.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Рок-дабрачыннасьць у Гомелі
| 12.05.2008 |

17 траўня ў Гомелі пройдзе дабрачынны open-air, удзел у якім возьмуць гурты Rasta, TT-34 і «Городская тоска». Мэта канцэрта - падтрымка 13-гадовага Антона Дабрасельскага, які мае патрэбу ў перасадцы сэрца. Мерапрыемства зладжанае гарадзкім Цэнтрам культуры і гомельскім Рок-цэнтрам пры падтрымцы гарвыканкаму. Арганізатары: «Гурты выступаюць без ганарараў, апаратура, сцэна, друк афішаў – усё робіцца бясплатна».

Антон ДабрасельскіАдзін з арганізатараў канцэрту Сяргей Гаўрылін распавёў, што мерапрыемства адбудзецца на адкрытай пляцоўцы каля Лядовага палаца і будзе бясплатным для гледачоў.

- Спачатку плянавалася правесьці канцэрт у закрытай залі, але цягам падрыхтоўкі стала зразумела, што акцыя вырастае да большага маштабу. Адметна, што ініцыятары дабрачыннай імпрэзы – грамадзкасьць, хаця, канечне, без падтрымкі гарвыканкаму канцэрт наўрад ці змог бы рэалізавацца.

Паводле Сяргея Гаўрыліна, сваю згоду на ўдзел у канцэрце ўжо далі такія вядомыя ў Беларусі гурты як Rasta, TT-34 і «Городская тоска».

- Падкрэсьлю, што на канцэрте будуць самыя розныя стылі – ад рэпу да хард-кору, то бок ідэя дапамагчы хвораму хлопчыку не пакінула абыякавымі нікога з гомельскіх музыкаў. Гурты выступаюць без ганарараў, апаратура, сцэна, друк афішаў – усё робіцца бясплатна.

Гаўрылін дадаў, што цяпер арганізатары спрабуюць дамовіцца наконт жывой трансьляцыі канцэрта на гомельскім тэлебачаньні.

- На сцэне будуць усталяваныя скрыні для ахвяраваньняў гледачоў, аднак галоўны спадзеў – на ахвяраваньні фірмаў і арганізацыяў. Цяпер мы рассылаем факсы прадпрыемствам і фірмам з прапановай ахвяраваць публічна проста на сцэне.

Некалькі гадоў таму Антону Дабрасельскаму з Гомеля паставілі дыягназ «дылятацыйная кардыяміяпатыя». Гэта невылечная хвароба, пры якой сардэчная мышца пераўтвараецца ў злучальную тканку, сэрца хутка павялічваецца ў памеры, і наступае сьмерць. У лістападзе 2007 году хлопчыку была зробленая ўнікальная апэрацыя, падчас якой сэрца зьмясьцілі ў сеткавы каркас, што замаруджвае яго рост. Мэта гэтай апэрацыі - даць час на арганізацыю іншай апэрацыі, па трансплянтацыі сэрца. У Беларусі такія апэрацыі яшчэ не праводзяцца, а для лячэньня за мяжой неабходна больш за 500 тысячаў эўра. Па стане на 7 траўня на апэрацыю Антону сабрана 230 тысячаў эўра.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі бацькам Антона адмовілі ў накіраваньні за мяжу для правядзеньня гэтай апэрацыі – палічылі нямэтазгодным з-за арганізацыйных цяжкасьцей. Бацькам хлопчыка толькі дазволілі зьбіраць грошы на апэрацыю. Але пасьля хвалі публікацыяў у СМІ і рэзанансу ў грамадзтве міністр аховы здароўя Васіль Жарко заявіў, што бярэ пад асабісты кантроль сытуацыю з хлопчыкам:

- Я загадаў усё праверыць і даць мне адказ наконт мэтазгоднасьці рашэньня камісіі па гэтым хлопчыку.

Дабрачынныя рахункі для тых, хто жадае дапамагчы Антону Дабрасельскаму, адкрытыя ў філіяле № 305 ААТ «ААБ „Беларусбанк“» у Гомелі, МФА 151501663, УНП 400048193:

- у беларускіх рублях: транзытны рахунак № 3819382102987 на дабрачынны рахунак 000000004;
- у замежнай валюце: транзытны рахунак № 3819382106417 (для ўсіх валютаў):
на дабрачынны рахунак у эўра № 9780000000003,
на дабрачынны рахунак у далярах ЗША № 8400000000031,
на дабрачынны рахунак у расейскіх рублях № 6430000000005.
Прызначэнне плацяжу: «На Дабрасельскага Алега Валяр’янавіча для лячэньня Дабрасельскага Антона».

Інфармацыя пра ўжо сабраныя сродкі на сайце http://new_heart.at.tut.by/
Сайты Антона Дабрасельскага:
http://new_heart.at.tut.by/, http://ineedheart.livejournal.com/

Лявон Ждановіч, Радыё «Рацыя»


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net