|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Фэлікс Аксёнцаў: Мы атрымалі сваё | 14.04.2006 | Пра паэта Фэлікса Аксёнцава, які напісаў словы да песьні “Радыё Свабода” і ўсіх астатніх гітоў “Улісу”, дзесяць гадоў не было чуваць. У 1996 г. ён зьехаў за акіян, пакінуўшы цікаўным зборнік вершаў “Пустая карта”. Пра яго хадзілі неверагодныя чуткі: што прыняў будызм, што працуе ў пахавальнай канторы. Мы адшукалі аднаго з самых яскравых айчынных рок-паэтаў у канадзкім Ванкувэры, каб спраўдзіць чуткі, дазнацца, чым ён жыве цяпер, і ўзгадаць рок-н-рольную маладосьць. Я -- паэтБеларускі рок-н-рол нарадзіўся зь “Песьнярамі” гадоў трыццаць пяць таму. Але ў 1989 г. выйшаў альбом, які цалкам перавярнуў уяўленьні пра беларускі рок. Па-мінімалісцку аздобленая кружэлка перавяла нашу музыку на іншы канцэптуальны падмурак. Праграма — “Чужаніца” гурту “Уліс” — мела сваю філязофію, свой сьвет з цэнтрам на Пляцы Францыска, дзе знаходзілася месца мінуламу і будучыні, дзе звычайныя людзі суседзілі з “орўэлаўскімі” пэрсанажамі, дзе ў Нясьвіж хадзілі цягнікі. Гэты сьвет набыў сваё найменьне з другім альбомам “Улісу” — “Краіна доўгай белай хмары”. Паэт Фэлікс Аксёнцаў — аўтар словаў да песень трох першых альбомаў “Улісу” — культавых альбомаў айчыннай музыкі. Міхал Анемпадыстаў упершыню ўбачыў Фэлікса ў 1982 г.: “Ён адразу прадставіўся як паэт і чытаў вершы ўзвышана і сур’ёзна, што мяне тады зьдзівіла, бо я ведаў шмат творчых людзей, але яны ставіліся да сваіх твораў зь іроніяй. Фэлікс нагадваў Алеся Разанава”. Сур’ёзнасьць Ф.Аксёнцава суседзіла з тонкім пачуцьцём гумару, нейкі час ён насіў на шыі цяжкі кіляграмовы гадзіньнік, зьняты з прыборнай дошкі самалёту. “Я быў фанабэрыстым у той час, хоць ворагаў, апроч відавочных правакатараў з КГБ, не заўважаў”, — дапаўняе свой партрэт сам Фэлікс. У сярэдзіне 1980-х паэт працаваў у праектнай канторы, апрацоўваў паведамленьні на менскай тэлефоннай сетцы і шукаў магчымасьці жыць насуперак усталяваным нормам. Таму ўхапіўся за журналістыку — рабіў музычныя праграмы на Беларускім радыё, друкаваўся ў “Крыніцы”. Цяпер Фэлікс іранізуе наконт матэрыялаў у папулярным у той час часопісе: “Маю спадзеў, што Віктар Цой дараваў бы мне той павярховы артыкул, які потым трапіў у кнігу яго памяці...”. Уліс на сцэне На пачатку 1980-х Фэлікс, нягледзячы на агульны скепсіс да ўжываньня беларускай мовы, зразумеў, што магчымы беларускі варыянт року. “Цэнтральнай загадкай майго жыцьця быў пошук сувязі між музыкай і тэкстам. Я ведаў, што рускі рок мусіў розьніцца ад польскага, а ангельскі ад беларускага — сыходзячы хоць бы з уласьцівасьцяў мовы. Паслухаўшы польскую альтэрнатыву і піцерскі рок, ідэя беларускага рок-гурту запаліла”. Са сваімі сябрамі Сяргеем Краўчанкам (будучы гітарыст “Бонды” і “Улісу”) і Міхалам Анемпадыставым пасправабалі стварыць гурт “Панкрот”. Ня склалася. Частка песень неіснуючага праекту ўвайшла потым у рэпэртуар “Новага Неба”. Аксёнцаў паспрабаваў сябе як рок-паэт, напісаўшы некалькі тэкстаў для першага гурту Славы Кораня “Ліфт”, поп-гурту “Метро”, потым і для “Бонды”. Да сваіх першых паэтычных рок-вопытаў Фэлікс ставіцца ў тым жа духу, як і да артыкулаў ў “Крыніцы”. Першы тэкст для “Ўлісу” — “Будапэшт—Прага—Кабул” — Фэлікс папросту змайстраваў безвач. З утварэньнем у 1988 г. гурту “Уліс” Аксёнцаў, паводле ўласнага прызнаньня, пяць год рабіў тое, пра што марыў. “Я прасякнуўся мэлёдыямі Славы, чуў у іх паведамленьні, якія ўвасабляў у словах”, - узгадвае паэт. Захавалася відэа зь першага фэсту “Басовішча”. Аксёнцаў знаёміць прысутных са сваім гуртом так, што абыякавым застацца немагчыма. У паўзмроку ў чорных акулярах ён чытае ўрывак з “Улісу” Джойса на беларускай мове, эмацыйна размахвае рукамі, паступова нагнятае атмасфэру, пакуль не выбухае: “Уліс на сцэне!” Прыклад “U2” У Польшчы паэт быў у гармоніі з самім сабой: “Па вяртаньні ад свайго сябры Лёніка Тарасевіча я днямі не выходзіў з дому, каб не папсаваць свае ўражаньні”. У адзін з тых дзён, калі Фэлікс