.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Князь Мышкін» узяўся за Купалу
| 26.05.2008 |

Адвечныя экспэрымэнтатары з гурта «Князь Мышкін» сваёй апошняй працай зьдзівілі нават самых адданых прыхільнікаў сваёй творчасьці. Майстры інтуітыўнай імправізацыі вырашылі ўзяць з кніжнай паліцы паэму Янкі Купалы «На куцьцю», але ня толькі дзеля таго, каб згадаць лішні раз клясыку беларускай літаратуры. «Князь Мышкін» запісаў цэлы дыск імправізацыяў для гітары ды духавых інструмэнтаў, а дэклямаваньнем заняўся вядомы журналіст Зьміцер Падбярэзскі. Аўтары праекту прысьвяцілі сваю працу 90-годзьдзю Беларускай народнай рэспублікі.

Леанід НарушэвічЛідэр «Князя Мышкіна» Леанід Нарушэвіч кажа, што ідэя належыць не яму, а Зьмітру: «Паэма сапраўды падалася нам цікавай і пад яе лёгка імправізавалася. Выйшла проста, лёгка і караценька. Ня думаю, што мы зрабілі нешта неверагоднае, але нейкі сымбіёз адбыўся».

Падобныя працы – вельмі рэдкія для Беларусі, хоць музычная імправізацыя пад дэклямацыю досыць распаўсюджаны жанр у эўрапейскай культурнай прасторы.

Зьміцер Падбярэзскі кажа: «Захацелася зрабіць тое, што ў Беларусі мала хто рабіў. Таму калі задумаў такую ідэю – адразу зьвярнуўся да „Князя Мышкіна“. Яны пэўна адзіныя, хто мог яе ўвасобіць».

Аўтар ідэі альбома «На куцьцю» спачатку начытаў твор Янкі Купалы і аддаў музыкам, ня ведаючы, якое музычнае аздабленьне зьявіцца ў далейшым: «Я баяўся аднаго – што музыка і тэкст будуць існаваць самі па сабе, у лепшым выпадку ісьці паралельна, – кажа Зьміцер. - А музыкі, відаць, самі добра адчулі настрой тэксту Купалы і вельмі добра спрацавалі. Таму, як на маю думку, гучыць усё вельмі арганічна».

Альбом уяўляе зь сябе па сутнасьці адзін трэк, умоўна падзелены на сем частак. Выглядае гэта наступным чынам: дэкляматар (Зьміцер Падбярэзскі) выразна і безэмацыйна, як тую дыктоўку, чытае клясыку, а музыкі (Леанід Нарушэвіч на гітары і Віктар Сямашка на духавых) між справай паказваюць як яны няслаба авалодалі тэхнікай гульні на сваіх інструмэнтах. І выйшла сапраўды нясумна. Толькі музыкам вядомы сакрэт, як іх інтуітыўная імправізацыя сталася гарманічным працягам і фактычна зьлілася з тэкстам паэмы, напісанай на 98 год раней. Вядома ж, праца «Мышкіна» не ідзе ў параўнаньне зь песьняроўскім «Гусьляром». Ды гэта і рок-опэрай не назавеш, хутчэй такая літаратурна-музычная кампазыцыя – жанр занядбаны, але куды багацейшага і цікавейшага фармату, чым папулярная сёньня аўдыёкніга. Праца пакуль так і не знайшла выдаўца, але слухача знойдзе дык дакладна.

Князь Мышкін – На куцьцю, самвыдат, 2008

SB, ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net