.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Мы ўсе людзі на балоце, ё!»
| 08.05.2010 |

Беларускі рэп робяць хлопцы зь Вялейкі, Лунінца, Сянна ды Івацэвічаў. Пра адраджэньне гэтага занядбанага кірунку заявілі PANaNieba, Lunclan, Zeman, Вожык і Vinsent на першым фэсьце беларускамоўнага рэпу. У атачэньні айчынных рэпэраў адсутнічаюць вульгарныя дзеўкі, яны ня бразджуць ланцугамі, не ўжываюць наркотыкаў, а зброю бачылі толькі па тэлевізары. Затое яны сьмела паказваюць фак існаму ладу, славяць Каліноўскага ды сьпяваюць пры чыстыя чалавечыя пачуцьці. Беларускія чытаньні ў «Рэактары» ўдаліся.

Vinsent«Мы ўсе людзі на балоце, ё!», — такімі словамі запальваюць публіку першыя выступоўцы — Sviedak і ChviaDot з PANaNieba. Нягледзячы на тое, што галасы ў іх яшчэ ламаюцца, словы глытаюцца ды і досьведу вялікіх канцэртаў нямашака, трымаюцца на сцэне яны досыць упэўнена. Дадае драйву іхнім чытаньням Zeman з праекту Imperator. Гэты экспрэсыўны рэпэр заяўлены ў канцэрце ня быў, але выходзіў на сцэну часьцей за вядучага Паўла Белавуса, пэрыядычна дапамагаючы сваім калегам у чытцы ды штохвіліну заклікаў уздымаць запальніцы.

Адсутнасьці на такой падзеі прызнаных «майстроў слова», як Сярога ці лідэр «Чырвоным па белым» Кроў, здаецца, ніхто і не заўважыў. Сярога баіцца беларускай мовы, як агню пасьля свайго адзінага экспэрымэнта «Лялька», а Кроў добра прыжыўся ў Польшчы ды шчыльна зьвязаў сваё жыцьцё з тэлебачаньнем. Вядома ж, чытаньне рэпу такіх грошай не прыносіць.

Фэст адзначыўся і зараджэньнем такой зьявы, як нацыянальны рэп-батл. Беларуская «бойка за рэспэкт» прайшла ў перапынку, калі два ахвочыя гледачы ўзяліся пачытаць са сцэны Караткевіча ў рэп-манеры.

Лунінецкія рэперы з Lunclan выхваляліся набытай менскай прапіскай, ганарліва заявіўшы прысутным, што яны прыехалі з Розачкі ды Грушаўкі ды прэзэнтавалі песьню пра сталіцу, якая магла бы з поўным правам пратэндаваць на рэп-гімн Менску.

Вожык чараваў публіку сьціпласьцю ды пафігізмам. Дзіва, але нягледзячы на практычную адсутнасьць яго ў рэальнай музычнай прасторы, некаторыя яго сьпевы людзі ведалі напамяць. Як, напрыклад, трэк «Вечна жывая». Пры канцы свайго сэту рэпэр не ўтрымаўся ды пахваліўся сваёй супрацай з амэрыканскім чытальнікам Popa Chief з фармацыі Wu-Tang Clan Family. Праўда жывая прэзэнтацыя трэку «Амэрыка скрозь» выйшла скамечанай — калі ішла фанэра з запісам голасу заакіянскага госьця, сам Вожык ня ведаў куды дзецца ды пры канцы загадаў прытушыць сьпеў на паўслове. Віртуальную прэзэнтацыю сумеснага сынглу Вожык паабяцаў зладзіць на ТГ.

Апошнім чытаў той, дзеля якога і высілкамі якога гэтая дзея і ладзілася. Посьпех на «Тузіне Гітоў» песьні «Адыходзяць караблі» ды пераможнае шэсьце кліпу «Восеньскі вальс» па тэлеканалах краіны зрабілі сваю справу. Яшчэ крыху і яго будуць прадстаўляць, як Яго Вялікасьць Vinsent. Новасьпечаны герой айчыннага гіп-гопу прадставіў тое, што не згубіла яшчэ актуальнасьці з дыску «Пачатак» ды колькі рэп-патрыятычных нумароў. На песеньцы-прысьвечэньні Каліноўскаму людзі расьцягнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта было ўдалае завяршэньне вечару, можна было ісьці. Але Vinsent не пайшоў, а паўтарыў на біс «Працягваю жыць» і тую ж «Слава героям». Пасьпяховым фэстам і сваім выступам выканаўца зазначыў: гэта яго кірунак, і ён тут на сёньня галоўны.

Падрабязны фотарэпартаж з падзеі

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Фота: Tarantino


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net

Рэкляма: пабло . Кофемашины Jura IMPRESSA S-Линии.