|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Адкрыцьцё году» назавуць наведнікі ТГ | 03.02.2009 | 3 лютага на «Тузіне Гітоў» стартуе галасаваньне за «Адкрыцьцё 2008 году» ў беларускай музыцы. Пераможца выступіць на 13-й цырымоніі «Рок-Каранацыя». Сярод прэтэндэнтаў — самыя яскравыя прадстаўнікі айчыннай музыкі ў 2008 годзе, што засьведчылі сваю сьпеласьць дэбютнымі альбомамі, сынгламі ды перамогамі на фэстывалях. У шорт-ліст увайшлі сем гуртоў. Прадстаўленьне ўдзельнікаў галасаваньня на ТГ. Такім чынам, у галасаваньні возьмуць удзел гурты ESPRIT, Open Space, Tlusta Lusta, The Toobes, Jab Club, Tanin Jazz і гурт Насты Някрасавай. Галасаваць можна будзе штодня з аднаго кампутара. Галасаваньне пачынаецца 3 лютага ў 15:00 і працягнецца роўна тыдзень — да 10 лютага. Пераможца атрымае магчымасьць выступіць на цырымоніі «Рок-Каранацыя», што пройдзе 14 сакавіка ў горадзе Маладэчна, а таксама будзе прызнаны афіцыйным пераможцам у намінацыі «Адкрыцьцё году».ESPRIT. Гурт створаны ў студзені 2007 году. Вакалістка гурта Лея Гілар сьпявала ў гурце «Лангольеры», астатнія музыкі ўваходзілі да гэтага ў склад гурта Frame. Дэбютавалі на вялікай сцэне ў 2008 годзе. Удзельнічалі ў адборы на фэстываль Be Free, былі адзначаныя адмысловым прызам журы. Трапілі ў 12-ку лепшых на конкурсе «Залатая акустыка», увайшлі ў лік фіналістаў праекту «Рок-школа». Зь песьняй «Знайдзі мяне» перамаглі ў першым туры чарту «Тузін Гітоў» музычнага сэзону 2008—2009. Граюць поп-рок з жаночым вакалам і пранізьлівымі тэкстамі пра каханьне ў вялікім горадзе. Паслухаць ESPRIT на ТГ: «Знайдзі мяне», «Калядная» Гурт Open Space ўтварыўся ў Менску 2 гады таму. У 2007 годзе яны прэзэнтавалі EP-сынгл «Wake Up», а ў красавіку 2008-га — максы-сынгл «Beautiful» ды ўвайшлі ў лік лепшых ангельскамоўных камандаў краіны. Цягам году далі аншлягавыя канцэрты ў некалькіх беларускіх клюбах, а таксама наведалі зь міні-турам Украіну. Самі музыкі завуць сваю музыку «ангельскамоўным рокам» і імкнуцца ня быць прывязанымі да якога-небудзь вызначанага жанру. У іх песьнях прысутнічае каханьне, космас, ёсьць і іранічныя ноткі з мудрагелістым падтэкстам. Галоўным дэвізам музыкаў зьяўляецца фраза «Усё геніяльнае простае, але ня ўсё простае геніяльна». Сайт гурта Tlusta Lusta ў 2008 годзе надзвычай плённа папрацавалі. Яны занялі трэцяе месца на фэстывалі «Амбасовішча», што праводзіцца ў рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара ў Беларусі, потым атрымалі першы прыз на фэстывалі «Басовішча» ў Гарадку (Польшча). Увосень 2008-га кампанія БМА-груп выдала іх дэбютны альбом пад назвай «Блін першы», які музыкі пасьпяхова прэзэнтавалі ў роднай Горадні ды ў Менску пры падтрымцы гурта Garadzkija. Да ўсяго яны трапілі ў лік фіналістаў праекту «Рок-школа». Па вэрсіі ТГ, менавіта Tlusta Lusta была прызнаная «Адкрыцьцём 2008 году». Гурт у інтэрнэце Гурт The Toobes утварыўся ўлетку 2007 году. Першы сольны канцэрт даў у лютым 2008 году. У іх музыцы сумяшчаюць крыху рок-н-ролу, драйвавы фанк, супярэчлівы блюз ды нахабны рок з панкам. Адметна, што сьпявае ў гурце — бубнач. Некалькі сваіх песень прэзэнтавалі ў выглядзе інтэрнэт-сынглаў, цягам году запісалі паўнавартасны дыск, які мяркуюць прэзэнтаваць у лютым 2009 году. The Toobes стаў пераможцам беларуска-швэдзкага конкурсу bandscan:Belarus і ў красавіку 2009 году мае выступіць з канцэртам у Стакгольме. Гурт у інтэрнэце Jab Club дэбютавалі ў 2008 годзе на «Тузіне Гітоў» зь песьняй «Вуліца дым», якая па выніку ўвайшла ў лік лепшых песень музычнага сэзону. Яна трапіла ў трэк-лісты на некалькі беларускіх ды замежных FM-станцыяў. Летам 2008-га году выдалі дэбютны дыск «Толькі разам», які прэзэнтавалі ў Варшаве. Але нечакана гурт аказаўся пад пагрозай распаду — з розных прычынаў музыкі разьехаліся ў іншыя краіны, але лідэр гурта Яўген Валошын сабраў новы склад. Абноўлены Jab Club сыграў пры канцы студзеня 2009 году на VIP-прэзэнтацыі дыску «Прэм’ер Тузін». Гурт імкнецца да «ангельскага гучаньня», адчувальны ўплыў рэгі, джаз-року і хіп-хопу. Сваё пакліканьне музыкі фармулююць так: «выконваць модную эўрапейскую музыку па-беларуску». Паслухаць гурт на ТГ: «Вуліца дым», «Ніколі» Гурт Tanin Jazz утварыўся ў Менску ў 2007 годзе высілкамі Тацяны Гарошкі ды Алены Ярмаловіч. У 2008 годзе яны выдалі дэбютны дыск «Feel This Time». У запісах да дзяўчын далучыліся такія музыкі, як Канстанцін Гарачы (клявішнік Apple Tea), Аляксандар Старажук (бубнач «Ляпіса Трубяцкога»), саксафаніст Павал Аракелян ды іншыя. Іх песьня ўвайшла ў фільм рэжысэра Андрэя Кудзіненкі «Розыгрыш», гурт выступіў на фэстывалі Be2gether на беларуска-літоўскай мяжы. Каманда выконвае эклектычную поп-музыку, заснаваную на спалучэньні жывога гучаньня ды электронікі з дамешкам джазу. Паслухаць гурт Наста Някрасава — былая вакалістка гурта NHS. Якраз у 2008 годзе выйшаў дэбютны дыск гэтага гурта «700», але потым 20-гадовая сьпявачка вырашыла заснаваць уласны праект. Гурт Насты Някрасавай дэбютаваў на фэстывалі «Вольнае паветра», выступаў на фэстывалі Be Free ў Львове. У верасьні Наста ўзяла гран-пры на музычным фэстывалі «Sounds of Borderland» у Вішніцах (Польшча), а потым яшчэ была прызнаная лепшай вакалісткай на самым буйным польскім фэстывалі Mikolajki Folkowe, а яе сумесны праект з гуртом FolkRoll заняў на гэтым фэстывалі трэцяе месца. Тое, што выконвае гурт Насты можна акрэсьліць, як джаз-фольк. Выканаўца ў інтэрнэце Галасаваць за «Адкрыцьцё году» можна тут Падрыхтаваў Сяргей Будкін, ТГ угару - up |
|
|