.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Cёньня – інтэрнэт-рэліз сольнага альбома Лявона Вольскага
| 16.04.2008 |

16 красавіка 2008 году на сайце www.lvolski.com адбыўся рэліз дэбютнага сольнага альбома Лявона Вольскага «Куплеты і прыпевы» – ён распаўсюджваецца цалкам бясплатна ў фармаце mp3. Альбом складаецца з 10 песень, вытрыманых у стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон. У якасьці бонусу на сайце таксама можна спампаваць трэш-відэа «Эўравізія». «Я сам ня ведаю, чаго ў гэтым альбоме больш – чорнага гумару ці музыкі», – прызнаецца Лявон Вольскі.

Лявон ВольскіЯк усё рабілася
Ідэя альбома зьявілася ўвосень 2006. «Я недзе прачытаў пра тое, як нейкі дэпутат прапанаваў стэрылізаваць бамжоў, алькаголікаў і злосных алімэнтшчыкаў, – распавядае Лявон. – Адразу нарадзілася песьня „Дэпутаты“. Яна і дала ідэю – зрабіць гэткі брутальны трэш-шансон-праект».

Астатнія песьні напісаліся вельмі хутка. Ужо ўвесну 2007 альбом быў запісаны, а летам – зьведзены. Апошняй кропкай у падрыхтоўцы стаў кліп «Эўравізія», зьняты ў лістападзе 2007. Ён жа стаў першым крокам у прамоцыі дыску – прэм'ера гэтага трэш-відэа адбылася 1 красавіка. За два тыдні яго паглядзела больш за 5 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў.

Музычны бок
«Куплеты і прыпевы» – гіпэрмінімалістычны і гіпэрканцэптуальны праект. Амаль увесь ён зроблены Лявонам Вольскім на культавым старым сынтэзатары Kurzweil, за выняткам некалькіх партыяў, выкананых на гітары Паўлам Трацяком. «Я хацеў, каб аранжыроўкі максымальна адпавядалі канцэпцыі, – гаворыць Вольскі. – Таму што, на мой погляд, галоўнае ў гэтых песьнях ня музыка, якая грае даволі фармальную ролю, а менавіта тэкст і сама аўра. У пэўным сэнсе гэта нават ня „песьні“, а менавіта „куплеты і прыпевы“. Таму так і завецца альбом».

Лірыка
«Куплеты і прыпевы» – гэта сатырычныя замалёўкі на мяжы рэчаіснасьці і брутальнай фантазіі. Іх «лірычныя» героі ўзятыя з рэальнага жыцьця – алькаголікі і опэрныя сьпявачкі, дэпутаты і палітычныя камэнтатары, папулярныя сьпевакі і памежныя кантрабандысты. Адзіны мітычны герой гэтага дыску – жыдамасоны. «Жыдамасоны, як прычына ўсіх праблемаў у жыцьці грамадзтва, – гэта бадай адзін з найбольш вялікіх гістарычных мітаў, які быў прыдуманы на пачатку ХХ-га стагодзьдзя ў царскай Расеі і з таго часу шмат выкарыстоўваўся нават у часы СССР, – тлумачыць Лявон. – Насамрэч добра вядома, што габрэяў сярод масонаў было ня больш за расейцаў і прадстаўнікоў іншых нацыяў. Цяпер гэтага міта ўжо няма, але традыцыі абвінавачваць у сваіх праблемах усіх, акрамя сябе, на жаль, засталіся. Менавіта пра гэта і песьня».

P.S. Альбом атрымаўся брутальны і жорсткі з аднаго боку, тэатральны і гумарыстычны з другога. Шмат хто скажа, што ён абсурдны, і Лявон Вольскі першы пагадзіцца з гэтым. «Так, ён абсурдны. Такі ж абсурдны, як нашае жыцьцё! Толькі на мастацкі лад», – усьміхаецца сьпявак.

Лявон Вольскі «Куплеты і прыпевы»

ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net