.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



За Lombard судзяць
| 11.05.2008 |

Праваахоўныя органы абвінавачваюць старшыню «Саюзу палякаў у Беларусі» Анжаліку Борыс у арганізацыі і правядзеньні 2 траўня ў Горадні несанкцыянаванага мерапрыемства - канцэрта знакамітага польскага гурта Lombard. Лідэр Lombard Гжэгаж Стружняк кажа, што ў адказ на гэта яны рыхтуюць канцэрт салідарнасьці ў Познані: «Нас вельмі зьдзіўляе, што Анжаліку Борыс будуць судзіць. Хаця можна было і чакаць, што нешта такое здарыцца. На канцэрце можна было адчуць, што нешта ідзе ня так».

LombardПерад выступам у Горадні Lombard меў праблемы з тым, каб атрымаць візы ў Беларусь: «Мы да канца ня ведалі, ці атрымаем дазвол на паездку ў Беларусь. Не агучвалі гэтай справы, усё рабілі, каб не было нагоды для адмены канцэрту. Беларускі бок вельмі зацягваў справу выдачы візаў. Толькі ў дзень да ад'езду ў другой палове дня мы атрымалі візы. Нас вельмі зьдзіўляе, што Анжаліку Борыс будуць судзіць. Хаця можна было і чакаць, што нешта такое здарыцца. На канцэрце можна было адчуць, што нешта ідзе ня так. Ужо тады супрацоўнікі Анжалікі Борыс заўважылі, што канцэрт запісваюць на відэакамэры міліцыянты», - кажа лідэр Lombard Гжэгаж Стружняк.

- У сувязі з гэтымі апошнімі падзеямі Lombard нейкім чынам акажа падтрымку спадарыні Борыс?
- Натуральна. Мы сябруем зь ёю і, напэўна, нейкім чынам пазначым сваю салідарнасьць. Калі будзе шанец, то падтрымаем Анжаліку Борыс. Хутка зладзім канцэрт у Познані. Ідэя яго узьнікла пасьля канцэрту ў Горадні. Анжаліка Борыс распавяла нам, што падрыхтавала варыянт, на выпадак калі б нам не дазволілі прыехаць у Беларусь. Яна прыдумала, што ў такой сытуацыі нашыя песьні выканаюць беларускія мясцовыя гурты. Цяпер маем ідэю запрасіць гэтыя гурты ў Познань на супольны канцэрт салідарнасьці.

- Ці прыме Lombard магчымыя новыя запрашэньні на канцэрт у Беларусь?
- Цяжка сказаць… Гэты канцэрт у Горадні быў для нас значнай падзеяй. Была цудоўная публіка. У нашых размовах пасьля канцэрту мы абяцалі сабе, што калі толькі будзе такая магчымасьць, то зноў зайграем у Беларусі. Хаця вядома, што наколькі нэрвовая гэта справа.

Бліжэйшым часам Анжаліку Борыс чакае суд паводле артыкула «Арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства», які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу вялікіх памераў ці адміністрацыйны арышт.

Канцэрт гурта Lombard прайшоў у межах сьвяткаваньня сусьветнага дня Палёніі, што адзначаецца 2 траўня ва ўсіх краінах свету, дзе існуе польская дыяспара. Гарадзенскія ўлады пытаньне культурнага абмену перавялі ў палітычнае, таму канцэрт прайшоў пад адкрытым небам у непрыстасаваных для такіх мерапрыемстваў умовах.

Lombard – адзін з найпапулярнейшых гуртоў Польшчы, а яго дыскаграфія складаецца з 23 альбомаў, 11 сынглаў і 17 відэадыскаў. Культавы для гарадзенскіх аматараў музыкі гурт апошні раз меў выступ тут амаль 20 гадоў таму.

Нягледзячы на тое, што імпрэза адбывалася на тэрыторыі прыватнай фірмы «Форт», а арганізацыйную і тэхнічную дапамогу ажыцьцяўляла Генэральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Горадні, менавіта Анжаліка Борыс, паводле меркаваньняў міліцыянтаў, зьяўляецца арганізатарам канцэрта Lombard.

На думку самой Анжалікі Борыс, дзеяньні беларускіх уладаў ніякім чынам не спрыяюць нармалізацыі адносінаў ня толькі паміж польскай меншасьцю і дзяржавай, але і паміж Беларусьсю і Польшчай.

Песьня гурта Lombard у выкананьні Касі Камоцкай, Юркі Асенніка і Лявона Вольскага

паводле racyja.by

Фота: lombard.pl


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net