|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Глюкі» ня вытрымалі «Басовішча» | 24.07.2008 | Адзін зь ляўрэатаў сёлетняга «Басовішча» магілёўскі гурт «Глюкі» спыніў сваё існаваньне. 23 ліпеня музыкі сабраліся разам і вырашылі, што далей граць разам яны ня могуць. За час сваёй дзейнасьці «Глюкі» сталі адным зь лепшых гуртоў Магілёва, пра іх ведалі ня толькі ў родным горадзе, але і ў іншых месцах Беларусі. Што сталася прычынай распаду папулярнага калектыва? Пра тое, што ў «Глюкаў» ня ўсё ў парадку паміж музыкамі стала зразумела ўжо на «Басовішчы». У конкурснай частцы каманда адыграла не зусім роўна, адчувалася нэрвовая атмасфэра ўсярэдзіне калектыва. Пасьля атрыманьня прыза за трэцяе месца на «Басовішчы-2008» вакаліст «Глюкаў» Лёпа Паронкін быў у жывым этэры Радыё «Рацыя». Тады чуткі пра магчымы распад гурта ён абверг.РР: Чаму па-за родным Магілёвам у вас складаюцца такія цяжкія адносіны з гукам? ЛП: Усё неяк складана… У нас адносіны ў гурце ня вельмі складаюцца. РР: Вы хоць распадацца не зьбіраецеся? ЛП: Не, не. Пакуль не зьбіраемся. Не прайшло і тыдня пасля той размовы, як стала вядома, што «Глюкі» ўсё ж распаліся. Адразу па вяртаньні з фэстывалю з гурта сыйшоў бубнач, учора – вакаліст і клявішніца. Дырэктар «Глюкаў» Віталь Шум кажа, што прычына распада – у супярэчнасьцях асабістага характару. - Гурт мусіў разваліцца яшчэ два гады таму. Узьніклі канфлікты асабістага пляну. Але тады атрымалася іх стрымаць, азадачыць гурт пэрспэктывамі. Столькі матэрыялу напрацавана, у іх песень яшчэ на альбомы тры-чатыры… Шкада, што гэта ніхто ніколі не пачуе. Цягам двух гадоў пры наяўнасьці ўнутраных супярэчнасьцяў гурт «Глюкі» даволі плённа існаваў. У 2006 годзе быў выдадзены канцэртны альбом «Хэдлайн-фэст», цалкам да выданьня падрыхтаваны новы студыйны рэліз «Ідыятызм». Аднак, з прыездам на «Басовішча» музыкі ўзгадалі старыя крыўды, кажа Віталь Шум. - Старыя супярэчнасьці не зажылі, яны наадварот неяк распаўзьліся. Учора мы сабраліся разам, была спроба знайсьці нейкі кампраміс, каб хаця б некалькі месяцаў да выхаду альбома пацярпець. Але не атрымалася. Асноўныя непаразуменьні ў «Глюках» былі паміж вакалістам Лёпам Паронкіным і басістам Ромам Жыгаравым. У размове з намі Рома сказаў, што шкадуе аб распадзе гурта, а разыходжаньні, якія прывялі да гэтага, называе невырашальнымі. - Для мяне не было праблем. Прынамсі, я ня блытаў кіслае з гарачым. У кагосьці праблемы былі. «Басовішча» – гэта вялікі фэстываль, ён паказаў, хто на што здольны. Я гатовы адказаць за ўсе свае ноты, а ў кагосьці нешта не атрымліваецца. Адзін з даўніх сябраў гурта «Глюкі» музыкант Аляксандар Памідораў пра развал каманды дазнаўся ад нас. У такую навіну Памідораў паверыць адмовіўся. Ён упэўнены, што перад выхадам новага альбома магілёўцы проста не маглі разыйсьціся. - Гэта проста нейкая фігня, бо гурт ужо скончыў запіс свайго новага альбома. Таму казаць пра прыпыненьне дзейнасьці – гэта, па-мойму, проста глупства. Аляксандар Памідораў дадае, што «Глюкі» – гэта не адзіная каманда, якія спыніла сваё існаваньне адразу пасьля «Басовішча». Калісьці такі лёс напаткаў гурты Exist, Impatt, Taxi. На думку Памідорава, да распадаў прыводзяць шок і эмоцыі, якія музыканты адчуваюць на вялікім фэстывалі. Адзін зь сябраў журы сёлетняга «Басовішча» лідэр гурта WZ-Orkiestra Зьміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што дэструктыўныя тэндэнцыі ў «Глюках» пацягнуць за сабой нараджэньне новых зорак. - Мне спадабалася іхняя сучаснасьць і незапыленасьць стандардамі «Басовішча». Таму я іх адзначыў. А тое, што яны разваліліся… Я лічу, што гэта можа быць нармальна. Я ў сваім жыцьці праходзіў і развалы, і зьяднаньні. Хай разваліваюцца! Галоўнае, каб пасьля гэтага развалу зьявіліся дзьве-тры клясныя магілёўскія каманды. Музыканты «Глюкаў» кажуць, што пакуль ня вырашылі, ці будуць надалей працягваць дзейнасьць пад старой ці новай назвай. Але можна быць пэўным, што іх новы альбом ужо зусім хутка пабачыць сьвет на лэйбле BMA Group. Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў» для Радыё «Рацыя» Фота: Аляксандар Гур, morok.ru угару - up |
|
|