.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Маленькі нірваніст” (KROK)
| 27.06.2006 |

Магчыма бы менавіта гэтак назваў свой раман знакаміты Антуан дэ Сэнт-Экзупэры. Магчыма… Калі б па чыёсьці волі А.дэ Сэнт-Экзупэры жыў зараз, не цураўся моднага “абдалбізму” Куэльё-Пялевіна-Вэрбэра й меў адэкватную цікаўнасьць да сучаснай беларускай музальтэрнатывы.
У нас жа ёсьць ажно тры прычыны назваць гэтак калі не раман, дык артыкул з рэцэнзіяй на першы выдадзены на “Вэстрэкардзе” пост-гранж-альбом гурта KROK. Прычына першая - мы не Экзупэры, другая – мы не “цураемся”, трэцяя – трымаем у рукох дыск “Крока”, які досыць ціха (неяк не “па-вэстаўску”) у самым пачатку лета пачэсна лёг на прылаўкі “навінак” менскіх дыскарняў (КROK. West Records, 2006).


KROKПэўна хтосьці зараз і злаўжывае кпінамі ў бок гэтак званых “маленькіх нірваністых”, а камусьці на’т абрыдла залішняя ўвага да пасьлядоўнікаў Сьв.Курта. Але ж, як бы тое ня было, а дэбютнік “KROK” стаў першым уцямным прадуктам нашых маладых гранжаўцаў (пра безумоўную ўцямнасьць “нашых старых” не згадаць не выпадае). Так, пры ўсім харастве й багацьці тутэйшых музычных калектываў “a-la Nirvana”, яны пакуль ня здолелі назапасіць уменьня й упартасьці, гэтак неабходных для запісу й выданьня свайго паўнавартнага CD. Больш за тое, у дадатку з пэўнай ступеньню майстэрства ў Рамана “Роміча” Сухоцкага й кампаніі атрымалася прэзэнтаваць досыць грунтоўную й роўную праграму.

Агулам гучыць альбом бруднавата (“гранж – музыка бруду!”). Хоць вялікія прыхільнікі й самаадданыя вытворцы беларускага гранжа з задавальненьнем сьпісваюць усе недахопы на канцэпцыю стыля. Але ж адчуваецца, што аўтарскі калектыў гэтага дыску добра зладжаны й абазнаны ў дынаміцы й аранжыроўках. Заўважаныя досыць цікавыя партыі бэк-вакала (нажаль вокладка пералікам прозьвішчаў памагатых не абцяжараная). Што да асноўнага сьпеву Сухоцкага, дык падаецца ён шмат у чым аднастайным. - Дзе гульні з тэмбарам, дзе адхіленьні ад стандартызаваных гранжавых расьпевак, дзе вакальны дыяпазон? А некаторыя партыі проста вымучаныя («Не атрымаецца», «Пан крок»).

З удалых песьняў – загалоўная “Навальніца”: пазнавальныя рыфы, неабцяжараны глыбінным сэнсам тэкст, што месцамі нават залішне просты. Гэта й лягічна, бо часьцяком пад уражаньнем ад першай песьні й прымаецца слухачом рашэньне, ці варта слухаць астатнія. “Торкае” прыгажосьцю кампазыцыя “Ortni”. Ну, а наш безумоўны асабісты фаварыт альбому – песьня “Мы на дне”.

Парады.
Альбом асабліва карысны для праслухоўваньня маладым расчараваным і схільным да гістэрык інтэлектуалкам, што не прапускаюць ніводнага канцэрта свайго сэкс-феціша Роміча.

Пры канцы абавязкова зазначым, што музыка, які запісвае зараз альбом у Беларусі ёсьць сапраўдны герой. Раман Сухоцкі й сам ведае, што “адным зь яго герояў ёсьць на што спадзявацца”. Мы таксама будзем спадзявацца, што неўзабаве KROK стане цалкам самастойным (у творчым, натуральна, пляне) гуртам. Спадзявацца на тое, што ў іх творчасьці будзе ўсё болей менавіта “Крока”, а не Nirvana, N.R.M. ці L7.

Two Зіноўская, Алег Кпінаў.


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net