.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«НОМ» у Менску
| 11.04.2008 |

13-га красавіка культавая андэграўнд-фармацыя 90-х, творчае аб'яднаньне «НОМ» нарэшце наведаюць сталіцу Беларусі, каб выканаць свае бесьсмяротныя гіты, а таксама парадаваць беларускіх аматараў авангарднага кінэматографу сваёй новай мастацкай кінастужкай «Фантамас здымае маску».

НОМЭпахальная вялікасьць калектыву «НОМ» не намагае дадатковага прэзэнтаваньня. Падчас іх заўжды пасьпяховых выступаў на эўрапейскіх фэстывалях гледачы ў захапленьні крычаць штосьці наконт «рускіх Laibach» і «рускіх Residents». Але самі музыкі дакладна трымаюцца традыцыяў заходняга андэграўнду ў музычных аспэктах (экспэрымэнтуючы з усімі стылямі – ад футурыстычнага электра-попу і хард-року да індастрыела і нават клясычна-опэрных экзэрсізаў) і расейскамоўнага абсурдызма ў эстэтыцы Хармса, Увядзенскага ды Забалоцкага ў аспэктах лірычных. Канцэрт «НОМ» – гэта сапраўднае пост-мадэрновае падарожжа ў незвычайны сюррэалістычны сусьвет, лёгіка якога, калі падумаць, нашмат больш мэтазгодная, чым тая, на якой будуюцца законы сучаснай штодзённасьці. Людзям, якія неяк намагліся на сваім шляху да стабільнага ды спакойнага дарослага жыцьця цалкам дзесьці згубіць сваё пачуцьце гумару ды здаровы інфантылізм, які дазваляе ад усяго сэрца радавацца цынічным песенькам «НОМ», на гэтым канцэрце рабіць няма чаго! Але, можа быць, наадварот – толькі канцэрт «НОМ» можа дапамагчы ім зноўку адшукаць сваё сапраўднае «я»? Сапраўды, можна паверыць у тэрапеўтычную моц творчасьці легендарных «каралёў Санкт-Пецербургу», як музыкі самі сабе справядліва клічуць.

Галоўная інтрыга менскага канцэрту НОМ зьвязаная з кінэматографам – перад канцэртам адбудзецца прэзэнтацыя найноўшай кінастужкі гурта (які ўжо шмат гадоў, дарэчы, займаецца альтэрнатыўным кінэматографам і ў мінулым годзе нават зрабілі фільм «Беларуская быль» пра незвычайнае здарэньне з адным простым беларускім ДАІшнікам) пад назвай «Фантамас здымае маску». Фільм здымаўся ў Францыі, бо яго стваральнікам хацелася захаваць ў ім стылістычныя асаблівасьці, характэрныя для францускіх камэдыяў 60-х. Традыцыйна ўдзельнікі гурта зьняліся ў стужцы ў поўным складзе. Вядома, што ў НОМ пераграла шмат людзей – некаторыя зь іх удзельнічаюць у гастрольным жыцьці калектыву ня так рэгулярна, як улюбёныя публікай І. Турыст і А. Кагадзееў (якіх менскі глядач убачыць сваімі вачыма!), але ўсе яны пэрыядычна сустракаюцца зь сябрамі падчас працы над фільмамі і для рэдкіх канцэртаў у «залатым складзе».

Сюжэт «Фантамаса» зьвязаны з тым, што ўдзельнікі «НОМ» амаль зь дзяцінства марылі даведацца, чым жа ўсе ж такі скончылася гэтая гісторыя з Фантамасам і што сталася зь іх улюбёнымі героямі. Так і не дачакаўшыся працягу, яны вырашылі зняць фільм самастойна. Анатацыя да кінастужкі абяцае сапраўды незвычайнае да займальнае відовішча:

«Камісар Жуў выйшаў на пэнсію ды пасяліўся ў маленькай хатцы на ўскраіне Парыжа. Інспэктар Бэртран ажаніўся і стаў шчасьлівым бацькам вялікага сямейства. Ціхая ды забясьпечаная француская старасьць. Пра Фантамаса паступова ўсе забыліся. Але сам ён нічога не забыў! Адным цудоўным днём, які не абяцаў ніякай бяды, у канцы месяца, Жуў, як звычайна, адправіўся на пошту за пэнсіяй…»

Цікава, што было далей? Сустрэнемся на канцэрце легендарнага гурта «НОМ». 13-га красавіка ў клюбе Fabrique, 19:00.
Кошт квіткоў: 25 000 (папярэдні продаж), 30 000 (на ўваходзе)
Квіткі можна замовіць і набыць, патэлефанаваўшы на гэтыя нумары: (029) 278-32-16, (029) 178-32-16


ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net