.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Ultra-Music Awards 2009: разьвіртуалізацыя
| 08.02.2010 |

Абвешчаныя пераможцы музычнай інтэрнэт-прэміі Ultra-Music Awards 2009. Цягам двух месяцаў абіраліся найлепшыя ў замежнай і айчыннай музыцы. Пантэон леташніх герояў выглядае так: Rammstein, Muse, «Ляпіс Трубяцкой» і Юры Дземідовіч. Заснавальнік прэміі Вячаслаў «Slaver» Радзівонаў распавёў «Тузіну Гітоў» пра пляны па разьвіртуалізацыі Ultra-Music.

Ultra-Music Awards’2009Галасаваньне ў пяці намінацыях Ultra-Music Awards 2009 цягнулася на працягу двух месяцаў. Галоўнай яго асаблівасьцю зьяўлялася тое, што прэтэндэнтаў і пераможцаў выбіралі толькі інтэрнэт-карыстальнікі. Кожны жадаючы мог прапанаваць да дзесяці сваіх прэтэндэнтаў у намінацыі, па выніках чаго былі складзеныя сьпісы для другога туру. У ім можна было галасаваць штодзённа за аднаго свайго фаварыта. Агульная сума галасоў дасягнула амаль 20 тысячаў.

Такім чынам, у намінацыі «Гурт году» перамог Rammstein, найлепшым замежным альбомам году быў названы іхні ж «Liebe ist fur alle da», а вось у намінацыі «Найлепшая замежная песьня» немцаў апярэдзіў MuseUprising»). У беларускіх намінацыях перамогу адсьвяткаваў «Ляпіс Трубяцкой» з «Культпросветом» («Найлепшы беларускі альбом году») і Юры Дземідовіч з «Чароўным кролікам» («Найлепшая беларуская песьня году»). Поўныя вынікі можна пабачыць на старонцы інтэрнэт-прэміі.

«Вынікі можна назваць прадказальнымі, — кажа заснавальнік Ultra-Music Awards Вячаслаў «Slaver» Радзівонаў. — Перамаглі музыкі і песьні, якія часьцей за ўсё ўзгадвалі ў першым туры і якія маюць вялікую колькасьць прыхільнікаў у Беларусі і СНД. Самымі актыўнымі былі фан-клюбы Rammstein, што прынесла гурту перамогу ў дзьвюх намінацыях. Чаканай была і перамога песьні пра „чароўнага трусіка“, якая менавіта праз інтэрнэт атрымала шырокую вядомасьць і прынесла посьпех Юрыю Дземідовічу».

Цырымонія віншаваньня пераможцаў Ultra-Music Awards пройдзе 20 лютага ў менскім клюбе «Графіці». Гасьцямі імпрэзы будуць The UNB, Akute і The Blackmail. Slaver кажа, што першапачаткова ў яго не было ідэі праводзіць цырымонію ўзнагароджаньня — хацелася пакінуць усё ў віртуальнай прасторы. «Але клюб „Графіці“ прапанаваў зрабіць невялікую party ў сябе. Таму было вырашана, што 20 лютага мы зьбярэм разам журналістаў, музыкаў і ўсіх ахвочых, падвядзем музычныя вынікі 2009 году і паслухаем некалькі цікавых гуртоў». Плянуецца, што апроч пераможцаў у асноўных катэгорыях, будуць адзначаныя іншыя музыкі ў адмысловых намінацыях.

ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net