.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Тузін. Перазагрузка». Юры Дземідовіч
| 19.06.2009 |

Інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» прадстаўляюць апошняга, 12-га ўдзельніка праекту «Тузін. Перазагрузка». Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на ўдзел ад Беларусі ў «Дзіцячай Эўравізіі» Юры Дземідовіч перасьпявае сваю песьню «Волшебный кролик» па-беларуску. Маладому сьпеваку вельмі спадабалася ідэя зрабіць беларускамоўны варыянт свайго твору, які ўсяго за некалькі дзён стаў сапраўдным інтэрнэт-гітом.

Юра ДземідовічЮра Дземідовіч засьпяваў ужо ў тры гады. Ён добра памятае сваю першую песьню, якую выканаў на публіцы — гэта быў раманс «Белеет парус одинокий». У дзевяць гадоў ён трапіў у «Капэлю хлопчыкаў» — хор пры Рэспубліканскім музычным коледжы. Капэля гэтая мае ўжо 50-гадовую гісторыю. Адсюль выйшлі салісты беларускай Опэры, камэрнага аркестру, харавой капэлі, хору «Унія» ды групы «Камэрата». Кіраўнік хору Ўладзімер Глушакоў лічыць, што і ў Юры Дземідовіча — вялікая будучыня. Хлопец цяперака — вядучы саліст хору. Некалі ён нават сьпяваў на сьвяточным канцэрце з нагоды візыту маскоўскага патрыярха Алексія ІІ. Самыя ўдалыя яго нумары — «Санта Лучыя», «O sole mio», а зь беларускіх — «Радзіма, мая дарагая». Юра называе сярод сваіх улюбёных выканаўцаў Павароці, Каруза ды Ларэці.

Песьня «Волшебный кролик» зусім нетыповая, як для рэпэртуару Капэлі, дзе сьпявае Дземідовіч. Словы і музыку выканаўца напісаў да яе сам пад уплывам твору «Аліса ў краіне цудаў». Адразу пасьля выкананьня твору на паўфінале адбору на «Дзіцячую Эўравізію» 1 чэрвеня, ён займеў ашаламляльны посьпех. Цяпер колькасьць праглядаў відэа на гэту песьню на youtube.com набліжаецца да 290 000. У сацыяльных сетках арганізаваліся фэн-клюбы Юры, зьявіліся разнастайныя інтэрпрэтацыі сьпеву, прапануюцца майкі з выявамі «трусіка» і шырыцца дыскусія наконт патаемных сэнсаў гэтай песьні. Сам Юра з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым ставяцца да гэтага спакойна: «Галоўнае, што ў нашай песьні шмат слухачоў!» — заяўляюць яны.

Юра з задавальненьнем пагадзіўся зрабіць з «кроліка» — «трусіка» і пахваліўся, што беларускую мову вучыць старанна. Мае па гэтым прадмеце ў школе васьмёрку, а па беларускай літаратуры — дык наогул дзявятку. Хлопчык разам з сваім настаўнікам прынялі прапанову «Тузіна Гітоў» узяць пераклад літаратара Сяргея Балахонава. Праца над «Чароўным трусікам» пачнецца ўжо на наступным тыдні.

ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net