сядзеў дома, каб “не папсаваць ўражаньні”, і нарадзілася песьня, якая сталася гімнам ягонага пакаленьня --тых людзей, маладосьць якіх прыпала на той пераломны час. Фэлікс згадвае, што песьня “Радыё Свабода” пачалася з выдатнай гімнавай мэлёдыі Кораня: “З аднайменнай радыёстанцыяй тэкст амаль нічога супольнага ня мае, як і фраза “белы сьцяг па-над намi” ня мела дачыненьня да беларускай сымболікі. У той дзень я думаў пра знакаміты канцэртны тур “U2” пачатку 1980-х, калі ахранеўшы Бона бегаў па канцэртных залях зь белым сьцягам чысьціні і адмаўленьня ад гвалту. Мне заўжды падабалася гэтае словазлучэньне — свабода, як нябачная радыёхваля, якая гудзе паўсюль, вакол і ўнутры нас і распаўсюджваецца Боскім перадатчыкам, які аніяк не заглушыш, — узгадвае Фэлікс. — “Там дзе няма цемнаты, стрэнемся мы” – знакамітая фраза з раману “1984”. Мне вельмі хацелася ачысьціць гэтую фразу ад орўэлаўскай рэпутацыі, бо такое месца, дзе няма цемры, гэта не турма ў Міністэрстве Любові”. Мяне жонка вадзіла за руку Але вера ў сустрэчу “там, дзе няма цемнаты” ня спраўдзілася. У прыватным жыцьці Фэлікса і ў жыцьці гурту пачаўся разлад: у сям’і паэта здарыліся сьмерці адна за адной, а сустрэчы ўдзельнікаў гурта сканчваліся п’янымі сваркамі. Аксёнцаў тады гандляваў уразнос, як ён кажа, усялякай музычнай дрэньню. “Я адчуваў, што абмену музычнымі ідэямі між удзельнікамі гурту ўжо не адбывалася, я нібыта быў заціснуты паміж бэтоннымі плітамі і ведаў, што мой час падыходзіў да канца...”. Узімку 1994 г. у Фэлікса надарыўся сур’ёзны нэрвовы зрыў, як і ў першага вакаліста гурту — Андрэя Патрэя, толькі не настолькі драматычны. Патрэй на нейкі час трапіў у вар’ятню. Паэт ня бачыць тут нічога дзіўнага: “Згодна з “Боскай камэдыяй” Дантэ, Уліс пасьмяротна зьмешчаны ў восьмае кола пекла. Так што квіткі на яго карабель абыходзяцца ня танна”. Фэлікс прыняў рашэньне пайсьці з “Улісу” і больш ні з кім з гурту не сустракаўся – не хацеў, каб яго памяталі такім. “Я тады зь цяжкасьцю хадзіў – жонка Наташа вадзіла мяне пад руку, як старога. Дні цягнуліся ў пакутлівым несьвядомым стане. Калі на час віднела, пісаў вершы, каб пасьпець скончыць другую кнігу вершаў”. Прычыну такога стану Фэлікс бачыць у “спажываньні вялікіх дозаў алькаголю, табакі, кавы ды лекавых прэпаратаў разам з стрэсам, выкліканым неразуменьнем уласных магчымасьцяў”. У гэты момант і было прынята канчатковае рашэньне зьехаць з краіны. У Ванкувэры жыў стары сябра. Горад касмапалітаў За акіянам Фэлікс ужо шмат гадоў працуе сыстэмным аналітыкам праграмнага забесьпячэньня ў сусьветнай карпарацыі і дзякуе за гэта РТІ: “Тут так вучаць толькі ў самых лепшых унівэрсытэтах”. Цікава, што чуткі пра пахавальную кантору маюць падставы: ягоная карпарацыя валодае сотнямі могілак, крэматорыяў і пахавальных камбінатаў па ўсёй Паўднёвай Амэрыцы. Фэлікс афіцыйна прыняў будызм, наведвае службы. “Уявіце, што вы размаўляеце па-расейску ды па-беларуску, што вы паходзіце з украінска-габрэйскай сям’і, што маеце жонку-беларуску расейска-польскага паходжаньня, што вы будыст, а сярод вашых сяброў і сваякоў -- праваслаўныя, юдэі і каталікі, што самых ўлюбёных вашых месцаў ў Польшчы, дзяржавы, у якой вы нарадзіліся, не існуе, а вы — грамадзянін Беларусі. Такі чалавек можа выжыць толькі ў такім касмапалітычным партовым горадзе, як Ванкувэр”. Фэлікс тут жа перапрашае, што яго беларуская крыху заіржавела за 10 год. Аксёнцаў ня думае пра вяртаньне ў Беларусь ды ня верыць у падтасоўку нашых выбараў, бо “Гітлера таксама абралі дэмакратычным шляхам”. “Не, я ня здолею вярнуцца ў маю Беларусь. І маё сэрца назаўжды засталося пад Беластокам”, — кажа Аксёнцаў, які дагэтуль пераслухоўвае дыскі “Улісу”, цешыцца паведамленьням на сайце гурту і прызнаецца, што ніколі не адрачэцца ні ад воднага “улісаўскага тэксту”. Асабліва Фэлікс вылучае “Краіну доўгай белай хмары”. “Гэта назва Новай Зэляндыі на мове маоры — Аотэароа. Раней у іх была зямля, а ў белых — Біблія. Цяпер усё наадварот”. Сяргей Будкін угару - up |
|
|