|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Просвет»: важна ўбачыць праменьчык сьвятла | 17.04.2008 | Гурт «Просвет» - адзін з самых незвычайных музычных калектываў Барысава. Нягледзячы на тое, што яго стыль набліжаецца да мэйнстрымаўскага ню-мэталу, «Просвет» складана зблытаць з кім-небудзь яшчэ: філязофскія, часам з гумарком тэксты, рэпэрскія нюансы і выкананьне, мэлёдыі часам з узьнёсласьцю рэлігійных кампазыцыяў. Музыкі пакуль аніяк ня могуць запісаць свой дэбютны альбом. Сытуацыя банальная – матэрыял ёсьць, а грошай няма. У інтэрвію ТГ героі барысаўскага року распавялі гісторыю пра наведваньне шахты: «Калі ваганетка была на ўзроўні 600 мэтраў пад зямлёй, у шахце адрубілі электрычнасьць. А цемра там такая, што яе можна памацаць. Ваганетка коціцца ў невядомым накірунку, а цябе пачынае жэрці жывёльны страх. І тут аднекуль зьверху празь невялікую шчылінку пратачыўся тоненькі праменьчык». Нярэдка прыхільнікі барысаўскай музыкі сустракаюць на канцэртах чатырох модных дзядзек, якія танчаць на сцэне што падлеткі. Пасьля выступу музыкі спускаюцца ў залю і адрываюцца побач з фанатамі. Гэта «Просвет» - адзін з самых прафэсійных і любімых гуртоў барысаўцаў. Амаль аніводны тутэйшы канцэрт не абыходзіцца бяз гэтай чацьверкі: Андрэя Барташэвіча (бас-гітарыст і па сумяшчальніцтве адміністратар), Андрэя Мядзьведзкага («самы лепшы бубнач у гурце»), Яўгена Белагурава (тэкставік, кампазытар і гітарыст), Паўла Ларына (вакаліст). Калі хлопцы і не выступаюць самі, то дапамагаюць з наладкай апаратуры і правядзеньнем канцэртаў. Мы гутарым з Андрэем Барташэвічам (А.Б.) і Яўгенам Белагуравым (Я.Б.):- Як нарадзілася сама назва «Просвет»? А.Б.: Сьпярша мы назваліся PROСВЕТ, альбо «прафэсійнае сьвятло». Гэта азначала імкненьне да прафэсіяналізму. Аднак праз пэўны час выявілася, што такі гурт ужо існуе ў Расеі. Тады мы сталі «Просветам». А яшчэ Яўген, напісаўшы песьню «Про свет», распавёў гісторыю пра ўласнае наведваньне шахты. Калі ваганетка была на ўзроўні 600 мэтраў пад зямлёй, у шахце адрубілі электрычнасьць. А цемра там такая, што яе можна памацаць. Ваганетка коціцца ў невядомым накірунку, а цябе пачынае жэрці жывёльны страх. Калі Яўген ўжо пад'яжджаў да шахты ліфта, аднекуль зьверху празь невялікую шчылінку пратачыўся тоненькі праменьчык. Стала лягчэй. Мы бы хацелі, каб наш гурт стаўся для кагосьці гэтай невялікай кропкай сьвятла. - З чаго ўсе пачыналася? Як і дзе праходзіў першы выступ? Я.Б.: Мы сталі граць у такім складзе з 2005 году. Да гэтага кожны ўжо паспрабаваў сябе ў іншых гуртах. Першы сумесны выступ адбыўся на фэстывалі «Ўсё для цябе», які мы арганізоўваем з дапамогай Біблейскай Царквы Барысава. Звычайна праходзіць ён у траўні. Летась прыяжджалі магілёўскія Carpen Diaz, менскі Tezaurus. Тое, што пачыналася як праект, існуе ўжо трэці год. Гэта музыка супадае з тым, што ў нас унутры. - Тры гады – даволі значны пэрыяд. Плянуеце запісваць альбом? А.Б.: Мы пачалі пісацца тут, у будынку царквы, аднак з барабанамі гэта вельмі складана. Няма зараз мажлівасьці зрабіць нават якасную дэмку. Ёсьць дамоўленасьць зь некалькімі менскімі лэйбламі. Зараз зьбіраем сродкі для будучага запісу. Я.