.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Bela Music — новы музычны брэнд
| 12.04.2009 |

23 траўня на адкрытай пляцоўцы сталічнага аэраклюбу «Баравая» адбудзецца першы рэспубліканскі фэстываль «Bela Music — 09». Упершыню найлепшыя рок-гурты Беларусі, якія яшчэ зусім нядаўна былі пад забаронай, выступяць на адной пляцоўцы пад патранатам Міністэрства культуры і мясцовых уладаў. Аб гэтым на прэс-канфэрэнцыі ў Доме прэсы заявілі арганізатары мерапрыемства.

Bela MusicГодзе фінансаваць расейскі шоўбіз!
Мастацкі кіраўнік фэсту, лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка распавёў, як у 1994 годзе ён пабываў на буйным оўпэн-эйры ў Нямеччыне, які так яго ўразіў, што ён падумаў аб неабходнасьці зладзіць нешта падобнае ў Беларусі. «Ні з чым не параўнальныя эмоцыі мы адчувалі і ў 1995 годзе, калі „Палац“ граў на легендарнай Замкавай гары ў колішняй сталіцы ВКЛ Наваградку. З таго часу было зроблена многа спробаў. Былі спадзяваньні, што нехта возьмецца за арганізацыйныя рэчы і зробіць чорную работу за нас, але нічога не адбывалася. Нарэшце, мы стаміліся чакаць і разам з Валодзем Шаблінскім узяліся за справу», — распавёў музыка.

«Можна па-ранейшаму працягваць сьцвярджаць, што ў Беларусі няма шоўбізу, і працягваць выступаць на клюбных канцэртах перад аўдыторыяй у 100—200 чалавек. А можна паспрабаваць зьмяніць сытуацыю, — распавядае арганізатар „Bela Music — 09“, дырэктар агенцтва „Лінія гуку“ Ўладзімер Шаблінскі. — Мяне абурае, што прыежджым расейскім зоркам даюць стадыёны, пад іх канцэрты знаходзяцца айчынныя спонсары. Гэткім чынам немалыя грошы вывозяцца з краіны, і, па-сутнасьці, укладаюцца ў разьвіцьцё расейскага шоў-бізнэсу. Гэта недапушчальна!»

Таму арганізатары «Bela Music — 09» заклікаюць ствараць беларускія музычныя брэнды, аб’ядноўваць намаганьні і папулярызаваць айчынных выканаўцаў, спрыяючы такім чынам разьвіцьцю айчыннага шоўбізу.

Апроч гэтага, «Bela Music — 09» ставіць перад сабой мэту стварыць падмурак для зьяўленьня ў Беларусі агульнанацыянальнай узнагароды ў галіне папулярнай актуальнай сучаснай музыкі. Аўтары ідэі ўжо атрымалі згоду на ўдзел ў фэсьце прадстаўнікоў іншых буйных беларускіх фэстаў — «Басовішча», «Рок-Каранацыі», «Рок-Кола». Вядуцца перамовы з «Золотым ухом» і «Золотой акустикой». «Мы спадзяемся, што ў выніку плённай супрацы зь іншымі фэстывалямі, гіт-парадамі і мас-мэдыя будзе створаны адмысловы фонд (ці грашовая прэмія), якія пойдуць на падтрымку найбольш цікавых і актуальных гуртоў», — гаворыць Алег Хаменка.

Удзельнікі: «самыя знакавыя гурты»
Якім будзе фармат шоў? Гэта папулярная актуальная беларуская музыка, то бок, усе музыкі, якія, незалежна ад стылю і напрамку, у апошні час выступалі з сольнымі канцэртамі працягласьцю больш за 80 хвілін з жывым інструмэнтальным акампанэмэнтам.

Арганізатары абяцаюць, што ў фэсьце, які будзе праходзіць 23 траўня з 16:30 да 22:00 на Баравой, выступяць самыя знакавыя гурты Беларусі. Папярэднюю згоду ўжо далі «Крама» і Neuro Dubel, «Палац», «Детидетей» і Garadzkija… Імя хэдлайнэра фэсту, гэтаксама, як і іншых удзельнікаў, пакуль не раскрываецца. Аднак абяцаюць, што гледачоў чакаюць прыемныя неспадзяванкі.

