|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Indiga - “Заенька” | 10.04.2006 | Бывае, прыйдзеш дахаты і аж да амарокі катуешся жаданьнем караскацца на сьцяну ці выць на лямпачку. Дэпрэсія бо. Нехта ў такім стане залішне братаецца з Бахусам. Нехта правіць лязом свае вены. Я ж у такім разе слухаю дэпрэсіўную музыку. Клін клінам б’юць. Да апошняга часу ўлюбёнымі лекамі для мяне ў гэтым сэнсе былі пэўныя брытанцы і чыста канкрэтныя немцы. Але цяпер, дзякуючы гурту “Indiga”, аб’явілася добрая магчымасьць утаймоўваць прыступы тутэйшай дэпрэсіі якасным айчынным музычным прадуктам. Нетаропкасьць, мэлядычнасьць, выразнасьць вакалу прывабяць ня толькі заўзятых дэпрэсантаў, але й кожнага цанавальніка добрай сучаснай музыкі... Літаральна кожная з шасьці кампазыцыяў сынглу цудоўна ўпісалася б у саўндтрэк рознажанравых фільмаў. Традыцыйнай беларускай песьні пра заеньку і яго тры домухны яўна не ставала Квэнціну Таранціне у “Kill Bill-2”. Уяўляеце? Мэксіканская пустэльня, прагная да помсты гераіня Умы Турман з самурайскім мечам шукае наступную ахвяру, а фонам гучыць выкшталцоны дуэт салісткі “Indiga” Русі й фронтмэна “Крамы” Ігара Варашкевіча: «А ў заенькі тры домухны». Пад акустычную вэрсію той жа песьні, запісаную супольна зь беларускім псыха-фолькавым праектам “Нагуаль”, зусім лёгка можна было б адправіць на атлянтычнае дно цэлую флятылію чарговых шырокаэкранных “Тытанікаў”. Пад англамоўную “Honey Goes Down” Дэвід Лінч мог бы уваскрэсіць легендарную Лору Палмэр з Твін Піксу. Spaceman remix гэтай песьні, зроблены аўстрыякам Roland’ам Von Der Aist, зусім лёгка мог бы натхніць Бруса Ўіліса на барацьбу з касьмічным злом ці ашалелым астэроідам. Калі б жа нехта ўзяўся здымаць “Антыбумэр”, дык там добра пасаваў бы рэмікс на “Honey Goes Down” ад Der Fette Koenig (таксама аўстрыйскі дыджэй). А вось рэмікс “Заенькі” за аўтарствам dj Vertical Movement варта было б пазычыць вытворцам вусьцішнай кампутарнай гульні “Silent Hill”. Змрок і прадчуваньне бяды ўзьведзены ў абсалют. Падымеш з падлогі якую-небудзь лялечку ці цацачку і чорта з два здолееш выблукаць з трох японскіх соснаў. Невыпадкова вокладку кружэлкі аздабляе працяты моркаўкай плюшавы зайчанятка....І ўсё ж па дзвюх арыгінальных кампазіцыях цяжка меркаваць пра тое, якім будзе наступны альбом “Indiga” цалкам. Калі ты ніколі ня бачыў слана, ты не пазнаеш яго па хвасту і хобату. Застаецца спадзявацца, што будучая [гукавая] карціна нас усіх прыемна ўразіць. А дэпрэсія будзе толькі мімалётнай часткай у агульным штурм унд дранг шаноўнага гурту. Сяргей Балахонаў Indiga - “Заенька”, БМА-груп, 2006. угару - up |
|
|