.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Экспэрт ТГ Зьміцер Лукашук: «Надакучылі тэксты пра кроў і змагароў»
| 30.05.2009 |

Экспэрт ТГ нарадзіўся ў Менску 10 сьнежня 1969 году. У 1991 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэце «Чырвоная зьмена», на радыёстанцыях «Беларуская маладзёжная», «Радыё 101,2». Цяпер — незалежны журналіст. У 1988 годзе стаў адным з ініцыятараў заснаваньня гурта «Рокіс», які потым ператварыўся ў гурт «Крама». Аўтар словаў да большасьці гітоў гэтай каманды, таксама пісаў песьні для Касі Камоцкай («Той, хто стаіць у мяне за плячыма»), Зьмітра Вайцюшкевіча («Зоя»), Indigа («Па-за межамі»), IQ-48 («Будзе вайна»). Паводле клясыфікацыі мэтра айчыннай музычнай крытыкі Алега Клімава — «сэксі (альбо Позьнер) беларускай журналістыкі». З чым «вымушана» пагаджаецца.

Зьміцер ЛукашукПрывітаньне ўсім! Адразу хачу папярэдзіць, што ніякай музычнай адукацыі ня маю. Праўда, яе ня мае і, да прыкладу, большасьць нашых знаных і выбітных рокераў, але гэта ніякім чынам не змушае мяне надзімаць шчокі і рабіць выгляд вялікага знаўцы партытуры ды гармоніяў. Таму проста выкажу сваё меркаваньне пра песьні, прадстаўленыя ў туры, народжаныя эмоцыямі і ўражаннямі падчас іх праслухоўваньня. Ну, і дзесьці скарыстаюся ўласным вопытам тэкставіка (бо паэтам сябе не лічу ў першапачатковым разуменьні гэтага тэрміна) ды доўгай супрацы з музыкамі, зносінамі зь імі. Чагосьці, магчыма, ад іх і нахапаўся па вярхах.

Пачнем з пераможцы туру — гурта «Жнюв». Уражаньне ад песьні… ніякае. Па-першае, хацелася б зразумець пра што яна? Нейкі набор словаў, прычым абсалютна нерыфмаваны. Безумоўна, ёсьць у паэзіі і «белыя» вершы, але ж і ў іх павінен быць сэнс. А так: пра нешта хлопцы засьпявалі, а пра што — засталося не зразумелым. І прыпеў абсалютна не запамінальны. А гэта, па маім меркаваньні, у песьні ледзь не галоўнае. Плюс галасы нейкіх расейцаў прабіваюцца на другім пляне. Ня лепшае ўражаньне і ад музыкі: неяк не вяжуцца званочкі ў пачатку з «дудкамі» прыканцы.

Песьню «Ляпісаў», тым больш выкананую на роднай мове, пакіну без камэнтароў. Па-першае, сапраўды падабецца і верш, і музыка. Па-другое, даўно асабіста ведаю Міхалка і шчыра рады за тое, што ў яго ўсё атрымліваецца. Дарэчы, тым, хто ня ведае — Міхалок нарадзіўся ў далёкай Сібіры, расеец па-нацыянальнасьці. І такія шчырыя «Зорачкі»!

Яшчэ адзін падарунак усім тым, хто толькі намінальна называецца беларусам: песьня, напісаная народжанай у Чалябінску дзяўчынай Ганнай Хітрык, ад гурта «Детидетей». Не пагаджуся з тымі, каму іх «Гімн» падасца патаснай рэччу. Сама Ганна нагадвае мне «Пэпі — доўгую панчоху». І ў гэтай песьні яна такая ж шчырая, нястрымная… Просты, але завадны тэкст-крычалка. Зь ім весела і прыемна скакаць насустрач сонцу па лужынах.

ESPRIT — «Знайдзі мяне» — добры тэкст-вобраз, прыемны дзявочы вакал, прыгожая музыка. За паэта, якія ім піша, шчыра радуюся. Надакучылі тэксты пра кроў ды змагароў. Для мяне гэты гурт стаў адкрыцьцём. Да гэтага ніколі іх ня чуў, магчыма, палохала назва на замежнай мове. Абавязкова зраблю зь імі інтэрвію для свайго цыклю ў «Ежедневнике».

Яшчэ адзін гурт, які размаўляе са слухачом песьнямі-вобразамі — «J:морс». Ніякіх прэтэнзіяў ні да тэксту, ні да музыкі няма. Апроч аднаго: Вова, пачытай тое, што я вышэй пісаў пра Міхалка і Хітрык. Ці ты ўжо нідзе, акрамя расейскай сцэны, сябе больш ня бачыш?

Sciana прадставіла якасны маніфэст рок-тынэйджараў. Троху наіўны, дзесьці банальны, некаторыя тэматычныя пасылы «сьпісаныя» са старэйшых «рок-прыкладаў». Агульнае ўражаньне ад песьні — дзесьці гэта ўжо чуў, на нешта падобнае. А чаму б не паслухаць яшчэ раз у іншай інтэрпрэтацыі, праўда?

NatureMorte — нядрэнны тэкст, хоць вобраз Адэлаіды і ўжо досыць пацяганы і зашмальцаваны. Раіў бы менавіта для прыпеву знайсьці іншы пасыл, перапісаць яго. Скрыпка, асабліва на пачатку, проста супэр. А вось мэлёдыка вакальнай партыі ня толькі не цікавая, але нават выклікае нейкае адмоўнае пачуцьцё. Не пасуе. Нават складваецца ўражаньне, што лепш бы гэта была проста інструмэнтальная кампазыцыя.

Avana не выклікала ніякіх эмоцыяў. Другі раз мяне слухаць гэта не прымусяць. А пра свае адносіны да крыві ў тэкстах, я ўжо казаў. У песьні ЗМ99 так усяго шмат наварочана, што нават цяжка нешта сказаць. Адным слова: «Ну, кіно!» Там табе і Кульлінковіч, там табе і «Тузін», там табе прыкметы жаночага шавінізму — усяго да кучы. Прычым, як у тэксьце, так і ў музыцы. А можа так і трэба? Як казаў Астап Бэндэр: «Пабольш незразумелага!»

Гурт Rostra чамусьці нагадаў мне сучасны варыянт Касі Камоцкай. І можа менавіта таму ўражаньні самыя пазытыўныя. Хоць, падаецца, смура магло б быць і менш. Музычны бок абмяркоўваць ня буду. Адно скажу — шмат такой музыкі я б адслухаць ня здолеў. А тэкст — абвалаквае.

Алесь Камоцкі ў гіт-парадзе толькі на 11-ай прыступцы. Шкада. І тэкстамі, і мэлёдыкай ён, на мой погляд, па-за канкурэнцыяй. А пасьля таго, як ён перастаў быць толькі бардам, ягоныя песьні набылі яшчэ больш глыбіні ды эмацыйнасьці. І як сталага дзядзьку хапае на такія шчырыя, падлеткавыя эмоцыі закаханасьці?! Колькі гадоў яго ведаю, а так гэтай загадкі і не разгадаў.

Вакальна-інструмэнтальны ансамбаль Djum нарадзіў менавіта такое адчуваньне ад пачутага — ВІА. Гэта тычыцца, што тэкста, што музычнай падачы. Простыя, без выкрутасаў вершы, празрыстая гітара, нескладаная мэлёдыя. Адно — і для такіх песень павінна быць месца. Прынамсі, значна лепш гэта, чым расейская папса, альбо псэўдапрыкол пацаноў зь мікрараёну на трасянцы.

Зьміцер Лукашук, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net