|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Літоўскаму незалежнаму року - 15 год | 27.03.2006 | Сёлета ўся Літва сьвяткуе 15-годзьдзе сваёй Незалежнасьці. Дырэктар буйнога літоўскага лэйбла “Зона” Давід Блюўштэйн паралельна адзначае “карпаратыўнае” сьвята – 15 год таму зьявілася ягоная “Зона”, якая адыграла сваю ролю ў фармаваньні незалежнага літоўскага шоў-бізнэсу. Сваю дзейнасьць лэйбл пачаў з выданьня ў краінах Балтыі рэлізаў замежных зорак - Joy Division, Pixies, Cocteau Twins ды іншых, а потым заняўся працай зь мясцовымі групамі. Справы пайшлі настолькі добра, што лэйбл падзяліўся на дзьве фірмы – адна займацца канцэртнымі справамі і выдавецтвам, другая – працуе з гуказапісам. Сакрэтам посьпеху дзеліцца адзін са стваральнікаў “Зоны”, дырэктар “Zona Records” у Рызе Давід Блюўштэйн. “Мы працуем зь верай, што балтыйская музыка мае што прапанаваць сусьветнаму музычнаму рынку”, - кажа Давід. У “Зоне” вераць у тое, што кожны чалавек – таленавіты па-свойму, а ягоны посьпех – пытаньне чыста якаснай вытворчасьці прадукта. Першымі кліентамі лэйбла сталі ня толькі легендарныя літоўскія групы “Antis” і “Bix”, але і расейскія “Ва-Банк” і “Avia”. “Мы працуем толькі з той музыкай, у якую верым, - тлумачыць сп.Блюўштэйн. – Таму “Зона” ніколі не займалася “дзеравенскай” папсой”. З поп-музыкай у Літве – унікальная сытуацыя: расейшчыну тут рэдка пачуеш, але песьні Алсу, Кіркорава, Мэладзе стала прысутнічаюць у літоўскай музычнай прасторы, толькі ня ў іх выкананьні. Як толькі зьяўляецца новы расейскі гіт, мясцовыя музыкі перапяваюць яго па-літоўску. Давід кажа пра разьвітасьць літоўскага шоў-бізу: “Поп-канвэер працуе шпарка і эфэктыўна, нашы вядомыя папсавікі прадаюць да 30 000 дыскаў”. Літоўскі альбом становіцца “залатым”, калі разыходзіцца накладам у 10 000 (у Беларусі лічбы продажаў не агучваюцца, але “залатая” мяжа на некалькі тысячаў меней). Нядаўна на лэйбле былі выдадзены альбомы групы IR, якая на “Літоўскай альтэрнатыўнай прэміі” (аналяг нашай “Рок-каранацыі”) перамагла ў намінацыі “Лепшы рок-гурт”. “У нас мяжа такая: папса – па адзін бок, астатняе – па другі”. Менавіта таму, згаданая “Альтэрнатыўная прэмія” аб’ядноўвае мэтал, рэп, фанк, ска і электронных выканаўцаў (у беларускіх варунках нават гэтыя альтэрнатыўныя групоўкі раз’яднаныя). Нацыянальную рок-музыку у тэле- і рады-этэры ў Літве не пачуеш. “Не скажу, колькі працэнтаў займае ў этэры наша музыка, але літоўская папса круціцца паўсюль”, - апавядае Блюўштэйн. Але літоўцы ня схільныя да стварэньня куміраў, таму фэн-клюбаў літоўскіх выканаўцаў вобмаль, а з усёй плоймы эстраднікаў як правіла вылучаецца толькі адзін – Андрыюс Мамантовас – актор, паэт і поп-зорка. Сп.Блюўштэйн сьведчыць, што гэта адзіны літоўскі выканаўца, здольны сабраць на свой канцэрт некалькі тысячаў гледачоў. Сам Андрыюс кажа, што гэта праблема маленькай тэрыторыі: “Кожны ваюе за слухача, але іх патэнцыйная колькасьць – невялікая”. Таму складаецца сытуацыя, падобная на беларускую – нават самыя папулярныя музыкі маюць другую працу, каб забясьпечыць сябе ў фінансавым пляне. Мамантовас грае ў кіно і тэатры (самая вядомая яго роля ў “Гамлеце” у пастаноўцы Някрошуса), а таксам перакладае на літоўскую тыя самыя расейскія поп-гіты. І Мамантовас, і Блюўштэйн адчуваюць, што трэба рухацца далей у пошуках новых слухачоў: “Але – на Захад, бо на Ўсходзе, у тым ліку і ў Беларусі, можна займець болей клопату, чым грошай, бо там дыскі вельмі танные”, - кажа Давід. Андрыюс бачыць выйсьце ў зьмене падыходу: “Мы не павінны капіяваць тое, што папулярна на Захадзе, не яны нас павінны зьдзіўляць, а мы – іх”. Першыя рок-групы ў Літве пачалі зьяўляцца на пачатку 