Пры ўмове ўдалага правядзеньня сёлетняга фэсту, арганізатары плянуюць надалей запрашаць і беларускамоўныя гурты з этнічна беларускіх Беласточчыны і Смаленшчыны. А вось ад замежных зорак ад самага пачатку было вырашана адмовіцца. «Яны пасьпяхова прыяжджаюць і выступаюць у Беларусі і бяз нас. Апроч таго у Беларусі ладзяцца розныя канцэрты з удзелам замежнікаў», — гаворыць Уладзімер Шаблінскі.

Арганізатары мяркуюць зрабіць фэстываль штогадовым, але пакуль аб гэтым гаварыць зарана. «Дзіця яшчэ не нарадзілася, мы яго толькі чакаем. Таму штогадовы фармат пакуль застаецца доўгатэрміновай мэтай», — адзначыў Алег Хаменка.

І тут лібэралізацыя
Нагадаем, што яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя «чорныя сьпісы», якія, па-сутнасьці, забаранялі публічную дзейнасьць найбольш вядомых рок-гуртоў на чале з N.R.M., «Крамай», «Палацам», Neuro Dubel… Цяпер жа Мінкультуры, Мінаблвыканкам і Мінгарвыканкам выступаюць суарганізатарамі фэсту тых самых незалежных гуртоў. Фантастыка!

«Гэта ўнікальная сытуацыя. Дзяржава сказала: мы ня будзем вам перашкаджаць, рабіце, калі жадаеце. І не скарыстацца такой магчымасьцю было б глупствам, — лічыць Уладзімер Шаблінскі. — Думаю, прычына такога павароту дзяржавы тварам да рок-музыкі ў тым, што ў краіне адбываецца лібэралізацыя. У цяперашніх эканамічных, палітычных умовах нешта мяняецца, зьлятае шалупіньне, людзі пачынаюць болей бачыць у вачах адно аднаго».

На думку Алега Хаменкі, беларускі рок-н-рол дасягнуў такой ступені ўплыву на грамадзкую думку, найперш — на розумы моладзі, што стала немагчыма гэты рух ігнараваць.

Ці высоўвалі дзяржструктуры нейкія патрабаваньні ідэалягічнага кшталту? «У мяне толькі запыталіся, ці бяру я на сябе адказнасьць, што гурты-выступоўцы будуць „нармальнымі і адэкватнымі“. Больш нічога», — падзяліўся лідэр «Палаца».

Квіткі па 20 тысяч
Па словах дырэктара агенцтва «Лінія гуку», якое адказвае за тэхнічную і арганізацыйную частку «Bela Music — 09», продаж квіткоў пачнецца не пазьней, чым за месяц да пачатку фэсту. Прыблізная цана — 15—20 тысяч рублёў. Для гледачоў будзе наладжаны адмысловы аўтобусны маршрут «станцыя мэтро „Ўсход“ — „Баравая“», праезд у якім будзе каштаваць звычайныя 600 рублёў. Што да патэнцыйнай колькасьці ўдзельнікаў, ініцыятары фэсту пакуль устрымліваюцца ад пэўных лічбаў. Прынамсі, пляцоўка ў Баравой можа прыняць 15 тысяч чалавек. «Наша агенцтва не ўзялося б за арганізацыю, калі б не было падтрымкі дзяржструктураў, — кажа Шаблінскі. — Аплаціць паслугі МНС, мэдыкаў, арэнду зямлі і аўтобусны маршрут мы б ня здолелі. Апроч гэтага, удзел Мінкультуры і мясцовых уладаў у дзясяткі разоў спрашчае бюракратычныя працэдуры, узгадненьні, хаджэньні па кабінетах».

Гэй, спонсары!
Што да бюджэту фэставалю, ён застаецца адкрытым. Дзякуючы продажу квіткоў, у найлепшым выпадку ўдасца выйсьці на «нуль», ня болей. Ды і выступоўцы атрымаюць сымбалічныя ганарары. Дзеля разьвіцьця фэстывалю ніяк не абысьціся бяз спонсараў. З гэтай нагоды арганізатары зьвяртаюцца да прадпрыемстваў і арганізацыяў з просьбай далучыцца да «Bela Music — 09», паспрыяўшы «разьвіцьцю станоўчага ўплыву сучаснай музыкі на культурнае разьвіцьцё моладзі і грамадзтва».

Кастусь Лашкевіч, TUT.BY


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net

Рэкляма: