.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Экспэрт ТГ Глеб Лабадзенка: «Рэспэкт за Wi-Fi ў царкве»
| 04.12.2009 |

Экспэрт ТГ нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй і журфак БДУ. Працуе журналістам ад 2000 году, атрымаў некалькі журналісцкіх прэміяў за найлепшыя рэпартажы году. Займаецца актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, апошні буйны праект — арганізацыя прыезду ў Беларусь нашчадкаў князёў Радзівілаў летам гэтага году. Піша вершы, тэксты песень. Супрацоўнічае з гуртамі HandmadE (былы Jab Club), Rahis. Для сьпявачкі Дакоты напісаў песьню «Цябе забываю», зь якой яна спрабавала свае сілы ў апошнім «Эўрафэсьце». У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» пераклаў песьню Дакоты «Запалкі» і гіт «Стоксаў» «Пад купалам нябёс». Вельмі любіць беларускую музыку, хаця сам сьпявае толькі ў душы і ў машыне — калі ніхто ня чуе. Вядзе блог www.labadzenka.by.

Глеб ЛабадзенкаУ музыцы я разьбіраюся даволі пасрэдна, за навінкамі асабліва не сачу, тэндэнцыяў ня ведаю. Аднак, калі ўжо вялікае начальства «Тузіна» запрасіла паназіраць за турам, адмаўляцца было няёмка. Ацэньваў выключна паводле крытэру падабаецца/не падабаецца. Да ўсяго ж яшчэ мяне, як чалавека, які спрабуе пісаць тэксты да песень, заўжды хвалюе, наколькі добрая дыкцыя ў сьпевака — я люблю слухаць тэкст, разьбіраць вершы, а ня «му-му-му, бу-бу-бу».

Глюкі feat. MAUZER і Green Che — Краіна 2.0: Тут маё меркаваньне абсалютна супала з народам. Сам ужо некалькі месяцаў слухаю гэты трэк. Гатовы галасаваць за яго дзеля аднаго радка: «Я размаўляю з Госпадам, бо ў маёй царкве Wi-Fi». Да тэксту спрычыніўся мой калега і знаёмец Віталь Рыжкоў, я неаднаразова выказваў яму рэспэкт за згаданы радок асабіста.

Jenowa — Жывыя: Пачала дзяўчына сьпяваць вельмі добра, а вось у прыпеве нешта сталя няўдала надрывацца, чым сапсавала ўсё ўражаньне ад песьні…

Akute — Адзіноцтва: Выдатны танцавальны трэк, гэтым можна апраўдаць нават ягонае празьмерна даўгое гучаньне — 5:36 хв.!

Сердце дурака — Маці: Невыразны, як мне падалося, трэк, мэлёдыю якога я не магу ўзнавіць нават пасьля трох ці чатырох праслухоўваньняў.

Naka — Бяжы: Неблагая песьня — і па-расейску, і ў выдатным перакладзе Сяргея Балахонава. Аднак заходзіш на сайт Naka — і чытаеш: «Русский рок, белорусская группа Naka». І адразу неяк зьнікае ўсё захапленьне. Можа, я занадта люблю сваё?..

ZM99 feat. Памідораў і IQ48 — Вечар’Ок: Даруйце, але апроч «сіські» і «піські» я не зразумеў практычна ніводнага слова ў песьні. Раю вакалістцы працаваць над дыкцыяй — якая павінна прысутнічаць пры любой манеры сьпяваньня.

Нестандартны варыянт — У неба: Вельмі спадабалася: добры тэкст, цікавая песьня, прыемнае выкананьне. Захацелася праслухаць некалькі разоў.

Серебряная свадьба — Новы мост: Што тут казаць, Сьвятлана Бень — гэта наша нацыянальны здабытак!.. Мая воля, я б унёс яе ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКО. Ну ёсьць жа там Сардынскі хор?! А нашая Сьвятлана ня менш шыкоўная! Слухаючы «Серебряную свадьбу», я заўжды баюся, што французы рана ці позна пераманяць да сябе такі скарб. Лічу, што ў «Тузіне» гэтая песьня мусіць мець значна вышэйшую пазыцыю.

IQ48 і Джамбібум — Дзеўкі каліну ламалі: Мне падабаецца ўсё, што робіць Саша Ракавец — у тым ліку і гэтая песьня. У Сашы ёсьць добрае адчуваньне слова і рытмікі, здаровая іронія і пачуцьцё гумару. Люблю IQ48.

Спрат — Казачныя сны: Веееельмі спадабалася. Запісаў сабе ў машыну і слухаю.

Werasen — Вось твой шлях: Гм… Тэкст цудоўны, сьпеў цудоўны, але, як кажа мой сябар, лідэр гурту HandmadE Яўген Валошын, «нешта ня тое». Можа, занадта па-бардаўску? Ці проста вылучаецца на тле агульнага «умца-ца», выпадае з рытму? Гэтая песьня заняла б годнае месца, скажам, на чарговай кружэлцы Паўла Севярынца «Беларускі хрысьціянскі гіт». Песьня ня створаная для змаганьняў у гіт-парадах, яна і так даволі самадастатковая.

Glofira — Гэты фільм: Ледзьве даслухаў да канца.

Агульнае ўражаньне даволі спрэчнае — побач з вартымі капазыцыямі, якія чамусьці плятуцца ў хвасьце, ёсьць натуральны спам, які мае высокія пазыцыі. Ярмошына дарвалася да калькулятара «Тузіна»?.. ;)

Глеб Лабадзенка, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net

Рэкляма: Продвижение и раскрутка сайта в сети