.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Нагуаль” – “У земли под юбкой”
| 16.04.2006 |

Лёня душка, Лёня сэксі, Лёня драйв... Мы трымаем у сваіх рукох плён пяцігадовых музычных экспэрымэнтаў Лёні Паўлёнка і кампаніі, плён, які самі музыкі клясыфікавалі як “псыха-фолк” (наколькі трапна?..). Трымаем і спрабуем ацаніць, чаго вартая кружэлка “Ў зямлі пад спадніцай”, на якой сабраныя апошнія й лепшыя пярліны творчасьці групы “НагУаль”. Трохбаковая рэцэнзія Тані Засусьвецкай і Алега Кпінава: што ёсьць новы альбом “Нагуаль” для прасунутых, для навічкоў і для асобаў заангажаваных...

Нагуаль. У земли под юбкойАцэнка першая – для “прасунутых”.
Для тых, хто асабіста знаёмы з “жывой” канцэртнай дзейнасьцю “НагУаля” і часьцяком наведвае мерапрыемствы, фэсты ды іншыя тусоўкі, якія ладзяцца з удзелам няхілага арганізацыйнага імпэта Л.Паўлёнка.

Дык вось, дыск набываць, напэўна, ня варта. Бо адчуваньні й рэфлексіі ад сапраўднага канцэртнага “НагУаля” вельмі моцна розьняцца (ну, і ў бок нялепшы, прынамсі) ад тых, уражаньняў, што атрымаеце па праслухоўваньні “Ў Зямлі...”. Хто, як не прыхільнікі гэтае каманды, мусяць добра ведаць, што “НагУаль” запальвае толькі ў выпадку добрага жывога выступу, калі на вачах слухачоў разгортваецца цуд стварэньня музыкі.

Менавіта на гэтых выступах музыкі аддаюць усю сваю энэргію публіцы, якая зачаравана лупае вачыма, а потым агаломшаная і захопленая пляскае ў далоні. "Абрикосовые коридоры" - якраз прыклад гэткай кампазыцыі. І не бяда, што “НагУалі”, якія пяяюць на “прымроенай” мове, ніколі не запісваюць тых “прымроеных” словаў, што ўрэшце не замінае ім шторазу прыдумляць новыя лінгвістычныя вышукі.

Але, калі ўсё ж вырашылі набыць у сваю хатнюю фанатэку гэты альбом, дык няхай вас цешыць той факт, што “НагУаль” на альбоме - гэта нарэшце “НагУаль” у поўным сваім складзе, які цалкам на канцэртах ўбачыш вельмі рэдка. З Іванам Жукам, Віктарам Сямашкам, з усімі дзяўчатамі (Шапашнікавай Анакай, Неўгень Марынай, Васілеўскай Машай) і нават з хорам.

Ацэнка другая – для “навічкоў”.
Як? Вы яшчэ ня чулі “НагУаль” і вагаецеся: ці варта набываць дыск? Набывайце! Гэта вельмі цікавы альбом! Ён насычаны самымі разнастайнымі гукамі :) І сьпяваецца словамі на прыдуманай мове. Гэтак жа робяць ісьляндцы Sigur Ros (так званая "хоўпляндзкая" мова). Шкада толькі, што музычна “НагУаль” моцна адрозьніваецца ад ісьлядзкіх братоў-прыдумшчыкаў. “Нагуаль” не такі таямнічы, не такі рамантычны й часьцяком прадказальны.

Але ж набывайце гэты дыск і слухайце! Магчыма, вам пашанцуе знайсьці якую-небудзь сувязь паміж вобразамі гукавых эспэрымэнтаў і абсалютна літаратурнымі назвамі песьняў. А шчасьлівых уладальнікаў інфарамацыі пра тыя дзівосы, якія былі заўважаныя там, пад Спадніцай у Зямлі, просім тэрмінова патэлефанаваць у рэдакцыю – мы падрыхтуем сэнсацыйны рэпартаж для ўкраінскага “Playboy”!

Стылістыку сваёй творчасьці “НагУаль” называе псыха-фолкам. Так, часьцяком у музыцы ловіцца некаторая народнасьць, царкоўнасьць, містычнасьць і нават чароўнасьць. Зьдзіўляе й захапляе сваёй колькасьцю вялікі й незвычайны інструмэнтальны арсэнал групы.

Ацэнка трэцяя – для “нагУаляўцаў” і асобаў моцна зацікаўленых.
Ай, хлопцы й дзеўкі! Не чытайце вы нашую пісаніну. Рабіце сваю цікавую справу й ні на каго не зважайце!


Таня Засусьвецкая, Алег Кпінаў


Нагуаль - "У земли под юбкой".
(с) Нагуаль 2005. (р) ИП Найдович Е.И. / "Новая культура" 2005.



угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net