.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



"Стракаты Тузін" ад Зьмітра Падбярэзскага
| 05.07.2006 |

Слушны музычны партал “Тузін Гітоў” падводзіць вынікі сэзону 2006. Па традыцыі, арганізоўваецца вялікі ВЫНІКОВЫ ТУР, у якім возьмуць удзел тыя песьні, што ўдзельнічалі ў гіт-парадзе цягам музычнага году і якія будуць абраныя экспэртнай радай “Тузіна Гітоў”. Але ж галоўнае адрозьненьне сёлетняга выніковага туру ад мінулагодняга будзе ў тым, што наведнікі будуць галасаваць не ЗА свае ўлюбёныя песьні, а СУПРАЦЬ тых, якія ім найменш падабаюцца. Кожны экспэрт абірае свой тузін песьняў, зь ліку ўдзелькаў сэзону. Гэтыя песьні разам зь “недатыкальнымі” (песьнямі-пераможцамі тураў) і складуць вялікі канчатковы гіт-парад. Выбар галоўных беларускіх гітоў ад журналіста, супрацоўніка "Радыё Свабода" Зьмітра Падбярэзскага.

Зьміцер ПадбярэзскіЗыходзячы з жаданьня, каб дыск прадстаўляў як мага больш шырокую палітру новых песень апошняга сэзону, адабраў 12 наступных:

1. "Divina Enema" - "Празь цемру...".
Я не вялікі аматар падобнай музыкі, але тут, як мне падалося, маецца прадуманая форма твору, адпаведная, без залішняй экзальтацыі, аранжаваньне, песьня добра ўвасоблена і годна запісана. Адпаведнасьць формы й зьместу, чаго так дабіваліся клясыкі мастацтва мінулага.

2. "Indiga" і Варашкевіч - "Заенька".
Чыстая, кранальная калядка пра бамжаватага зьвярка зайграла суцэльна новымі, сьвежымі фарбамі ад нечаканага й несамавітага спалучэньня беларускай музычнай традыцыі з традыцыяй блюзавай. Думаю, такім калядоўшчыкам, як Руся й Ігар, людзі аддадуць апошняе.

3. "IQ48" - "Сьвятло ў цемры".
Не адчуваю (амаль) у гэтай песьні нейкай агітацыйнасьці кшталту ўлётак “За” ці “Супраць”. Мне ўсё ж здаецца, што музыкі сьвядома абралі гэткі шлях, каб заявіць пра сваю творча-грамадзянскую пазыцыю спакойна, без залішняй патэтыкі. Гэта — іх “Выйсьце”.

4. "Iris7" - "Цішэй".
Пяшчотная, крохкая песьня, чысьценька выкананая. Слухаючы яе, нельга нават паварушыцца, каб незнарок нешта не зламаць, каб ня развалілася гэтая тонкая атмасфэра прыгажосьці і нейкага нават наіву. Варта калектыву закусіць зубы й упарта працаваць, бо з усяго гэтага мусіць быць плён.

5. "Tav.Mauzer" - "Брудная вада".
Ёсьць у гэтай песьні нейкая сьцятая спружына, на якой зьнітаваліся й энэргетыка, нейкі адчай на мяжы з крыкам, здаровая творчая злосьць і імкненьне даказаць усяму сьвету, што мы, маўляў, можам прымусіць нас слухаць, прабіць словамі і музыкай абалонку абыякавасьці. Думаю, гэта атрымалася.

6. "UltraВожык" - "Фабрыка сноў".
Проста прыгожая, пісьменна зробленая песьня, нягледзячы нават на абвінавачваньні ў перайманьні. Сутнасьць ня ў гэтым: цяжка сёньня знайсьці музыканта, які б ня рос на тым, што зроблена папярэднікамі. Копія не заўсёды ёсьць рэпрадукцыя. Перайманьне часта дае арыгінальны прадукт. І ў “Вожыка” сёньня ёсьць чаму павучыцца. Бо ціха і чыста сыграць складаней, чым гучна і брудна.

7. "Ur'ia" - "На Вялікадню".
Юра Выдронак у сваіх экперымэнтах і пошуках заўсёды апярэджваў ня толькі свой час, але й рэцэнзыі крытыкаў. Разуменьне таго, што ён робіць, настае часам праз гады пасьля таго, як зьяўляецца ягоная новая музыка. Гэтак будзе і з гэтай песьняй. Мы яе “дагонім” праз колькі часу, зразумеем, наколькі гэта дзёрзка, сьмела і творча зроблена.

8. "АіК" - "А дзе была вуціца".
Думаю, з боку аранжаваньня й увасабленьня гэта проста адна з найбольш удалых песень з рэпэртуару дуэта.

9. "Айша" - "Зь вераю".
Такое ўражаньне, што “Айшы” праз увесь час не стае нейкай дробязі, каб загучаць на поўны голас. Безумоўна таленавітая група з салісткай, якая валодае моцным, сапраўды рокавым голасам. Плюс неблагая мэлёдыка, упэўненасьць у сваіх сілах музыкаў. Жыць бы ім у Менску — даробак быў бы куды больш значны.

10. Вайцюшкевіч - "Сьвята ў вёсцы"
(хоць узяў бы якую іншую, але не "Дарогу").
Аддаю належнае Зьмітру Вайцюшкевічу, які годна, не зважаючы ні на што крочыць уласным творчым шляхам, што не перасякаецца ні зь якім іншым. А ў выніку мы маем сапраўднага артыста, творчасьць якога выводзіць беларускую музыку на зайздросны ўзровень.

11. Несьцярэнка - "Знаю столькі пяшчотаў".
Здавалася б, і няма ў гэтым белым (беларускім) блюзе нічога асаблівага. А вы паспрабуйце жыць у райцэнтры, дзе нават ніколі Дажынак не было, пісаць і запісваць блюзы. Не, вы не ўявіце на хвілінку, а паспрабуйце, як гэта жыць у правінцыі і заставацца сапраўдным музыкантам.

12. "Палац" - "Праваджала маці сына".
Прайшлі, здаецца, канчаткова часы, калі “Палац” мроіў пра гіты й перамогі ў дзесятках, тузінах і дваццатках. Сёньня група працуе так, як ёй падабаецца, хоць “Палацу” варта было б мець на ўвазе, каб традыцыя не перайшла неўпрыкмет у традыцыйнасьць.

Цікава, а што будзе, калі калегі разам назавуць штук гэтак пад 60 розных песень? :)


Зьміцер Падбярэзскі


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net