Б.: Нягледзячы на тое, што Барысаў даволі вялікі, тэхнічна запісацца тут немагчыма. Умовы для развіцьця музыкі – адна з самых балючых нашых праблемаў. Няма нават кропак, дзе можна было б рэпэтаваць. У каго ёсьць якая камора, туды і зашываюцца. Але ў нашым горадзе даволі прыдатная глеба, з кожным годам зьяўляецца ўсе болей новых гуртоў. Таму хацелася б мець свой музыкальны цэнтар, базу, на якой гурты маглі б проста разьвівацца. - А ў якіх фэстах і канцэртах вы ўзялі ўдзел апошнім часам? А.Б.: За апошні год мы адыгралі канцэртаў болей, чым за ўвесь час свайго існаваньня. Выступалі ў Магілёве, Жодзіне, Менску, Барысаве. Я.Б.: Яшчэ езьдзілі ў Маскву на фэстываль хрысьціянскай музыкі, дзе былі прадстаўленыя гурты розных канфэсіяў. Аднак арганізатары ў хуткім часе будуць запрашаць і музыкаў, якія граюць музыку з пазытыўнымі тэкстамі. - Датычна самой «хрысьціянскай музыкі». На Беларусь яна прыйшла з Захаду параўнальна нядаўна. Як нашы людзі рэагуюць на яе, прызвычаіліся ці бываюць нейкія канфлікты? Я.Б.: Для мяне, у прыватнасьці, не існуе такога паняцьця як «хрысьціянская музыка». Няма ж у сьвеце мусульманскага року ці індуісцкага. Мы маем пэўныя рэлігійныя перакананьні, аднак не зьяўляемся машынай па іх прапагандзе. Любая творчасьць складаецца з таго, што ты аддаеш частку сябе аўдыторыі. Наш бэкграўнд адрозьніваецца тым, што мы праз многае прайшлі і хацелі б падзяліцца вопытам. Трэба дадаць, што ў Эўропе паняцьце хрысьціянскай музыкі трывала пусьціла карані. І ў апошні час стала нават модным падпісвацца пад дадзеным тэрмінам. Ёсьць шмат буйных лэйблаў, што працуюць на сродкі вядомых хрысьціян. Запісвацца ў такім месцы прэстыжна, таму некаторыя мэтанакіравана пішуць рэлігійныя тэксты і г.д. - Гэта т.зв. камэрцыйнае мастацтва. А як вы ставіцеся да тых, хто зарабляе такім чынам вялікія грошы? А.Б.: Музыка павінна быць найперш мастацтвам. Нам казалі так: «Калі жадаеце чагосьці дасягнуць, трэба памяняць стыль, а потым прабівацца на радыё і тэлебачаньне». Аднак у нас іншыя мэты, і гэта далёка не дасягненьне славы. Калі тое, што мы робім, некага чапляе, добра. Калі не - ёсьць шмат іншых гуртоў. Перад паездкай у Маскву ў нас былі даволі вялікія амбіцыі. Аднак пасьля таго, з чым мы там сутыкнуліся, шматлікіх размоваў з разумнымі людзьмі, мы вырашылі ня ехаць у Піцер і на Ўкраіну, як плянавалася раней. Трэба пачынаць з таго, каб цябе ведалі ў родным горадзе, ў Барысаве, і за мінулы год мы гэтага дасягнулі. - На адным магілёўскім кватэрніку музыка перад выступам пажаліўся, што «сям'я забіла творчасьць». Ці хапае часу на сям'ю і на музыку? Я.Б.: Жонка збольшага адносіцца з разуменьнем, дачка песьні напявае. Яны прыходзяць на нашы канцэрты. Прыемна, калі чалавек, які ніколі не любіў цяжкую музыку, пасьля выступу падыходзіць да цябе са словамі «а вось гэта мне спадабалася». - Для каго пішаце свае песьні? Я.Б.: Мы не задумваліся, якую аўдыторыю абіраць. Аднак стыль ню-мэтал больш кранае моладзь і падлеткаў, чым прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня. - А чаму абралі менавіта ню-мэтал? А.Б.: Аднойчы перад канцэртам арганізатары запыталі, у якім стылі грае «Просвет», каб падпісаць на афішы. Прыйшлося запрасіць на рэпэтыцыю абазнанага сябра, каб той вызначыў накірунак. Пасьля некаторых ваганьняў паміж рэп-корам і гард-корам ён абазваў нас «ню-мэталюгамі». Адтуль і пайшло! Гутарыла Трактарына Дармідонтава, для ТГ угару - up |
|
|