.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Рэкорды і антырэкорды сэзону на "Тузіне Гітоў"
| 04.07.2006 |

У 20-ці турах 3-га сэзону “Тузін Гітоў” прынялі ўдзел 68 сьпеваў, за якія былі аддадзеныя 67 174 галасы. Сэзон распачаўся 9 верасьня і будзе завершаны вялікім выніковым турам у ліпені. На вышэйшую прыступку гіт-параду ўздымаліся 11 розных песень розных выканаўцаў. А ў тройцы лепшых у розных турах адзначыліся 19 кампазыцыяў. Статыстычныя назіраньні трэцяга сэзону гіт-параду ад галоўнага матэматыка ТГ - RWD - вашай увазе.

лёга ТГ са спэцэфэктаміСамай пасьпяховай песьняй сэзону бясспрэчна можна лічыць твор гурта N.R.M. “Усё роўна мы пераможам”, якая ў апошнім туры сэзону пятай сваёй перамогай паўтарыла дасягненьне “Белакрылага анёла” ад Zet. Варта аднак адзначыць, што “Белакрылы анёл” у адрозьненьні ад “Усё роўна мы пераможам” атрымаў усе свае пяць перамогаў – запар. Пры гэтым за 7 тураў знаходжаньня ў гіт-парадзе песьня “Ўсё роўна мы пераможам” не апускалася ніжэй за другое месца.

З 11 пераможцаў дзесяць атрымлівалі перамогі ў першым жа туры зьяўленьня ў гіт-парадзе. І толькі песьня гурта “Айша” “Зь вераю” спачатку заняла другое месца, а ўжо ў наступным абыйшла ўсіх канкурэнтаў.

Тытул самай непапулярнай песьні сэзону атрымала песьня “Грэх” Натальлі Тамэлы, у першым туры сэзону яна атрымала толькі 84 галасы. А за ўсе туры сэзону толькі чатыры разы песьні ня здолелі набраць 100 галасоў.

Найлепшым жа паказчыкам сэзону (ды і наогул гіт-параду) валодае ўсё тая ж “Усё роўна мы пераможам”: 908 галасоў у 49 туры. А лепшы вынік для дэбютанта быў усталяваны ёй жа у папярэднім туры і цяпер роўны 850 галасам.

З 20 тураў сэзону ў 18 прысутнічала песьня “Брудная вада” гурта Tav.Mauzer, за гэты час яна здолела атрымаць тры перамогі і яшчэ па разе была другой і трэцяй. Наогул жа тыя 18 тураў зьяўляюцца рэкордам за ўсю гісторыю гіт-параду па часе знаходжаньня ў ім.

А вось на другой прыступцы часьцей за іншых аказвалася песьня “Сьвятло ў цемры” ад IQ48 ажно пяць разоў (прычым, усе запар!). Але ж у 41 туры гурт здабыў адну перамогу, пасьля чаго і адбылася сэрыя ў пяць другіх месцаў. Яшчэ чатыры другіх месца сабрала песьня “Беларусь будзе вольнай” у выкананьні Tav.Mauzer і Сьветы Сугака (прычым, у іх таксама толькі адна перамога).

А вось зь песьняў, якія ні разу не перамагалі самым тытуляванай (ці няўдачлівай?) можна лічыць песьню “Фабрыка сноў” гурта “UltraВожык”, якая тройчы была трэцяй і адзін раз узьнялася на другую прыступку. Тая ж калекцыя з трох трэціх месцаў і ў песьні “Сьвята ў вёсцы” Зьмітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra, але іншых месцаў у тройцы ў іх не было.

З 68 песень, якія пачыналі сваю барацьбу ў гіт-парадзе 21 (амаль траціна!) сканчвалі свой удзел у першым жа туры.

У сярэднім за тур наведнікі галасавалі 3359 разоў, а кожная песьня атрымала ў сярэднім 988 галасоў (што аднак не адлюстроўвае сапраўдную сярэднюю колькасьць, бо ўсе песьні трымаліся ў гіт-парадзе розную колькасьць тураў). Абсалютна лепшы вынік быў у 52 туры, калі за тур было пададзена 4827 галасоў, што зьяўляецца абсалютным рэкордам сярод усіх тураў. І ў 2,3 разы перавышае колькасьць галасоў у першым туры, які быў горшым у сэзоне па гэтым паказьніке.

Таксама рэкорды ўсталёўвалі і песьні, якія пакідалі гіт-парад. Так, напрыклад, песьня “Час прыйшоў” гурты “De Shifer” набрала 297 галасоў у 52 туры, але заняла толькі 12 месца. А ў апошнім туры песьня “Сьвятло ў цемры” набрала 319 галасоў, чаго ўпершыню не хапіла, каб застацца ў гіт-парадзе.

На завяршэньне публікуем дзьве табліцы. Тузін лепшых дэбютантаў:

1. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 850 галасоў (48 тур)
2. Neuro Dubel. Край 759 (52)
3. Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі. Аўтабіяграфія 651 (53)
4. Tav.Mauzer feat. Сьвета Сугака. Беларусь будзе вольнай! 603 (47)
5. Аляксандра і Канстанцін. Ду-ду да-да 533 (22)
6. Вольскі Лявон. Калі ідуць на абардаж (Павешаным 1863) 511 (10)
7. Апотом. Песьня сапраўднага каўбоя 509 (9)
8. IQ48. Сьвятло ў цемры 495 (41)
9. Кася Камоцкая. Шостае падарожжа 481 (42)
10. Partyzone + Руся. Маё сэрца 460 (33)
11. Нагуаль. Калхідара 444 (45)
12. Indiga + Варашкевіч. Заенька 443 (49)

І тузін самых лепшых песень:

1. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 908 галасоў (49 тур)
2. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 850 (48)
3. Neuro Dubel. Край 759 (52)
4. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 758 (52)
5. WZ-Orkiestra. Я ішоў да цябе 661 (11)
6. Neuro Dubel. Жыцьцё 661 (23)
7. Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі. Аўтабіяграфія 651 (53)
8. Аляксандра і Канстанцін. Ду-ду да-да 625 (23)
9. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 624 (53)
10. Neuro Dubel. Край 623 (53)
11. Tav.Mauzer feat. Сьвета Сугака. Беларусь будзе вольнай! 603 (47)
12. N.R.M. Усё роўна мы пераможам! 594 (50)

У чацьвертым сэзоне будзем чакаць новых рэкордаў і дасягненьняў!

RWD, “Тузін Гітоў”


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net