.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Ляпісы» адыгралі ў Палацы спорту
| 10.05.2008 |

На першым за чатыры гады сольным канцэрце гурта «Ляпіс Трубяцкой» у Менску ўрэшце быў прэзэнтаваны «Капітал» і некалькі новых кампазыцыяў з амаль гатовага ўжо новага альбома – у тым ліку «Папсовы жлоб», «Маніфэст» і новая беларускамоўная песьня «Зорачкі». Гурт, хоць і рэдка апошнім часам канцэртуе дома, але шторазу набывае беларускасьці. Павал Булатнікаў: «Прывітаньне, Радзіма!» Сяргей Міхалок: «Жыве Беларусь!»

Сяргей Міхалок«Нас, вядома, ніхто не пытае, але ў выпадку чаго – мы з хлопцамі супраць», – сказаў падчас канцэрту 9 траўня ў Палацы спорту саліст гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок, назваўшы АЭС «анальна-экалягічным сарцірам».

Нягледзячы на тое, што канцэртная праграма называлася, як і апошні альбом ЛТ – «Капітал», музыкі цудоўна ўсьведамлялі, што прэзэнтаваць альбом на Радзіме праз год пасьля яго выхаду ў сьвет (а акрамя мінулагодняга фэсту «Рок за Баброў» у Бабруйску суайчыньнікі бадай ня мелі іншае магчымасьці паслухаць гурт нажыва ў Беларусі) – гэта было б па меншай меры банальна. Таму ў Палацы спорту прагучалі і некалькі новых кампазыцыяў з амаль гатовага ўжо новага альбома – у тым ліку «Папсовы жлоб», «Маніфэст» і новая беларускамоўная песьня «Зорачкі». Дарэчы, беларускамоўных кампазыцыяў у новай праграме «Ляпісаў», якая цяпер пішацца ў Кіеве, будзе адразу некалькі. Тыя, хто чуў новую праграму ў рэпэтыцыйным варыянце, сьцьвярджаюць, што «Зорачкі» рызыкуюць стаць ці ня самаю ўдумліваю песьняю будучага альбома.

Уласна апошні выступ у Менску атрымаўся надзіва полілінгвістычным. Апрача песьняў расейскаю і беларускаю мовамі, «Ляпісы» прасьпявалі палеска-польскую «Курвы» і ангельскамоўную кампазыцыю-трыб’ют амэрыканскаму панк-гурту Ramones – «I Wanna Be Your Boyfriend». Бракавала хіба што ўкраінскамоўнае песьні, што ў сьвятле анты-АЭС’аўскага выпаду Міхалка магла б стацца вельмі актуальнаю – «Чарнобыль forever», запісанае для трыб’юту кіеўскага гурту «Скрябін». Між іншым, нават няўзброеным вокам становіцца заўважна, што гурт, хоць і рэдка апошнім часам канцэртуе дома, але шторазу набывае беларускасьці. Апрача новых песень і заўсёдных канцэртных «Прывітаньне, Радзіма!» і «Дзякуем! Да пабачэньня!» другога саліста Паўла Булатнікава, ужо і Сяргей Міхалок прамовіў на канцэрце ў Менскім Палацы спорту сакральнае «Жыве Беларусь!». Праўда, як і шмат з таго, што апошнім часам кажа спадар Міхалок (ён жа вечна «падшыты» ў Аршанскім наркалягічным дыспансэры андэрграўндавы паэт Юзік Кілевіч), прагучала гэта на лаціне – «Viva Belarusia!».

Алесь Квіткевіч, дл ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net