.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Беларусы на Union of Rock
| 11.07.2008 |

У горадзе Вэнгажэва 10 ліпеня распачаўся фэстываль Union of Rock, што праводзіцца з 1991 году. Сёлета заявы на ўдзел у конкурсе тут падалі 200 гуртоў, а ўсяго фэст прымае 15-20 тысячаў чалавек. Сёлета тут выступяць Funeral for a Friend, Ray Wilson & Stiltskin (праект экс-вакаліста Genesis), Yava, а таксама «Джамбібум», Kalmary, «Абшар», Ільля Маліноўскі ды Miod. Пра адзін з самых буйных польскіх рок-фэстываляў ды ўдзел у ім беларусаў зь Вэнгажэва піша Марцін Полэц.

:B:N: на Union Of RockUnion of Rock вядомы яшчэ пад назвай «Фэстываль Вэнгажэва». Гэта адзін з самых буйных фэстываляў у Польшчы, ён быў арганізаваны ў 1991 годзе ў горадзе Wegorzewo (Вэнгажэва). Спачатку яго рабілі вайскоўцы зь мясцовай ваеннай часткі. Яны і дагэтуль выступаюць аднымі з арганітараў фэсту і маюць на яго вялікі ўплыў. Вэнгажэва знаходзіцца на паўночным усходзе Польшчы, непадалёк ад польска-расейскай мяжы. Гэта мілы горад на самым пачатку шляху мазурскіх азёраў, тут і па-за фэстам з задаваленьнем можна адпачыць на прыродзе.

Union of Rock мае свой уласны гімн, які гучыць ужо 18 гадоў перад конкурснай часткай фэсту, празь якую прайшлі сёньняшнія зоркі польскай сцэны, як напрыклад Sweet Noise, Coma, Kombajn Do Zbierania Kur Po Wioskach. Сёлета на конкурс свае заяўкі даслалі больш за 200 гуртоў, у мінулыя гады гэтая лічба сягала 500. На фэстываль штогод прыязжджае 15-20 тысячаў гледачоў. Для іх у самым цэнтры гораду, у парку, арганізаваны спэцыяльны дармовы намётавы гарадок (побач зь ім малая сцэна і кіна-намёт). Штодзень усіх гледачоў чакае гарачы вайсковы суп, што даецца абсалютна бясплатна. Акрамя яго на канцэртнай пляцоўцы знаходзіцца шмат крамаў зь ежай і півам. У самім горадзе таксама нямала супэрмаркетаў, рэстаранаў, піцэрыяў ды г.д. Прыбіральні і душ даступныя для ўсіх ў намётавым гарадку ды канцэртнай пляцоўцы.

Канцэрты адбываюцца на дзьвюх сцэнах: удзень на малай, побач з намётавым гарадком, увечары і ўначы на вялікай, дзе граюць самыя вядомыя прадстаўнікі польскай гітарнай сцэны ды замежныя зоркі (тут выступалі Soulfly, Anathema, Dog Eat Dog, The Stranglers i The Beatsteaks). Сёлета будзе таксама спэцыяльны намёт, у якім пасьля кожнага дня канцэртаў пройдуць паказы незалежных кінафільмаў.

Сёлета можна будзе паслухаць канцэрты вядомых польскіх зорак, між іншым Kult ды Buldog (другі праект Казіка Сташэўскага), Nosowska (сольны праект вакалісткі гурта Hey), Agressiva 69, Dezerter, Coma, Waglewski Fish Emade, Strachy Na Lachy (другі праект вакаліста гурта Pidzama Porno), Habakuk, Indios Bravos, Riverside, Farell Gott, Muchy, Radio Bagdad, Hatifnats. З замежных зорак на вялікай сцэне пройдуць выступы: Funeral for a Friend, Ray Wilson & Stiltskin (праект экс-вакаліста Genesis), Yava.

Ня менш цікава будзе і на малай сцэне. У пятніцу тут выступаюць гурты з Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыны. А ў суботу там адбудзецца «Дзень беларускі», зладжаны часопісам «Pro-Rock». Мы вырашылі прэзэнтаваць на фэсьце самыя цікавыя новыя праекты беларускай музычнай сцэны. У большасьці гэта будуць гурты, што ў мінулыя гады не прайшлі адборачны тур на «Басовішча» і ня возьмуць у ім удзел сёлета. Пра гэтую сытуацыю я пісаў летась у артукуле «Quo Vadis, Басовішча?». Шкада, што ня ўсе запрошаныя беларускія каманды своечасова атрымалі візы, але цяпер можна сказаць дакладна: на Union of Rock пройдуць канцэрты гуртоў «Джамбібум», Kalmary, «Абшар», Ільлі Маліноўскага ды Miod.

Марцін Полэц, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net