.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Сэрца жыве
| 24.06.2008 |

Беларускія музыкі аб’ядналіся, каб дапамагчы сабраць грошы на апэрацыю хлопцу, што захварэў на дылітацыйную кардыяміяпатыю. Гэта калі жыцьцё можа падтрымлівацца толькі з дапамогай адмысловага апарату вагою ў 300 кг. У межах акцыі «Сэрца жыве» беларускія музыкі, сярод якіх N.R.M., «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой» і J:мoрс цягам лета будуць выкладаць свае экслюзыўныя трэкі ў сеціва. Уладзімер Пугач: «Наўзамен просім пра адзінае – дапамагчы хлопцу!»

J:морсСям’я Ларыных больш за тры гады жыве ў стане шоку. Абсалютна здаровыя хлопчыкі-блізнюкі на 20-м годзе жыцьця захварэлі. Іх маці Вольга Ўладзіміраўна падумала спачатку, што гэта звычайная прастуда, але празь некаторы час медыкі паставілі жахлівы дыягназ.

- Недзе з інтэрвалам у два тыдні стала кепска аднаму і другому. Жаліліся на болі ў грудзях. Але што можа непакоіць 20-гадовага хлопца? Вядома ж, думалі, што прастыў. Зрабілі флюраграфію – усё нармальна. Але потым зрабілі кардыяграму і яго тэрмінова паклалі ў першую клініку, дзе паставілі дыягназ.

Адзін з хлопцаў - Саша - пайшоў у іншы сьвет праз тры месяцы. Маці кажа, што ён літаральна згарэў на вачах. Міхасю зрабілі апэрацыю, але яна не дапамагла. Прафэсар і адзін зь лепшых у Беларусі кардыяхірургаў Юры Астроўскі са скрухаю вымаўляе гэты дыягназ і кажа, што прычыны захворваньня застаюцца для мэдыкаў невядомымі.

- Гэта дылітацыйная кардыяміяпатыя. Захворваньне зьвязанае зь невядомай дагэтуль прычынай, якая выклікае паражэньне сардэчнай мышцы і яна ня здольная дастаткова актыўна скарачацца, каб падтрымліваць крывазварот у арганізме. Адзіным радыкальным спосабам лячэньня зьяўляецца трансплянтацыя сэрца або падлучэньне інжынэрных сыстэмаў, што здольныя замясціць сэрца.

Міхась ужо паўгоду не выходзіць на вуліцу – ён падлучаны да апарату штучнага сэрца – гэта агрэгат, які зьнешне нагадвае банкамат і важыць 300 кіляграмаў. Юры Астроўскі канстатуе – бяз гэтай сыстэмы хлопец ня можа жыць, але апарат можа толькі падтрымліваць жыцьцё. Адзінае выйсьце ў гэтай сытуацыі – апэрацыя па перасадцы сэрца, якая робіцца толькі за мяжой і каштуе 350 тысячаў эўра. Дзе ўзяць такія грошы бацькі Мішы Ларына ня ведаюць – маці працуе заўгасам, бацька – вахторам. У Вольгі Ўладзіміраўны ёсьць адзін спадзеў – што дапамогуць неабыякавыя.

- Міша хоча жыць. Вельмі хоча жыць. Таму зьвяртаюся да ўсіх добрых людзей – калі можаце дапамажыце ўратаваць дзіцёнка! Бо гэта немагчыма… Адзін, цяпер другі. Гэта вельмі страшна.

На просьбу сям’і Ларыных ужо адгукнуліся шэраг вядомых беларускіх музыкаў. Адзін зь іх – Уладзімір Пугач з гурта J:мoрс. На яго думку ў сёньняшнім сьвеце, перанасычаным інфармацыяй сапраўды цяжка дакрычацца да людзей. Але артысты прынамсі ў змозе зьвярнуць увагу на пэўную праблему. Таму гурт J:мoрс адзін зь першых далучыўся да акцыі «Сэрца жыве».

- Сутнасьць акцыі палягае ў тым, што беларускія артысты будуць прыцягваць увагу да гэтай праблемы. Дзеля гэтага створаны сайт «Сэрца жыве», дзе як мінімум цягам усяго лета будуць выкладацца экслюзыўныя музычныя трэкі. Просім наўзамен пра адзінае – дапамагчы Міхасю.

Адмысловы сайт serca.tut.by запрацаваў з 24-га чэрвеня. Акрамя J:мoрс у акцыі возьмуць удзел гурты N.R.M., «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», а таксама шэраг прадстаўнікоў папулярнай музыкі. Менавіта па гэтым адрасе можна будзе абсалютна бясплатна спампаваць трэкі гэтых артыстаў і дазнацца, як дапамагчы хлопцу, які так прагне жыць.

SB, racyja.com

Фота: jmors.by


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net