.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Басовішча»: у журы – пяць чалавек, фармуецца праграма
| 03.06.2008 |

Аргкамітэт «Басовішча-2008» вызначыўся з складам журы, якое адбярэ ўдзельнікаў на конкурс. Гэта музыканты Аляксандар Памідораў і Ігар Варашкевіч, музычны журналіст Сяргей Будкін, вядомы беларускі музычны блогер Slaver і дырэктар студыі «Осмос» Павал Юрцэвіч. Акрамя таго, старшыня БАСу Радаслаў Дамброўскі падзяліўся сакрэтам праграмы будучага фэсту.

«Басовішча-2007»: журыПа словах Радаслава Дамброўскага, БАС ужо дасягнуў дамоўленасці на выступ з шэрагам гуртоў. Гэта «Крама», 5set5, RIMA, Pomidor/off. Апошнія нюансы ўзгадняюцца з гуртамі: ZET, «Крамбамбуля», WZ-Orkiestra, Neuro Dubel, Flit (Украіна). Акрамя таго, перамовы пра выступы вядуцца зь іншымі вядомымі беларускімі і замежнымі гуртамі. Сьпіс выступоўцаў будзе значна пашыраны.

Пра конкурснае журы.
(паводле «Энцыкляпэдыі беларускай папулярнай музыкі» аўтарства Зьмітра Падбярэзскага)
У склад сёлетняга журы, якое вызначыць удзельнікаў конкурсу на «Басовішча» ўвайшлі пяць чалавек.

Аляксандар Памідораў, музыкант
Мае 36 год. У 1988 годзе стварыў групу «Пьяные гости» (Ленінград-Менск), у 1996-2000 гадох браў удзел у супольных музычных праектах «Народны альбом», «Сьвяты вечар 2000», «Я нарадзіўся тут». Супрацоўнічаў з групамі KRIWI і «Экивоки», апошнім часам выступае з групай спэцыяльна запрошаных музыкаў Pomidor/off. У 2006 годзе выступіў як прадусар зборнага дыску «Дыхаць!».

Ігар Варашкевіч, музыкант.
Мае 47 год. Актыўна заняўся музыкай у 1982 годзе ў складзе групы Studio-7, у 1984 годзе стаў адным з заснавальнікаў групы «Бонда», у 1991 годзе ўзначаліў групу «Крама». У складзе «Крамы» – пераможца «Рок-каранацыі 1994», уладальнік рок-каронаў у намінацыях «За адданасьць жанру», «Традыцыі і сучаснасьць», «Альбом году». Пераможца «Басовішча-1992».

Сяргей Будкін, музычны журналіст.
Мае 26 год. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (2004), абараніў дыплём па тэме «Праблемы беларускага шоў-бізнэсу». Адзін з аўтараў і рэдактар кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2004). Аўтар ідэі, адзін са стваральнікаў і каардынатар музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў». Ад 2002 году – музычны аглядальнік газэты «Наша Ніва».

Slaver, вядомы беларускі музычны блогер.
Мае 21 год, навучаецца на гістарычным факультэце БДУ і працуе ў сфэры інтэрнэт-тэхналёгіяў. Музыкай цікавіцца зь дзяцінства, вырас на кружэлках The Beatles і Queen. З 2002 году вядзе музычны сайт Ultra-Music, які часова на рэканструкцыі. Піша пра музыку ў сваім блогу на LiveJournal. Прызнаны лепшым музычным блогерам на першай прэміі «Жежебай-2007».

Павал Юрцэвіч, дырэктар студыі «Осмос».
Мае 36 год. Ад 1991 году быў удзельнікам гурта «Ы.Ы.Ы.», ад 1995 году працаваў у прадусарскім цэнтры «Мэджык АРТ», ад 2003 году – супрацоўнік творчага аб’яднаньня «Осмос». У 2006 годзе прыняў абавязкі дырэктара студыі гуказапісу «Меццо форте». У 1995 годзе займаўся мэнэджмэнтам і прэзэнтацыяй альбома «Умные вещи» гурта Neuro Dubel, у 2003-2004 гадох кіраваў складаньнем альбомаў рэміксаў «Коміксы» гэтага ж гурта. Мэнэджэр-прадусар зборнікаў «Басовішча 2006» і «Басовішча 2007» (хутка мае пабачыць сьвет).

Удзельнікаў абдорачнага канцэрту сябры журы вызначаць да 14 чэрвеня.

ТГ

Фота: Алена Скарабагатава


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net