.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



UR’IA. Kali-chakra
| 03.07.2006 |

З раньніх літаратурна-музычных крыніц, кшталту рэлігійных песнапеньняў з тэкстамі “Рыгведы” і “Самаведы”, дасьледчыкам вядома, што індыйская музыка, як непаўторны сусветны мастацкі скарб, стала вынікам сінтэзу музычных формаў розных рэгіёнаў Індыі і старажытных музычных помнікаў арыяў. Традыцыйная музыка гэтай краіны зьнітавана агульнымі законамі рагі (характэрнымі мэлядычнымі схемамі) і рытмовымі асаблівасьцямі талы… Такога кшталту высновы спецыялістаў сталі важнымі для музыкаў гурту “UR’IA” тым дапушчэньнем, што ў індыйскай музыцы і сёньня можна пачуць водгукі старажытных сьпеваў жыхароў легендарнай прарадзімы беларусаў (які многіх іншых народаў) -- Арыяварты.

Uria - Kali-chakraВідавочна, што вынікі гэтых дасьледваньняў натхнілі і далі падставу лідэру “UR’IA” Юрыю Выдронку спалучыць фальклёрныя мэлёдыі і рытмы беларусаў – нашчадкаў плямён “крыві” (крывічоў), “гуда”, “дровіда” (драўлян), з індыйскім мэлядызмам, у якім рэхам захаваліся адбіткі песнапеньняў часоў Арыяварты. Таму цяперашнюю творчасьць “UR’IA” трэба аднесьці да арыгінальных спробаў рэканструкцыі беларускай музычнай даўніны, рэцэпт якой пасьля доўгага часу экспэрымэнтаў зноў прапанавалі музыкі “UR’IA” на новым альбоме. Відавочна, таму аўтарства кампазыцыяў, як і некаторых тэкстаў паводле беларускага фальклёру, што запісаны на альбоме “Kali-chakra” (у адрозьненьне ад папярэдняй “Весначухі”) пазначана – Ю. Выдронак.

Што ж тычыцца знакамітай фішкі “UR’IA” – лямпава-гітарнага саўнда, які быў характэрным для рока 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя і які ўсімі сіламі спрабуе ўвесьці ў музыку “UR’IA” яе лідэр, то і цяпер акустычная эпоха Вудстоку шырока адлюстрована на гукавых дарожках новага дыска. У гэтым можна ўпэўніцца нават па першай кампазыцыі альбому “А ў лузі, лузі”. Распачынаецца яна невялікай рагай для сітара, якая разам з суправаджаючым гітарным рыфам паступова перарастае ў біг-бітавую кампазыцыю з шматгалоснай вакальнай паліфаніяй і гітарнымі сола ў духу гурта Chadors. Потым гэтыя экспэрымэнты знойдуць свой працяг ужо на самай гітовай кампазыцыі альбому “Folk’n’Roll”, ў якой знаёмая зь дзяцінства гульнёвая мэлёдыя “А мы проса сеялі, сеялі…”становіцца асновай для рытмічнай кампазыцыі, у якой рок-н-рольную лінію вядуць гітара Ю.Выдронка і сітар Ю.Задзірана.

А вось “Калядка” з новага альбому гэтага гурту нечым нагадала кампазыцыю “Zelen Dubochok” з папярэдняй кружэлкі “Весначуха”. Магчыма таму, што разьвіцьцё адбодвух кампазыцыяў адбываецца па больш складаных сюітных законах, а вакал Ю. Выдронка, як і ў названай песьні зь “Весначухі”, вядзе сапраўдны шаманскі рэй. Але такія параўнаньні з папярэднім альбомам на гэтым можна лічыць завершаным: гітарны industrial “Весначухі” саступае на “Kali-chakra” больш мяккаму world-music. Хаця рэха мінулых захапленьняў можна адчуць і ў некаторых месцах гэтага альбому.
Да канвы кампазыцыі альбому дадаткуецца яшчэ адзін цяперашні складнік лямпава-гітарнай “фішкі” “UR’IA” – гук аналягавага электрычнага аргана тыпу Hammond (праўда, сёньня ягоны супэр-тэмбр можа сынтэзаваць любы просьценькі Korg ці Kurzweil). Сапраўднае вяртаньне духу Hammond’а на дыску адбудзецца ў самай незвычайнай кампазыцыі дыска – “На Вялікадню”, якая дзякуючы аўтарству і сьпевам Юрыя Выдронка, акордам электрааргана ў сукупнасьці зь “цяжкімі” гітарамі набыла хард-блюзавыя рысы. Сапраўды, у гэтай стылізацыі вельмі акрэсьлена блюзавая схема кампазыцыі, дый голас саліста, нягледзячы на своеасаблівую гарлавую афарбоўку і фальклёрнае інтанаваньне, больш стасуецца з блюзам. Дакладней, з фолк-блюзам.

На дыску прадстаўлены варыянты кампазыцыяў, якія мы ведаем па ранейшай творчасьці гуртоў “Троіца” (“Курка-рябушка”, створаная, дарэчы, пад замову UNICEF) і “Палац” (“Русалкі”). Варыянты гэтых песень у выкананьні “UR’IA” больш шаманскія, у нечым мэдытатыўныя. У “Русалках” увагу слухачоў прывабіць сола Юрыя Выдронка на жалейцы ў суправаджэньні шматлікіх пэркусыйных інструмэнтаў Андруся Сіўца. Вакалісткі “UR’IA” ствараюць на запісу сапраўдны русалчын вэрхал – антытэзу словам народнай апавядальніцы, запіс голасу якой гучыць у пралогу да “Русалак”.

Ілона Конюхава і Натальля Матыліцкая сталі сапраўднымі лідэр-вакалісткамі на завяршаючай песні альбому - “Kali-chakra”. Гэта кампазыцыя, створана Выдронкам па матывах беларускага фальклёру, па ягонай задуме павінна завяршаць дыск, які сімвалізуе гадавое “кола часу” беларусаў. Мо таму знаёмы запеў: “Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп…” гучыць даволі аптымістычна, хоць ня вельмі спрыяльная для чалавецтва эпоха Калі-чакры, што панавала апошнія 120 год, паводле астранамічных вылічэньняў старажытных індыйскіх астролагаў скончылася 28 траўня 2000 года. А новая эпоха - Сац’я-чакра не надыйшла…

Цікавым дадаткам да музычных трэкаў зьяўляецца відэазапісы канцэртаў гурту “UR’IA” ў Польшчы і Чэхіі (фолк-фэст “Colors of Ostrava”). На іх зафіксавана шмат з таго, што так прываблівае эўрапейцаў да беларускага гурту: высокі прафэсыяналізм выканаўцаў, арыгінальнасьць музычнай ідэі і гучаньня “UR’IA”, чароўны артыстызм і вакальныя дадзеныя беларускіх дзяўчат, прыгажосьць і арыгінальнасьць іх строяў…

Вялікі плюс згаданага дыска “UR’IA” – выкарыстаньне на вокладцы альбому “Kali-chakra” містычных жывапісных твораў знанага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Бачна, што музыканты разумеюць, што і гэтая акалічнасьць працуе на гурт, як зьяву эўрапейскага кшталту.

UR’IA. Kali-chakra. БМА-груп, 2006

Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2009
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net