|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Кірчуку за радзіму крыўдна | 30.04.2008 | «Троіца» прэзэнтавала свой чацьверты дыск «Сон-трава», які выходзіць асобна ў Беларусі і ў Польшчы з дыстрыбуцыяй у некалькіх эўрапейскіх краінах. Лідэр гурта Іван Кірчук з нагоды выхаду дыску падзяліўся сваімі думкамі што да становішча ў беларускай фольк-музыцы: «Музычных адукацыйных установаў у нас хапае, але пры тым няма этнічнай радыёстанцыі, не праводзяцца этнічныя фэстывалі і для музыкаў няма магчымасьці для самавыяўленьня. Крыху крыўдна за Радзіму…» Гэты гурт дае канцэрты на радзіме адзін раз на год, альбомы запісвае раз на 3-4 гады, але пры тым лічыцца сапраўднай зьявай у беларускай музыцы. 30 красавіка адбыўся рэліз новага альбома этна-трыё «Троіца» – адной з самых знаных фольк-камандаў Беларусі. Запісваўся ён на студыі «Рэмбрандт» польскага «Радыё Беласток» і ў яго ўвайшлі 10 новых кампазыцыяў. Песенны матэрыял для яго музыкі знайшлі ў інстытуце этнаграфіі Акадэміі навук, у архівах беларускага радыё і ва ўласных запісах экспэдыцыяў. На прэзэнтацыі дыску «Сон-трава» для журналістаў лідэр «Троіцы» зазначыў, што ўпершыню музыку да ўсіх кампазыцыяў удзельнікі гурта напісалі самі. Тым і асаблівы гэты альбом у дыскаграфіі «Троіцы».- У ранейшых альбомах мы працавалі толькі над аранжыроўкай народных твораў. Але аснова – тая ж – аўтэнтычныя тэксты. Іх ня лучыць нейкая адна тэма - ёсьць вясельныя сьпевы, сьпевы-галашэньні, жаўнерскія. А назвалі мы альбом па самай магічнай песьні – «Сон-трава». Цікава, што новы альбом «Троіцы» адмыслова выдадзены і ў Польшчы і набыць яго можна будзе ў эўрапейскіх дыскарнях. Каардынатар праекту «Сон-трава», польскі прадусар Ігар Знык кажа, што з гэтай акалічнасьцю можна зьвязваць пэўныя надзеі. - Мы падпісалі кантракт зь фірмай Recordis, якая мае дыстрыбуцыю ня толькі ў Польшчы, але і ў Нямеччыне, Галяндыі. Іх вельмі зацікавіў гэты альбом. Некалькі год таму «Троіца» засьвяцілася ў Галяндыі, а цяпер ізноў вяртаецца. Спадзяюся, што цяпер надоўга. А мо і назаўжды. «Троіца» ўжо нямала паезьдзіла па свеце і ўдзельнічала ў сямі дзясятках этнічных фэстываляў. Іван Кірчук убачыў, як ставяцца да фальклёрнага багацьця ў розных краінах і нямала зьдзівіўся некаторым фактам. Музыка кажа, што ў адной Канадзе штогод праводзіцца з тысячу фольк-фэстываляў. Вандроўка ў Эстонію наогул уразіла Івана Кірчука. - У адной з эстонскіх вёсачак ёсьць музычны коледж, дзе галоўнай ўмовай для студэнтаў і выкладчыкаў зьяўляецца годнае выкананьне народнай музыкі. І ня важна ў якім музычным стылі. Гэтая невялікая вёска мае сваю гуказапісвальную студыю, дзе тыя ж студэнты запісваюць свае дыскі. Калі такое бачыш – крыху крыўдна за Радзіму. Хоць музычных адукацыйных установаў у нас хапае, але пры тым няма этнічнай радыёстанцыі, буйных этнічных фэстываляў і для музыкаў няма магчымасьці для самавыяўленьня. Канцэртная прэзэнтацыя дыску «Сон-трава» адбудзецца 17 траўня ў канцэртнай залі «Мінск». Музыкі з «Троіцы» абяцаюць скарыстаць шмат інструмэнтаў, якія яны не бяруць у свае замежныя паездкі. А на 26 траўня заплянаваны вялікі сумесны канцэрт гуртоў «Троіца», «Палац» і OSIMIRA ў віцебскім амфітэатры. Сяргей Будкін, для www.racyja.com угару - up |
|
|