.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Тузін самых скандальных беларускіх песень
| 05.08.2009 |

Музычны інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў» на просьбу інфармацыйнага парталу www.udf.by cклаў рэйтынг самых скандальных песень за гісторыю беларускай сучаснай музыкі. У ТОР увайшоў тузін твораў, якія з розных нагодаў падпадалі пад цэнзуру, выклікалі скандал пасьля ратацыі ў тэле- і радыёэтэры ці проста мелі вялікі грамадзкі розгалас.

Сябры12. Сузор’е — Невежество

«Уже зима, поля еще не жаты, кто виноват — ансамбли виноваты», — такія радкі нарадзіліся ў вакаліста «Сузор’я» Валянціна Пучынскага пасьля прыходу новага генсека Чарненкі, які адразу ж па ўсім саюзе абвесьціў вайну рок-музыцы. «Сузор’е» тады якраз рыхтавала рок-опэру «Песьня пра зубра» і запісала альбом «Рок-тэрапія», куды і ўвайшла песьня «Невежество» са словамі: «Мы уверены счастье будет, если глупость разоружить». Словы гэтыя вельмі не спадабаліся тагачасным чыноўнікам і сталі лішнім аргумэнтам для расфармаваньня калектыва.

11. Песьняры — Маналёг сабакі
Гэтую песьню запісаную ў 1989 годзе на словы Петруся Макаля і музыку Ігара Паліводы зрабілі скандальнай самі чыноўнікі пасьля сьмерці Мулявіна. Гэты твор мусіў увайсьці ў анталёгію славутага ансамбля. Але высьветлілася, што на выданьні, якое ўрачыста падаравалі Аляксандру Лукашэнку падчас «Славянскага базару — 2004» гэтая песьня папросту зьнікла. У Міністэрстве культуры адчулі нейкую крамолу ў словах: «Я сьвядомай пароды сабак//Я жыцьцё адчуваю на смак».

10. Крама — Гомельскі вальс
З гэтай песьні ў гурта пачаліся непаразуменьні з уладай. Прэзэнтацыя «Гомельскага вальсу» на беларускім тэлебачаньні была прымеркаваная да 10-годзьдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За здымкі кліпа тады ўзяўся малады рэжысэр Ягор Хрусталёў. Але неўзабаве песьня была зьнятая з тэлеэтэру, а «Крама» трапіла ў лік непажаданых выканаўцаў для радыё- і ТВ. Музыкантам тады сказалі, што песьня атрымалася «занадта сумнай». Не дапамог ўдзел у запісе кіраўніка ВІА «Сябры» Анатоля Ярмоленкі.

9. Новае неба — Прэзыдэнт, ідзі дамоў
Гэтая песьня зьявілася празь некалькі дзён пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі рефэрэндуму-1995. Яна ўвайшла ў альбом гурта пад назвай «Go Home», выдадзены ў тым жа годзе. Цікава, што запісвалася яна ў студыі беларускага дзяржаўнага радыё. З тых часоў уваход у будынак для некаторых былых супрацоўнікаў і музыкантаў гурта забаронены. Кася Камоцкая потым казала, што гэта песьня была памкненьнем душы, але зь цягам часу выраз «Прэзыдэнт, ідзі дамоў» набыў каньюктурны характар і сьпявачка сама адмовілася ад выкананьня гэтага твору.

8. Юры Дземідовіч — Волшебный кролик
Песьня з наіўным дзіцячым тэкстам пра трусіка, які складае вершы і сумуе па маме прагучала на пачатку лета 2009 году на паўфінале адбору на дзіцячую «Эўравізію». Але выклікала яна зусім недзіцячую цікавасьць і стала гітом у расейскамоўным віртуальным асяродку. Розгалас выклікаў сцэнічны імідж 13-гадовага сьпявака, дакладней ягоны пагляд, а таксама запеў з трыма незразумелымі словамі «Эціс, аціс, анімаціс», якія слухачы намагаліся вытлумачыць, як праклён ці нават формулу выкліка Сатаны. Сюжэт пра Юру паказалі ў «Праграме Максімум» на НТВ. Кажуць, што з ініцыятывы камітэту па рэлігіі нават ладзілася экспэртыза тэксту. Во такі розгалас выклікала дзіцячая выдумка.

7. Ляпіс Трубяцкой — Лукашенко
Гэтую песьню «ляпісы» выконвалі на канцэртах яшчэ да выданьня свайго першага альбома «Ранетое серце» (1996). У арыгінальным тэксьце Юрыя Энціна з кінафільму «Прыгоды Бураціна» музыканты зьмянілі прыпеў «Бу-ра-ці-на!» на «Лу-ка-шен-ко!». Атрымалася вельмі сьмешна і радкі «На голове его колпак//Но околпачен будет враг…» загучалі надта вострасацыяльна. Песьня па выніку так і не была запісаная ў студыі. Потым Міхалок у адным з інтэрвію прызнаецца, што знаёмыя з органаў параілі не сьпяваць «Лукашэнку-бураціну».

