.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“P.L.A.N.” - “Znic nadziei”
| 24.05.2006 |

Пасьля выданьня трох запар электрычных рок-альбомаў гурта “P.L.A.N.” (“Blues у канцы тунэлю”, “Вам слова, Джон Ячмень”, “Вялікае калі ласка”) у яго лідэра Андрэя Плясанава ўзьнікла жаданьне ўзяць тайм-аут з электрычнасьцю і папрацаваць акустычна, над unplugged-альбомам. І дзеля гэтага ў яго творчым багажы знайшлося шмат прыдатных аўтарскіх песень, якія шмат гадоў ляжалі ў дальняй шуфлядзе і чакалі свайго часу. Да таго ж, за гады існаваньня гурта “P.L.A.N.” назапасілася некалькі цікавых кавэр-вэрсіяў на песьні з рэпэртуару знакамітага польскага гурта “Czerwone gitary”, а таксама кампазыцыяў, што бралі ўдзел у агульнабеларускіх музычных праектах.

P.L.A.N. Piosenki samotnego licvinaДля слухачоў і адмыслоўцаў будзе карысным даведацца, што разьвіцьцё ідэі А. Плясанава, ад жаданьня выдаць unplugged-альбом “Piosenki samotnego Licvina” да запачаткаваньня аднайменнага праекту з падзагалоўкам “Znic nadziei”, не выпадковы. Праект адлюстроўвае імкненьне вядомага музыкі, кампазытара і мастака Плясанава знайсьці найбольш адпаведную форму для асэнсаваньня сваёй творчасьці, а глыбей, - мэты яго існаваньня на гэтай зямлі…

Пасьля таго, як дыск трапіць у ваш прайгравальнік, стане відавочным імкненьне Андрэя Плясанава і ягоных сяброў засяродзіць увагу на мэлядызьме, які бярэ вытокі з фальклёру, да якога ўсе музыкі гурта “P.L.A.N.” ставяцца з асаблівым піетэтам. Мо таму альбом распачынаецца апрацоўкай беларускай народнай песьні “Гоман, гоман”, якая гучыць на дыску так, быццам выконвае яе сапраўдны фальклёрны гурт з цымбаламі, акарынай і баянам. І толькі лірычныя пераборы гітары, рытмічны пошчак бубноў і іншых перкусыйных інструмэнтаў нагадвае, што на дыску гучыць акустычны варыянт гурта “P.L.A.N.”. Нездарма вунь “Музыкальная газета” (№17-18 ад 11.05 2006 г.) адносіць ад пачатку блюзавы, рок-н-рольны “P.L.A.N.” да сонму “адептов современного фолка”…

Затое, наступная кампазыцыя - “Зьніч надзеі” вяртае слухачоў да знаёмага ансамблевага гучаньня “P.L.A.N.”-unplugged. Зразумела, чаму гэтая песьня дала назву першай частцы праекта “Piosenki samotnego Licvina”. Яна быццам калектыўнае крэда музыкаў “P.L.A.N.”: лірычнае асэнсаваньне мінуўшчыны краіны праз гармонію музыкі, лірычнасьць і адпаведнае выкананьне. “Зьніч надзеі” – сапраўднае музычнае палатно, самая “зачарованая” беларускай народнай міталёгіяй песьня Андрэя Плясанава. Адзначу вельмі далікатную працу на гэтым запісе гітарыста Кастуся Драпезы, які разам з баяністам Анатолем Стэцэнкам і цымбалісткай Ульлянай Гаўрылавай ствараюць настраёвы акампанемэнт лідэр-вакалу Плясанава.

У “Шынкарачцы”, што была ў ратацыі амаль на ўсіх радыё- і телеканалах Беларусі, адчуваецца жаданьне Андрэя зрабіць з народнай тэмы радыйны гіт. І гэта музыкам удаецца з дапамогай эфекту драйва, які, аказваецца, можна дасягнуць граючы на дудзе, скрыпцы, віяланчэлі ці цымбалах.

