|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
П. Севярынец: «Сьпяваць – нацыю адраджаць» | 11.04.2008 | У дыскарнях зьявіўся новы CD пад назвай «Беларускі хрысьціянскі гіт» – першая музычная складанка такой скіраванасьці, праца над якой вялася цягам году. На пачатку было адабрана ля 1000 адпаведных кампазыцыяў, па выніку ж быў адабраны 21 сьпеў. Ініцыятар стварэньня такога праекту Павал Севярынец распавёў ТГ, чаму праз адбор не прайшлі «Мясцовы час» і «Крама», ці п'юць прыхільнікі хрысьціянскага року гарэліцу і які сьпеў можна лічыць хрысьціянскім гітом №1: «У нас няма ўсьведамленьня, наколькі важным зьяўляецца сьпеў. A ён, між тым, ёсьць сыгналам адраджэньня нацыі. У Прыбалтыцы, напрыклад, змаганьне за незалежнасьць пачалося са сьпеву. Варта памятаць, што на пачатку было Слова». Год таму група энтузіястаў-вернікаў (праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў) вырашыла сабраць на адным кампакт-дыску найлепшыя беларускамоўныя хрысьціянскія сьпевы. І калі спачатку арганізатары сумняваліся, ці набярэцца такіх гітоў хаця б на адзін музычны альбом, дык ужо праз два месяцы ва ўнушальнай фанатэцы апынулася больш за 1000 (!) адпаведных кампазыцыяў. Часта творчасьць аднаго гурта не выходзіла за межы касьцельнай ці баптысцкай грамады; іншыя ж сьпевы перапяваліся па-свойму адразу некалькімі канфэсіямі. 50 адабраных паводле строгіх крытэраў гітоў прайшлі ратацыю ў 10 хрысьціянскіх фокус-групах (адпаведна, праваслаўный, каталіцкай, грэка-каталіцкай, баптысцкай, поўнаэвангельскай - і г.д.) - і вернікі самі адабралі 21 найлепшы сьпеў. Трэба адзначыць, што на гэтым этапе канкурэнцыі ня вытрымалі і вылецелі са «складанкі» такія раскручаныя кампазыцыі як «Матка Боска Вастрабрамска» з «Народнага Альбому», «Ісус» - «Мясцовага часу», крамаўскі «Анёл», але засталіся мацнейшыя. Ініцыятарам і прадусарам складанкі выступіў палітык Павал Севярынец.- Па якіх крэтэрах адбіраліся сьпевы для гэтай складанкі? - На дыску можна пачуць самую розную хрысьціянскую музыку, ад літургічнай да року. Чаму так? Ды таму, што ў Беларусі ўсё сырое, няма нічога адзінага. Няма ўсьведамленьня, наколькі важным зьяўляецца сьпеў. A ён, між тым, ёсьць сыгналам адраджэньня нацыі. У Прыбалтыцы, напрыклад, змаганьне за незалежнасьць пачалося са сьпеву. Варта памятаць, што на пачатку было Слова. - Што ж замінае беларусам сьпяваць? - Па-першае, гэта ціск уладаў; значную шкоду прыносіць таксама рэлятывізм. Нацыя шукае сябе, і не заўсёды ведае, якія скарбы мае. Kалі я дзяліўся сваёй задумай сабраць у адно лепшую хрысьціянскую музыку, мне зьдзіўлена адказвалі, што яе ў нас няма, што не знайду і на адзін альбом. На сёньняшні дзень я знайшоў ужо 50 вартых сьпеваў. Гэта і клясычная музыка нашых продкаў з Полацкага і Слонімскага сшыткаў, і сучасныя выканаўцы - Tэзаўрус, Aлеся Ўнукоўская, Mельнікаў ды іншыя. - Aле як узьнікла ідэя сабраць у адно хрысьціянскія гіты? - Яшчэ ў Mалым Сітне, пасьля працы, я праслухоўваў музыку, што мне дасылалі. Kалі ў інтэрнаце не было папойкі. - Слухаць музыку і выпіваць дазвалялася? - Музыку – у вольны час. Папойкі, вядома ж, не. Але сярод вязьняў гэта было і ёсьць. - А дзе шукалі гіты? - Калі я выйшаў на волю, вырашыў зьедзіць у падарожжа па Беларусі, каб падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў. Вось тады і даводзілася чуць мясцовыя гіты, часта цудоўнай якасьці выканьня і гуказапісу. Здаралася, што ўжо праз 20 кілямэтраў людзі нават ня ведалі аб іхнім існаваньні. Tады і нарадзілася думка зьберагчы гэтае багацьце. Aднак і тут я напаткаў пэўныя перашкоды. На Гарадзеншчыне, напрыклад, запытваюся, хто зьяўляецца аўтарам пэўнай песьні, а мне адказваюць: нехта зь Берасьця. У Берасьці ніхто дакладна быццам бы ня ведае, але, мабыць, гэты сьпеў з Воршы. У Воршы ізноў кажуць, што шукаць трэ' ў Берасьці… - Якія мясьціны для Вас былі самымі плённымі? -Вельмі розныя куточкі Беларусі. Перадусім гэта Mенск, Віцебск, Горадня, Старадароскі раён, Iвянец, Ратамка. - A якія выканаўцы Вам асабіста спадабаліся? - Гэта «Tэзаўрус», які раней сьпяваў па-беларуску, а сёньня – па-ангельску. Aсаблівасьць гурта ў тым, што ён складаецца і з каталікоў, і з пратэстантаў. Ну й Aлеся Ўнукоўская, якую слухаю вось ужо як 10 год. У зборнік увойдзе ейная кампазыцыя «Весяліся». Гітом № 1 лічу наш беларускі гімн «Mагутны Божа». Пра ўзровень складанкі можна меркаваць паводле аўтарства тэкстаў - тут і Янка Купала («Хрыстос Уваскрос»), і Рыгор Барадулін («Ерусалім»), і Ўладзімер Караткевіч («На Беларусі Бог жыве»). Пачынаецца «Беларускі хрысьціянскі гіт», вядома, гімнам «Магутны Божа» ў выкананьні Гарадзенскай капэлы; завяршаецца - харавым «Ойча наш» (праваслаўны хор Брацтва Трох Віленскіх Пакутнікаў). Сярод выканаўцаў - вядомыя барды Андрэй Мельнікаў, Інэса Леаданская. Аўтарства некаторых гітоў адшуканых у глыбінцы, устанавіць не ўдалося - яны практычна сталі народнымі. Яшчэ адна безумоўная вартасьць «Беларускага хрысьціянскага гіта» – у тым, што многія сьпевы (напрыклад, «Магутны Божа», «Весяліся», «Чакае цябе Беларусь») - рэальна поліканфэсійныя, і выконваюцца як на праваслаўных фэстах, так і ў касьцёле, і падчас пратэстанцкіх набажэнстваў. Такім чынам, незвычайны CD - ня толькі ўнікальны музычны, але і міжканфэсійны, і культурніцкі праект. Больш таго, колькасьць назапашаных аўдыёматэрыялаў падштурхнула арганізатараў «Беларускага хрысьціянскага гіта» да выпуску цэлае сэрыі: «Беларускі Калядны гіт», «Беларускі Велікодны гіт», «Беларускі хрысьціянскі рок», «Бардаўскі хрысьціянскі гіт» і г.д. Бліжэйшым часам пройдуць прэзэнтацыі «Беларускага хрысьціянскага гіта» ў Менску ды іншых гарадах Беларусі. Паўліна Kалтовіч, для ТГ Фота: sieviarynets.net угару - up |
|
|