.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Новыя дыскі сэрыі «Беларускі музычны архіў»
| 26.06.2009 |

29 і 30 чэрвеня ў Чырвоным Касьцёле адбудзецца рэліз новых дыскаў БМАgroup з сэрыі «Беларускі музычны архіў». Будуць прадстаўленыя новыя праекты «Песьня як жыцьцё. Лепшае і невядомае» Алеся Камоцкага і складанка «З крывіцкай сям’і. Паэтычныя песьні і рамансы» ў гонар Натальлі Арсеньневай.

БМА groupДыск Алеся Камоцкага «Песьня як жыцьцё. Лепшае і невядомае» ўяўляе зь сябе складанку лепшых песень з розных альбомаў адрэдагаваную самім выканаўцам. Таксама ў выданьне ўвайшлі малавядомыя творы барда. Свае песьні Камоцкі выконвае ня толькі сам. На дыску можна пачуць паэтычныя творы Алеся ў выкананьні іншых артыстаў — Зьмітра Вайцюшкевіча, Неруша, Стэфана, а таксама вядомую «Калыханку» ў выкананьні Ксеніі Мінчанкі, Тамары Лісіцкай і Ларысы Грыбалёвай.

Складанка Натальлі Арсеньневай «З крывіцкай сям’і. Паэтычныя песьні і рамансы» працягвае сэрыю прысьвечаную вядомым айчынным паэтам. Сваё творчае бачаньне песень аўтаркі гімну «Магутны Божа» прадставілі Rostra, ZigZag, P.L.A.N., Алеся Ўнукоўская, Тацьцяна Беланогая, Уладзімер Зайчанка, Тацьцяна Матафонава, гурт Яна Жанчака «In Search For» (ISF) ды іншыя. Цікава, што сам дыск утрымлівае рарытэтныя запісы голасу паэткі, захаваныя Янкам Запруднікам.

29 чэрвеня ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёла (сьвятых Сымона й Алены) пройдзе прэзэнтацыя дыска «Песьня як жыцьцё. Лепшае і невядомае» Алеся Камоцкага. У канцэрце таксама возьме ўдзел магілёўскі бард Сяржук Кулягін з праграмай «Срэбны звон». Пачатак 18:30. Уваход вольны. Канцэрт ладзіцца пры падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма».

30 чэрвеня ў тэатральнай залі пройдзе наступны канцэрт. Алеся Ўнукоўская, Андрэй Плясанаў і ягоны гурт P.L.A.N., гурт ZigZag, гурт Rostra, Ян Жанчак і іншыя музыкі возьмуць удзел у прэзэнтацыі складанкі «З крывіцкай сям’і. Паэтычныя песьні і рамансы» на вершы вядомай беларускай паэткі Натальлі Арсеньевай. Пачатак 18:30. Уваход таксама вольны.

Даведка
Сэрыя «Беларускі музычны архіў» была заснаваная з мэтай захаваньня і выданьня архіўных ды рарытэтных запісаў, вяртаньня забытых імёнаў у беларускі музычны кантэкст. У сэрыі ўжо выдадзеныя альбомы Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага, Станіслава Манюшкі, Сержука Сокалава-Воюша, Віктара Шалкевіча, Эдуарда Акуліна. Асобная пачэснае месца ў праекце займаюць дыскі прысьвечаныя знаным паэтам: Ларысе Геніюш, Сяргею Новіку-Пяюну. Зараз ужо вядзецца падрыхтоўка наступных выданьняў прысьвечаных Кастусю Каліноўскаму а таксама творчасьці гурта «Мроя».

ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net