Яшчэ адзін гіт з фальклёрный скарбніцы – “Туман-бацюхна”. Слухачоў песьня “возьме” расьпеўнасьцю і рэфлектыўнасьцю тэкста, які абуджае нашы самыя прыхаваныя ўспаміны і пачуцьці, што засталіся яшчэ зь дзяцінства.

Дзьве кампазыцыі з альбому “Znic nadziei” адлюстроўваюць даўні сантымент Андрэя Плясанава да клясыкаў польскага біг-біта – гурта “Czerwone gitary”. Зноў жа, крытэры для зьмяшчэньня на дыску кавэраў “Анна-Мар’я” і “Колеры восені” застаюцца нязьменнымі – узьнёслы мэлядызм і лірызм, дабротны пераклад тэкста песьні па-беларуску ад Вітаўта Мартыненкі.

Дарэчы, знаны беларускі крытык і паэт В. Мартыненка зьяўляецца аўтарам тэкстаў яшчэ некалькі кампазыцыяў, што гучаць на гэтым альбоме. Маю на ўвазе песьню “Ўспамін пра будучыню”, у якой аўтар малюе ідэальную Беларусь, у якой калісьці знойдзецца месца Беларусам, і той шлях, які прыдзецца адолець, каб дасягнуць ідэалу. Другая песьня на верш Вітаўта – “Шэра-ружовыя сны”. У ей выканаўцы з дапамогай экзыстэнцыйнага тэксту і адпаведнай музычнага настрою імкнуцца зазірнуць у цяперашні сьвет беларуса, што апынуўся ў варожым антыбеларускім асяродзьдзі. Нягледзячы на нацыянальны і інтэлектуальны шторм, што бушуе цяперака на Беларусі, аўтары знаходзяць падставу для аптымізму і заклікаюць “жыць, хоць зграя вішчыць і брудам лье на ўсіх...”

Не абыйшлося і без аўтабіяграфічных рэмінісцэнцый у “Люстэрку лёсу”, разварушаных настальгічнымі сола віяланчэлісткі Кацярыны Радзько, патрыятычных, у духу ваярскіх маршаў, кампазыцый (“Выправа”). Апошняя песьня створана на вершы ўдзельніка гурта “P.L.A.N.” Яраша Малішэўскага. Граючы скразную тэму на дудзе, Я. Малішэўскі разам з баяністам А. Стэцэнкам надаюць песьні старажытную аўру. Творчае сталеньне Яраша мы назіралі апошнім часам менавіта ў супрацы з Андрэем Плясанавым. Гэта дазваляе маладому музыку назапасіць неабходны студыйны і канцэртны вопыт для сваёй паралельнай сольнай працы.

Адным з самых запамінальных твораў на дыску можна сьмела назваць песьню на верш Ларысы Геніюш “Русалчын вэлюм” з фанаграфічнага праекту “Жыць для Беларусі”. Цудоўна яшчэ і яшчэ раз праслухаць песьню “Русалчын вэлюм”, якая сярод іншых ёсьць на дыску ў відэа-фармаце, каб зразумець маштаб той працы, якую зрабіў Андрэй падчас запісу гэтай кампазыцыіі. У ёй гарманічна пераплятаецца скрыповая сімфанічная паліфанія, мяккае трымценьне гітарных струн і аб’емнасьць гукаў народных інструментаў. Паэзія Л. Геніюш у музыцы А. Плясанава знайшла свой відавочны адпаведнік. Дасягнуць гэтага эфэкту дапамагла чароўная Аляксандра Кірсанава з дуэту “А&К”, якую Андрэй адмыслова запрасіў на гэты запіс.

Дарэчы, Андрэй Плясанаў з дапамогай удзельнікаў ягонага праекту зьдзейсьнілі сапраўдны патрыятычны чын: геніюшавы “Русалчын вэлюм” на музыку Плясанава прагучаў на “Перекрестках Европы” 25 сакавіка. Прызнаюся, гэта быў нечаканы і прыемны для многіх прыхільнікаў творчасьці Л. Геніюш падарунак на Дзень Волі ’06!

Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net