|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Гэтыя завадныя электрапанкі вельмі любяць шык і камфорт!» | 02.10.2009 | Зусім мала часу засталаося да самай інтрыгуючай музычна-культурна-трэшавай падзеі гэтай восені: ужо 5 кастычніка самыя вядомыя брытанскія электрапанкі The Prodigy ў межах туру ў падтрымку новага альбома Invaders Must Die прыедуць у Менск. Аказалася, што задуманы кампаніяй Ultra Гук фэстываль стане знакавай падзеяй для сталіцы ня толькі з-за першага ў гісторыі прыезду зорак сусьветнага маштабу, але і таму, што Беларусь аказалася не гатовай прымаць у сябе такіх зорак. Як вырашаліся паўстаўшыя праблемы і тое, як адчуваюць сябе першаадкрывальнікі напярэдадні грандыёзнага Ultra Music Festival «Тузін Гітоў» паразмаўляў з прадусарам фэсту Марынай Калесьнікавай. — Хто быў першы: The Prodigy захацелі прыехаць у Беларусь, ці Ultra Гук вырашыўся запрасіць The Prodigy ў Беларусь?— Як жа The Prodigy маглі падумаць ці ўзгадаць пра Беларусь, калі яны тут ніколі не былі. Канечне, гэта мы іх запрасілі. — Што паспрыяла такому авантурнаму, здавалася б, рашэньню? — The Prodigy — гэта той гурт, які марылі прывезьці, напэўна, усе прамоўтэры, якія працуюць у шоў-бізнэсе ў Беларусі. У Беларусі гэта было вельмі складана зрабіць — гэтаму было шмат перашкодаў, калі яны толькі пачыналі ці былі на піку папулярнасьці. Пасьля гурт кудысьці зьнік, але ўсе ведаюць, што The Prodigy — гэта сапраўды клясны калектыў, які запальвае танцпляцы сваёй энэргетыкай. Але ўвесь час іх зьяўленьне ў Беларусі здавалася нерэальным. За пяць гадоў, пакуль The Prodigy не зьбіраліся разам, у нас зьявілася больш магчымасьцей. Ніякіх сумневаў, што ўсім хацелася, каб The Prodigy прыехалі да нас не было. І калі мы з дырэктарам размаўлялі аб нашых плянах на восень яшчэ вясною, ён прапанаваў прывезьці The Prodigy. На што я здзівілася — іх жа, лічы, няма! На што дырэктар адказаў, што яны зноўку сабраліся, выпусцілі новы цікавы альбом і зьбіраюцца ў тур! — Наколькі гэта было складана ці не складана быць першаадкрывальнікамі, весьці перамовы з такімі зоркамі? — Гэта было вельмі цяжка. Перш за ўсё таму, што ў нас няма падрыхтоўкі для таго, каб прымаць такіх гасьцей. Я ня маю на ўвазе нашую арганізацыю, а наш горад увогуле. Ня кажучы пра нейкія рэгіёны, дзе менш «складаныя» артысты зь цяжкасьцю прадаюцца і праводзяцца нейкія мерапрыемствы. А менавіта ў Менску, ужо вядома, ёсьць складанасьці з пляцоўкамі. Вельмі многія людзі былі проста не гатовыя працаваць з такім праектам у параўнаньні нават з Кіевам, ня кажучы пра Маскву, дзе кожны месяц зьяўляюцца такія знакамітасьці на розны густ. У нас, калі робіцца нейкае масавае мерапрыемства, на яго паглядзець прыходзяць усёй краінай. Так нават было з праетам Global Gathering, калі ўпершыню ў Менск прыехаў такі брэнд, і проста паглядзець — што гэта такое, прыйшла ўся моладзь. — Наколькі гэтае мерапрыемства акажацца «акупабельным» пры ўліку ўсіх прадбачаных і, тым больш, не прадбачаных затрат? — Вядома ж, нашыя першапачатковыя затраты значна адрозьніваюцца ад тых, якія мы пабачым на наступны дзень пасьля фэсту. Але мы спадзяемся, што дзякуючы таму, што на фэстываль прыйдуць людзі, хаця б нашая праца акупіцца ня проста ў нуль. Бо гэта праца не аднаго дня ці тыдня. Гэта паўгоду як мінімум. Мы таксама яшчэ маладыя людзі, ходзім на клюбах, канцэртах, вечарынах, лазім па Інтэрнэце і бачым, колькі людзей скардзіцца, кшталту, хоць бы хто-небудзь да нас прыехаў… Вось. Мы нарэшце прывезьлі. Зараз хочацца спадзявацца на тое, што людзі будуць нам удзячныя і не праігнаруюць гэтую падзею. Калі ў нас не атрымаецца прыцягнуць людзей зараз — наўрад ці ў каго іншага гэта атрымаецца хутка. Ніхто ня хоча рызыкаваць: паўгоду сыходзяць на перамовы і дамовы, а пасьля гэтага ты можаш застацца нават у мінусе. — Чатыры ці тры дні застаецца да самой