60-х. У Вільні ў 1965-66 годзе “Vienuoliai” і “Antanliai”, у Коўне - “Aitvarai” і “Kertukai”. Да іх даходзілі гукі “бітлоў” і “ролінгаў” і яны не баяліся экспрэмэнтаваць і існавалі ў адрозьненьні ад большасьці тагачасных расейскіх і беларускіх калектываў у абсалютным падпольлі. Але ўсё зьмянілася ў 1972 годзе, калі перад Музычным тэатрам у Коўне зьдзейсьніў самаспаленьне 19-гадовы рок-музыка Ромас Каланта у знак пратэсту супраць савецкай акупацыі ў Літве. Улады выставілі Коланту, які гіпі-псыхапата, які сядзеў на наркотыках, але ён абудзіў людзей: у Коўне прайшлі антысавецкія акцыі, на вуліцах узьвіліся нацыянальныя сьцягі і гучалі адраджэнскія песьні. Тая акцыя была жорстка задушана, а спэцслужбы шчыльна заняліся “працай з нефармальнымі групоўкамі”. “Тады КГБ крута зацягнула гайкі: на вуліцах вінцілі за доўгія валасы і тутсама іх састрыгалі ў варанках, а выступ і нават рэпэтыцыі прагрэсыўных каманд былі немагчымы”, - узгадвае Давід Блюўштэйн, які на той час падпрацоўваў ды-джэям на школьнай дыскатэцы. Цікава, што менавіта ў сьценах таго Музычнага тэатра ў Коўне пачалася гісторыя адной зь літоўскіх груп, папулярнасьць якой сяганула далёка за межы Літоўскай ССР. Гурт “Арго” выконваў складаную музыку, экспэрымэнтаваў з гукам – іх знаходкі прыйшліся дарэчы да тэатральных і кінасаўндтрэкаў. Ейны кіраўнік – Гедрюс Купрявічус – пры канцы 80-х стаў намесьнікам міністра культуры Літвы. На базе самадзейнага тэатру Віленскага ўнівэрсітэта ў 1981 годзе паўстала яшчэ адна легенда літоўскай музычнай сцэны – група “Ад Лібітум”. Райманд Паўлс неяк прызнаўся, што іх музыка паўплывала на яго творчасьць. “Ад Лібітум” можна параўнаць з нашым “Сузор’ем” у часы іх арт-рок экспэрымэнтаў. Паступова музыкі перайшлі да электроннай музыкі з выкарыстаньнем “жывога” саксафона. Але галоўныя героі літоўскага року – група “Аntis” – адкрыцьцё фэсту “Літуаніка-87”, які зьбіраў лепшыя рок-сілы “краіны саветаў”. Прэса з захапленьнем апісвала выступы “качак” (“аntis” зь літоўскай мовы): іх фантасмагарычныя шоў з выкарыстаньнем разнакаляровых прасьцін, клеткі з папугаямі ды іншых асацыятыўных рэчаў. Стыль “Аntis” вызначаны, як “інтэлектуальны нэа-панк”. Цяпер літоўскія музыкі могуць выбіраць: у Літве працуе ля 10 лэйблаў (для параўнаньня – у Беларусі іх колькасьць ніколі не перывышала пяці), усе яны займаюць сваю нішу і маюць добры прыбытак. 15 лютага 2006 году ў Вільні прайшла цырымонія “A.LT-2005” – аналяг нашай “Рок-каранацыі”. Якая адкрыла імёны новых рок-герояў: альбомам году прызнаны “Voyage” (Pieno Lazeriai), а лепшай рок-групай – IR. Сяргей Будкін Давід Блюўштэйн. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Вільні. Скончыў факультэт фізыкі Віленскага ўнівэрсітэту. Працаваў тэле- і радыёвядучым музычных праграм на Літоўскім ТВ і розных FM-cтанцыях. Прадусар літоўскіх фэстываляў "Літуаніка" (1985), "Блюз-форум" (1987), "Lithuania Rock March" (1986-88). Арганізатар "The Worst Bands Contest" (1988-1998), фэстываляў "Вільня-Рок" (1989, 2003), "Shok Parade" (1998) ды інш. У розныя годы выступаў аргазанізатарам балтыйскіх тураў савецкіх, літоўскіх і замежных рок-зорк (зладзіў туры гуртоў "Кіно", "Звукі Му", "Антіс", Горана Брэгавіча, Sonic Youth,Tito & Tarantula ды інш.). Выкладаў курсы "Гісторыя поп-музыкі" і "Музычны мэнэджмэнт" у Віленскай кансэрваторыі (1996-2004) і ў Віленскім коледжы (2004). Аўтар музыказнаўчых артыкалаў па гісторыі сусьветнай і літоўскай поп- і рок-музыкі. Працаваў крэатыўным дырэктарам кампаніі "LOS Centras", па заснаваньні лэйбла "Зона" (1991) працаваў на ім выканаўчым дырэктарам, з 2005 году дырэктар "Zona Records" у Рызе, Латвія. Фота: Julija Goyd угару - up |
|
|