|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Віталь Воранаў. Жарсьці па «Эўравізіі» | 17.05.2009 | Беларускі журналіст, літаратар і музыкант Віталь Воранаў, які большую частку жыцьця жыве на Захадзе, не разумее тую гістэрыю, што разгортваецца ў Беларусі штогод з нагоды правядзеньня конкурсу «Эўравізія»: «У эўрапейскай прасторы конкурсам цікавяцца „вузкія масы абмежаваных“ слухачоў, але ні ў адной сапраўды эўрапейскай дзяржаве справа ня ўзьведзеная да алімпійскага ўзроўню. Адбываецца гэта не таму, што на захадзе лепшыя музычныя густы, а таму, што музыка там не выкарыстоўваецца ў якасьці прылады дзяржаўнага станаўленьня». Цягам некалькіх гадоў «Эўравізія» — гэта конкурс усходніх рэспублік. Ніводзін эўрапейскі гурт, які паважае сябе і сваіх слухачоў не падасьць заяўку на ўдзел у гэтай фэерыі бязгусьця і кічу, бо тым самым перакрэсьліць свае шанцы ў цямячай што-колечы ў музыцы аўдыторыі. У эўрапейскай прасторы конкурсам цікавяцца «вузкія масы абмежаваных» слухачоў, але ні ў адной сапраўды эўрапейскай дзяржаве справа ня ўзьведзеная да алімпійскага ўзроўню. Адбываецца гэта не таму, што на захадзе лепшыя музычныя густы, а таму, што музыка там не выкарыстоўваецца ў якасьці прылады дзяржаўнага станаўленьня. Па-другое, папса не зьяўляецца ў гэтых краінах музычным эталёнам і не знаходзіцца пад дзяржаўным каўпаком, а таму і азарт і эмоцыі ад яе нашмат меншыя чым на ўсходзе. Адтуль таксама вялікая розьніца «ўзроўню» паміж «заходнімі» і «ўсходнімі» лабухамі, якія прымаюць удзел у фэстывалі. У той час калі заснавальнікі конкурсу высылаюць туды толькі тых выканаўцаў, якія ў сваіх інтарэсах і па ўласнай волі пагаджаюцца налажыць на сябе кляймо «Эўравізіі», то новыя ўдзельнікі запрагаюць у сані самых што ні ёсьць народных любімцаў. У адным каралеўстве сыстэмай кіруе музычны рынак, у другім, як і за савецкім часам, запраўляе сама сыстэма. Менавіта ў былых савецкіх рэспубліках адсутнічае сапраўдны музычны рынак, а дзяржава ўсё яшчэ застаецца манапольным патронам. Што характэрна, густ у гэтага патрона заўжды такісамы, як і ў масаў — не найлепшы. Бадай ніводная дзяржава на сьвеце ня ведае той колькасьці муз-гною, які ў Расеі выдаецца за тое, чым і ёсьць музыка. У той жа час, як ні дзіўна, Расея ўсё яшчэ застаецца «культурным» арыентырам для шмат якіх краінаў.Ёсьць яшчэ адна, больш пэрсанальная, розьніца ў падыходзе да конкурсу. Адны сьпевуны проста знаходзяць у ім магчымасьць рэалізаваць сцэнічны вобраз музычнага блазна, а другія на поўным сур’ёзе выціскаюць падчас сваіх выступаў сьлёзы і быццам-бы-эмоцыі. Былыя саветы часьцей падпадаюць пад другі тып падыходу. Старая Эўропа вядома таксама любіць перамагаць у конкурсе і ня так даўно нават крыху памяняла пад сябе яго ўмовы, але перамога там ніколі не ўспрымалася як баявое заданьне, а муз-нявольнікі ды іх спэц-каманды ня мусяць там тлумачыцца за паразы на ўзроўні ад школьніка да міністра, як гэта часта бывае ў нас. Узважыўшы ўсё гэта, трэба памятаць, што калі канцэрт «Эўравізіі» акурат прыпадае на міжнародны дзень музэяў, то незалежна ад таго ў якой частцы Эўропы вы знаходзіцеся, варта выбраць менавіта другі варыянт. Віталь Воранаў, для ТГ Пра аўтара: Віталь Воранаў — літаратар, музыкант, журналіст. Старшыня «Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані» і выдавецтва «Белы Крумкач». У 12 гадоў пераехаў з бацькамі з роднага Менску на Захад. 12 гадоў жыў ў Польшчы, апошнія два гады — у Чэхіі. Скончыў пяць клясаў глыбоцкай музычнай школы па спэцыяльнасьці фартэпіяна і тры клясы па спэцыяльнасьці саксафон, больш за тры гады працаваў арганістам. Пераклаў на беларускую «У чаканьні Гадо» Бэкета і «Віні-Пыха» Мілна, цяпер працуе над некалькімі тэкстамі беларускіх выканаўцаў у межах праекту ТГ «Перазагрузка». Старонка ў сеціве — www.voranau.com угару - up |
|
|