6. Zatoczka — Прэзыдэнт іграе ў хакей
Песьня, з дапамогай якой дэбютанты магілёўскай рок-сцэны ў 2007 годзе праславіліся на ўвесь горад, а потым і на ўсю краіну. Музыканты тады тлумачылі ў інтэрвію, што выказацца ў такой жорсткай форме іх падштурхнула «дзяржаўная паказушнасьць». Нягледзячы на просьбы арганізатараў наступнага канцэрту, Zatoczka ізноў выканала свой гіт. Пасьля першых жа словаў, мікрафоны ім выключылі, але словы песьні ўжо добра ведала заля. Песьня «Хакей» распаўзлася па людзях, дзякуючы інтэрнэту. У свой дэбютны дыск гурт яе вырашыў усё ж не ўключаць.

5. Эдуард Ханок — Товарищ президент
Песьня, якую вядомы беларускі савецкі кампазытар прысьвяціў Аляксандру Лукашэнку ў 1997 годзе была напісаная на словы былога вайскоўца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Грыгорыя Сакалоўскага. Прыпеў запамінальны: «Товарищ Президент, настанет тот момент//Когда вам до конца поверят люди…», а ў куплеце, як пра Леніна: «Вы не боитесь черновой работы//Встаете с предрассветною зарей//Как по тревоге боевой солдаты//Чтоб солнце восходило над землей». Выконвалася кампазыцыя пад акампанімэнт фартэпіяна аўтарам музыкі. Пасьля аднаго з канцэртаў у Менску Ханок казаў журналістам, што не пралічыўся з гэтым творам, бо той выклікаў шквал эмоцыяў у незалежнай прэсе. Па чутках, самому герою песьня не спадабалася і хутка зьнікла з рэпэртуару Ханка і больш ніколі нідзе не гучала.

4. Devіation — Милицейский террор
Гэтую песьню гарадзенскі панк-гурт выканаў на першым сваім канцэрце ў 1993 годзе. Лідэр гурта Стас Пачобут прысьвяціў яе былому начальніку Бераставіцкага РУУС, які застрэліў з табельнай зброі сваю жонку і параніў сына. Пасьля канцэрту Стас разам з бас-гітарыстам Devіation трапілі за краты. Аднаму далі 10 сутак, другому — 15 — «за заклік да самасуду». Але панкаў не запужаць — гэтая песьня пад назвай «Забіць мянта» была ўключаная ў дэбютны альбом гурта «Lukaschenko… Uber Alles» (1996).

3. Neuro Dubel — Резиновый дом
Песьню з душэўным запевам «Б… буду море, б… буду чайкі» Аляксандар Кульлінковіч напісаў за школьнай партай у 15 гадоў. Першачаткова ў ёй быў 21 куплет, а адна з фразаў зьмянялася некалькі разоў цягам апошніх 20 гадоў. Спачатку ў ёй сьпявалася пра «нажравшися всласть коммунистическую власть», потым «коммунистическая» была замененая на «демократическая», потым на «лукашенковская». У 2001 годзе менавіта ў трэцім варыянце песьня прагучала ў музычнай праграме галоўнага тэлеканала краіны, у выніку чаго праграма была закрыта, а некалькі яе супрацоўнікаў звольненыя. Цяпер Кульлінковіч пяе «разнообразная власть», каб ужо не зьмяняць прыярытэты.

2. N.R.M. — Партызанская
Песьня з другога альбома гурта N.R.M. «Одзірыдзідзіна» напісаная нібы пра другую сусьветную вайну, надзвычай пасавала ў час масавых хваляваньняў другой паловы 90-х. «Вiдаць што зноўку давядзецца адкапаць кулямёт, вiдаць што зноўку давядзецца страляць», — гэтыя словы людзі падхапілі на канцэртах, а потым і на мітынгах. Песьня «Партызанская» была несумнеўным гітом 1996 году, але на цырымоніі «Рок-Каранацыя» музыкаў чамусьці вырашылі ўзнагародзіць за неўтральную фолькавую «Мела мамка тры сыночкі». N.R.M. насуперак такому рашэньню сыгралі «Партызанскую» і арганізатары цырымоніі вымушаныя былі прызнаць яе за «Песьню году».

1. Сябры — Слушай батьку
Гэтая песьня прагучала ў беларускім тэлеэтэры напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе — 8 сакавіка ў межах канцэрту «За Беларусь» і выклікала хвалю абурэньня і дзікага рогату ў інтэрнэце. Народны артыст Беларусі потым апраўдваўся, што не таго бацьку меў на ўвазе, але народ успрыняў усё літаральна і расьцягнуў гэты сьпеў на цытаты, асабліва радкі: «Ладно сшит и крепко сложен//Он плохому не научит//Батька всех построить может//Батька всех других покруче». Кажуць, Анатоль Іванавіч вельмі перажываў пасьля масавага асуджэньня твору ў яго выкананьні ды вырашыў больш не правакаваць публіку. «Слушай батьку» на канцэртах не выконваецца, нібы нават фанаграма песьні была зьнішчаная.

Падрыхтаваў Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў», для www.udf.by
Арыгінал тэксту, фота і аўдыё на сайце www.udf.by

Фота: syabry.com


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net