.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Dali ідзе на Варшаву
| 15.04.2008 |

Пасьля шэрагу безвыніковых спробаў патрапіць на «Басовішча» і «Эўравізію» гурт DALI вырашыў прабіцца на фэст эўрапейскай музыкі ад суседняй краіны. Пра гэта заявіў польскі прадусар гурта Ігар Знык. Лідэр гурта Віктар Рудэнка: «Беларусь, як тая дама сэрца, якую трэба зваяваць, схадзіўшы на Маскву або Кіеў. Але калі станем папулярнымі ў суседняй краіне, на Радзіму не забудземся. Абяцаю!» Пасьля менскай прэзэнтацыі свайго дэбютнага дыску «Zагадкі Zігмунда Fрэйда» Dali едзе паказваць сваю праграму ў Варшаву.

DaliХоць гэта дэбютны альбом Dali, навічкамі іх назваць цяжка. Ужо больш за чатыры гады музыкі актыўна канцэртуюць, а колькі іх песень можна назваць сапраўднымі гітамі, як той «Грай, гармон». Гук на дэбютным альбоме Dali рабіў саундпрадусар Андрэй Жукаў, вядомы па працы зь «Ляпісам Трубяцкім» і «Троіцай».

Гурт Dali хоць і завецца менскім, але мае віцебскія карані. Менавіта адтуль паходзіць лідэр каманды Віктар Рудэнка. Спачатку ягоны праект зваўся «Чалавек з разынкамі», а з гады чатыры таму назву зьмянілі на больш таямнічую, караценькую і мілагучную – Dali. Колькі гадоў Віктар некалькі разоў на тыдзень матляўся між Віцебскам і Менскам дзеля рэпэтыцыяў, бо астатнія музыкі гурта – са сталіцы. А потым ужо настала і сам перабраўся ў Менск. Dali пэўна адзіны гурт Беларусі, які справабаваў трапіць, як на андэграўнднае «Басовішча», так і на папсовую «Эўравізію». Ды і сам гурт існуе ў такім стылістычным памежжы, дзе ёсьць месца і рок-музыцы, і дыска, і нават хаўсу.

Адзін з нумараў гэтай праграмы мусіць зьдзівіць нават тых, хто больш-менш знаёмы з творчасьцю гэтай менскай каманды. Трэк «Пахне чабор» – мікс зь вершаў адразу трох знакавых беларускіх паэтаў – Алеся Гаруна, Петруся Броўкі і Янкі Купалы. Гэты запіс цікавы яшчэ і тым, што зроблены ён на жывым выступе гурта ў межах праграмы «MTV Unplugged». Якраз гэтая песьня і возьме ўдзел у адным з бліжэйшых тураў на ТГ.

Хлопцы з гурта Dali толькі-толькі прэзэнтавалі альбом «Zагадкі Zігмунда Fрэйда», а ўжо рыхтуюць да выданьня свой наступны дыск. Музыкі кажуць, што ён будзе істотна розьніцца ад гэтага. І ў якасьці доказу зьмясьцілі на «Загадках» бонусам адну зь песень – «Silver Sky». «Гэты твор з нашай сьвежай экспэрымэнтальнай нью-фанкаўскай праграмы, якая будзе выдадзена ўжо пры канцы гэтага году», - кажуць музыкі.

SB, ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net