імпрэзы. Наколькі ўсё ж нашыя людзі актыўныя? Колькі квіткоў ужо прададзена? — Мяркуючы па вопыце ўсіх папярэдніх мерапрыемстваў, ніколі квіткі не раскупаюцца актыўна загадзя. Нават калі ўзгадаць канцэрты, якія «прадаліся» вельмі добра — асноўная маса людзей прыходзіць за квіткамі ў дзень мерапрыемства альбо за дзень ці два. Таму мы ўсё ж спадзяемся на аншляг! Асноўны танцпляц ужо амаль што выкуплены. Думаю, і ўсе квіткі, якія на сёньня засталіся, таксама будуць выкупленыя. Тым больш, абацаюць вельмі добрае надвор’е. — Сам Ultra Music Festival задумваўся раней, чым стала вядома пра прыезд The Prodigy? — Раней мы займаліся пераважна канцэртамі — шмат было рок-канцэртаў беларускіх, расейскіх ці ўкраінскіх гуртоў, прывозілі таксама і «Віягру». Асноўная наша аўдыторыя — гэта моладзь. І зрабіць звычайны канцэрт, калі ў нас атрымалася дамовіцца на прыезд такой зоркі не хацелася. Хацелася разцягнуць і разсмакаваць гэтую падзею. Таму і выбралі форму фэстывалю. Вядома, мы ня сталі паглыбляцца і рабіць некалькі дзён, як гэта практыкуецца ў Эўропе ці Амэрыцы. Запрасілі лепшыя беларускія гурты, якія граюць у блізкіх стылях. А калі сталі думць, як назваць фэстываль — наша кампанія называецца Ultra Гук, то нам прыйшло да галавы назваць менавіта Ultra Music Festival. Інтэрнэт нам расказаў, што з такой назвай ёсьць толькі фэстываль у Амэрыцы — маштабы з нашымі, вядома, не параўнаць, я такога ня бачыла нідзе. Але вырашылі, што ня кепска і нам мець свой Ultra Music Festival. Аптымізму ў нас хапае, каб спадзявацца калі-небудзь дарасьці да амэрыканскага фэстывалю. — А вось усе гэтыя пытаньні з выступам Юры Дземідовіча — яго ўсё ж не будзе? — Усё ж не. — Не спрабавалі, напрыклад, дамовіцца на тое, каб Юра адмовіўся ад выступу на «Эўравізіі» дзеля выступу на адным фэстывалі з The Prodigy? — Так пытаньне мы, вядома, ня ставілі. Спрабавалі вытлумачыцца з мастацкім кіраўніком, што гэты выступ Юры ня проста ня будзе замінаць, а паспрыяе яго пасьпяховаму ўдзелу ў конкурсе. Бо дзеля чаго дзіця выступае на «Эўравізіі»? Напэўна, дзеля папулярнасьці. Іншая справа, калі дзіця ходзіць у школу і любіць сьпяваць проста так, для мамы, а зусім іншая — калі ён спрабуе дасягнуць папулярнасьці і паказаць сябе сьвету. У нашым выпадку не стаяла пытаньня — адно ці другое. Тыя дакумэнты, якімі апелявала Белтэлерадыёкампанія, кажуць, што не пажаданы актыўны ўдзел у камерцыйных праектах. Не пажаданы — гэта не адное і тое ж, што забаронены. Актыўным удзел таксама не зьяўляецца — размова ідзе пра дзьве песьні без далейшай трансьляцыі ў этэры. А што датычыць камэрцыйнага — усе беларускія гурты на фэстывалі выступаюць не на камэрцыйных умовах, а толькі дзеля ўдзелу ў фэсьце… Тут, мяркую, толькі непаразуменьне з боку прадусараў таго, наколькі гэта магло быць карысным дзіцяці. — Што цікавага, незвычайнага вы можаце ўзгадаць з райдэра зорак? — Для нас усе моманты райдэра вельмі цікавыя — такіх райдэраў мы не сустракалі. Самае нечаканае ў райдэры, гэта тое, што вось гэтыя завадныя электрапанкі, аказваецца, вельмі любяць шык і камфорт. — Вядома, раскрываць таямніцу наконт ганарару нельга, але, можа, вы ўзгадаеце, колькі прыкладна разоў маглі б выступіць за тыя грошы якія-небудзь іншыя вядомыя выканаўцы? — Так, нельга раскрываць таямніцу. Але і ў пераліках я не магу назваць гэтыя лічбы: па-першае, мне для гэтага трэба калькулятар, па-другое, раптам іншыя выканаўцы пакрыўдзяцца… Такім чынам, 5 кастрычніка — ужо вельмі хутка. У 17:00 на стадыёне «Дынама» ў Менску адбудзецца беспрэцэдэнтны Ultra Music Festival, у межах якога выступяць 4 Kuba, Access Denied, The Playfellow, «Куклы» і Drum Ectasy. Хэдлайнэры фэсту — «каралі» электрапанку брытанцы The Prodigy. У дзень нястрымнага шаленства сыноптыкі абяцаюць каля + 14. Алена Скарабагатава, «Тузін Гітоў» Фота: www.theprodigy.com угару - up |
|
|