|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Басовішча»: «У конкурсе няма сэнсу» | 18.05.2009 | Арганізатары «Басовішча» распавялі ТГ пра падрыхтоўку да 20-га па ліку фэсту, што адбудзецца 17—18 ліпеня ў польскім Гарадку. Як мяркуецца справіць юбілей фэсту і хто будзе гасьцямі і чаму сёлета было вырашана адмовіцца ад вольнай сцэны і конкурсу: «Гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па-сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасьць. Таму бяз сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды», — заяўляюць у БАС. Фэстываль «Басовішча» пройдзе сёлета 17 і 18 ліпеня на традыцыйнай пляцоўцы — ва ўрочышчы Борэк, што ля польскага Гарадку (ля 35 кілямэтраў ад Беластоку, ля 70 км ад Горадні і ля 350 ад Менску). Ладзяць фэстываль новыя людзі — нядаўна ў Беларускім аб’яднаньні студэнтаў зьмянілася кіраўніцтва. Старшынёй абраная Мажэна Саевіч, яе намесьніцай — Кася Кузьміч. «Гэты фэстываль юбілейны, таму мы вырашылі ўнесьці зьмены ў яго фармат і канцэпцыю», — кажа Мажэна.Паводле задумы, Борэк мае пераўтварыцца ў «машыну часу». «Мы хочам паказаць людзям 20-гадовую гісторыю фэсту, бо часта даводзіцца чуць пытаньні кшталту „А чаму „Басовішча“ раней адбывалася ў Беларусі, а цяпер у Польшчы“? Плянуем у адмысловых намётах паказваць відэа ад першых фэстаў, а на сцэне будуць выступаць хэдлайнэры першых „басоў“ — гурты ULIS, „Мроя“, а таксама "Бонда"», — апавядае Кася. Часткова адрадзіцца і пераўвасобіцца ў легендаў беларускага року з задавальненьнем пагадзіліся, як Лявон Вольскі, так і Ігар Варашкевіч. Адпаведна N.R.M. і «Крама» цяпер узмоцненна рэпэтуюць ды згадваюць песьні гуртоў-папярэднікаў. Ня выключана, што музыкі нават апрануцца ў стылі пачатку 90-х. А вось ад вольнай сцэны і конкурсу сёлета вырашылі адмовіцца . Адна зь менскіх студыяў нават абвесьціла сёлета набор на вольную сцэну фэсту, але цяпер арганізатары заяўляюць: ніякай вольнай сцэны ня будзе. «У нас адбылося непаразуменьне з прадстаўнікамі гэтай студыі. Мы зьвярталіся па параду, каб яна назвалі два-тры гурты, якія маглі бы выступіць перад галоўным канцэртам, а яны ня так зразумелі і агучылі, што робяць адбор», — тлумачаць у БАС. Кася Кузьміч тлумачыць прычыны, па якіх вырашана не рабіць сёлета конкурс маладых гуртоў. «Гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па-сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасьць. Таму бяз сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды, калі маем такі ўзровень. Маем надзею, што ў наступным ён адбудзецца на вышэйшым узроўні». Цяпер кіраўніцтва БАС вядзе перамовы з польскімі чыноўнікамі наконт выдачы беларускім гледачам бясплатных візаў для паездкі ў Польшчу. Як толькі згода будзе дасягнутая, арганізатары абяцаюць паведаміць пра тое праз «Тузін Гітоў». Сьпіс выступоўцаў «Басовішча-2009» фактычна сфармаваны. Арганізатары меркавалі запрасіць сярод іншых і гурт «Ляпіс Трубяцкой», але дамовіцца ня выйшла. Затое будзе экслюзіў ад «Бонды» і «Мроі», таксама выступіць Neuro Dubel, вядуцца перамовы з гуртом ULIS. З маладзейшых зайграюць — Rahis, Jab Club і хутчэй за ўсё «Детидетей». Плянуецца, што зь ляўрэатаў фэсту ранейшых гадоў, на сцэну выйдуць — Znich, RIMA, «Бан-Жвірба», :B:N:, IQ48, Tarpach. Фэстываль распачнецца 17 ліпеня, у пятніцу, у 17:00, а скончыцца позна ўначы 18 ліпеня. Уваход на пляцоўку — вольны. Сяргей Будкін, ТГ угару - up |
|
|