людзі ведалі адкуль растуць ногі ў беларускай ці, прынамсі, у менскай рок-музыкі», - кажа сп. Старыкаў. Як згадвае музыка амаль з 50-гадовым стажам, у той час правядзеньне рок (біт)-фэсту ў БССР уявіць было проста немагчыма. Але «адліга» спрыяла. «Тыя часы можна назваць адносна вальнадумнымі – усё было новае, прычым ва ўсіх сфэрах: ад паэзіі да праграмаваньня. Да гэтага ставіліся з пэўнай засьцярогай, але і зь цікавасьцю». Цікава, што прыхільнікі рок-музыкі знайшліся нават сярод кіраўніцтва БССР. Шмат у чым дзякуючы такой падтрымцы і стала магчымым правядзеньне фэсту ў сьценах РТІ.

Якраз у гэты ж дзень і час, у тым жа месцы і пройдзе імпрэза «Менскі біт-фэстываль. Праз 40 год». 12 красавіка ў 18:00 на сцэну БДУІР выйдуць удзельнікі фэсту-1968 – Яўген Канавалаў, Генадзь Старыкаў, Яўген Адстаўноў, гурты «Альгарытмы», «Зодчие», а таксама «больш маладыя хлопцы». Так Генадзь Старыкаў назваў тых музыкаў, якія пачалі граць рок-музыку пад уплывам руху канца 60-х – Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў, Вольга Аліпава (гурт «Сузор'е»), Віктар Маўчанаў і Ўладзімер Ткачэнка (удзельнікі «Песьняроў») ды яшчэ шмат знаных асобаў.

З дадатковых цікавостак сёлетняга біт-фэстывалю – унікальны фільм пра той самы канцэрт 1968 году і выстава менскай залі музычнай славы, якая адкрыецца ў гэты ж дзень у фае актавай залі БДУІР.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў» для Радыё «Рацыя»


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net