|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
ZET “RADZIMA.COM” | 10.07.2006 | Калі я сказаў прыяцелю, што зьявіўся новы альбом гурту Zet, ён ня даў веры: “Балёне, ці ня пяць гадоў таму ты мне казаў тое ж самае... ” Сябра трохі памыліўся гаворка адбывалася гады чатыры назад, калі БТ (былі ж часы!) анансавала хуткае зьяўленьне альбому музыкаў у масках. Але час ляцеў і альбом ніяк не зьяўляўся, ператвараючыся ў гэткі гарадзкі міт, сагу гарадзкога беларуса-мэлямана, што палюе на айчынныя музычныя навінкі. І вось дачакаліся. Вострасацыяльная лірыка і ніводнага разу нефарматная музыка на кружэлцы, выдадзенай на родненькім гомельскім лэйбле “Go records” – тым самым лэйбле, які выдваў першы альбом “радзіміцкага Эмінема” Сярогі. Неспасьціжныя шляхі гуказапісу!Што ж урэшце канкрэтна маем на дыску з web-назваю “Radzima.com”? А маем ажно 17 трэкаў, шэраг якіх (“1, 2, 3”, “Сьветлы шлях”, “The best” (ранейшая назва “Краіна дурняў”) , “Анёл”) ужо вядомы па сякіх-такіх ранейшых рэлізах. Хоць збольшага музыкі стараюцца ня рэзаць слухача скальпэлем, а прыхоўваюць свой настрой за дурасьлівымі крыўляньнямі, усе песьні прасякнуты болем і тугой за лёс Айчыны. Кпіны жорсткія, гумар цяжкі, пэрсанажы пазнавальныя. У вар’яцкім карагодзе круцяцца вэтэран кожнае крывавае вайны і калгасны старшыня, сьвіньні, што садзяць апэльсыны, і хор рэдкасных казлоў, зьвіхнутыя аматары БТ і лёзунгу “Back in USSR”... Zet бэсьціць спажывецкія ідэалы, якімі значная частка нашага грамадзтва падмяніла патрэбу ў свабодзе і выяўленьні нацыянальнай годнасьці (“Аб’явы”, “Мужчына”). Музыкі бязьлітасныя, як да штатных ідэолягаў (“Крумкачы”, “The best”), гэтак і да штатных апазыцыянэраў (“Джала”, “Анёл”). Zet не праракуе (хіба толькі ў песьні “Заўтра” пра такое блізкае жыцьцё, што расьцьвіце папараць-кветкаю). Zet канстатуе, абмалёўвае і даводзіць абмаляванае да абсурду. А яшчэ Zet спадзяецца. Спадзяецца на прыйсьцё белакрылага анёлу, што вызваліць нас ад уласнаручна створанага палону, ад нашай унутранай зьмяі, каб нарэшце стомленая Айчына падарыла нам ласкавую ўсьмешку. Найлепшыя песьні альбому (суб’ектыўна): “Твая Айчына”, “Зьмяя ўнутры цябе”, “Анёл”. Сяргей Балахонаў, Гомель. Для "Тузіна Гітоў" угару - up |
|
|